СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК
=========================
Чарговае вясновае абвастрэньне інтэграцыйных сімптомаў адзначалася магутным патокам артыкулаў у расейскай прэсе. Аўтары публікацыяў адрозьніваюцца у сваім стаўленьні да Ельцына і Чубайса, да дэмакратыі, фашызму ды камунзіму, але ёсьць нешта і агульнае. І чым болей чытаеш расейскую прэсу — тым лепей разумееш, што гэтае «агульнае» для нас, беларусаў, палягае ў самым галоўным і прынцыповым.
«ЭРЗАЦУ НЯ ТРЭБА»
Кожны другі аўтар імкнецца перакагнаць сваіх чытачоў, што на Беларусі няма колькі-небудзь уплывовых праціўнікаў інтэграцыі з Расеяй.
«У адрозьненьне ад Украіны, дзе вядомыя даволі магутныя антырасейскія сілы,... на Беларусі нічога падобнага не існавала...Большасьць беларусаў заўсёды бачылі ў Расеі ня толькі брацкі народ, але і свайго абаронцу, і цягнуліся да яе» («Российская газета», 14 мая 1997).
Усе як адзін аўтары (мы прааналізавалі дзесяткі публікацыяў) перакананыя ў мэтазгоднасьці абьяднаньня — не цяпер, дык у перспектыве.
І тут — няма выключэньняў. Нават такі публіцыст, як Ота Лацыс (не толькі аглядальнік «Известий», але і сябра Прэзідэнцкага Савета), які вядомы сваім непрыняцьцем дыктатарскіх метадаў Лукашэнкі, — нават ён не ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць «абьяднаньня». У сваім артыкуле «Міражы геапалітыкі», зьмешчаным у «Известиях» 12 красавіка г.г., Лацыс падверг зьнішчальнай крытыцы праект саюзнага статуту і падтрымку Крамля «таталітарна-дыктатарскага рэжыму» Лукашэнкі. Аднак сама ідэя ў яго не выклікае пярэчаньняў: «гэта безумоўна карысна». «Беларусь — не іншароднае цела для Расеі, і выйгрыш ад зьліцьця відавочны: выйгрыш для эканомікі, абароны, культуры, а больш за ўсё — для штодзённага жыцьця звычайных грамадзянаў. Не павінна гэта нас пужаць, але толькі пры адной умове: калі абсалютна дабравольна і сьвядома пойдзе на гэта народ Беларусі...У праекце статута павінна быць чэсна сказана, што ў адзінай дзяржаве Беларусь можа быць рэальна вызначана толькі як субьект альбо некалькі субьектаў (па ліку вобласьцяў) Расейскай Федэрацыі».
«Эрзацу не трэба. Патрэбны саюз сапраўдны» — падсумоўвае Ота Лацыс.
А вось, да прыкладу, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Уладзімер Лысенка, які ніколі не забываў падкрэсьліваць уласную прыхільнасьць да дэмакратыі ды агульначалавечых каштоўнасьцяў. «Гісторыя дае нам шанец» — сцьвярджае ён у артыкуле, надрукаваным 15 красавіка гэтага году газэтай «Труд».