Лысенка не абцяжарвае сябе пабудовай сафічных канструкцыяў кшталту «мы уважаем суверенное право братского народа», каб прыхаваць сапраўдныя мэты «інтэграцыі». Відавочна, яго не задавальняе не толькі садружнасьць, але — і канфедэрацыя. «Канфедэрацыя як форма саюза дзяржаваў, якія захоўвае суверэнітэт практычна ў поўным аб ёме, параўнаўча рэдка сустракалася ў гісторыі» —нагадвае Лысенка. Пасьля юрыдычнага аналізу падпісанага Ельцыным і Лукашэнкам пагадненьня ён робіць выснову, што «Саюз на сёняшні дзень як прававая зьява абьядноўвае ў сабе элементы канфедэрацыі і садружнасьці і некаторыя элементы федэратыўнай дзяржавы». Да элементаў федэрацыі аўтарам аднесеныя магчымасьць стварэньня ў межах Саюза выканаўчай вертыкалі і існаваньне агульнага, саюзнага грамадзянства, нягледзячы на захаваньне асобнага грамадзянства на Беларусі і ў Расеі.
Але ў падпісаных дакументах Лысенка справядліва бачыць патэнцыял стварэньня агульнай дзяржавы. «Ствараюцца ўмовы для пераўтварэньня Парламенцкага Сходуў прадстаўнічы заканадаўчы ворган Саюза, які будзе выбірацца непасрэдна грамадзянамі Саюза. Дзяржавы-удзельніцы створаць Суд саюза. Для вырашэньня прынцыповых пытаньняў далейшага разьвіцьця Саюза могуць адбывацца рэферэндумы у парадку і ў адпаведнасьці з заканадаўствам дзяржаваў-удзельніц. Такім чынам, размова ідзе ў перспектыве пра стварэньне адзінай дзяржавы».
Лысенка — не з плеяды пустых балбатуноў, гэта — чалавек справы.
«У цяперашні час мной ў Дзяржаўнай Думе падрыхтаваны федэральны канстытуцыйны законапраект „Аб парадку прыняцьця ў расейскую Федэрацыю і ўтварэньня ў яе складзе новага субьекту Фэдэрацыі“, — паведамляе дэпутат. — Гэты дакумент прадугледжвае ў адпаведнасьці з канстытуцыяй РФ (арт.65) парадак прыняцьця ў Расейскую федэрацыю новай дзяржавы на падставе міжнароднай дамовы паміж Расейскай Федэрацыяй і дзяржавай — субьектам міжнароднага права. Працэдуры прыняцьця могуць папярэднічаць рэферэндумы ў абодвух дзяржавах. Пры гэтым у дачыненьні да Беларусі, на мой погляд, варыянты могуць быць такія.
Першы: Беларусь уваходзіць у склад Расейскай Федэрацыі як раўнапраўны субьект.
Другі: Беларусь уваходзіць у склад Расейскай федэрацыі як асацыяваны сябра, з асаблівым статусам, больш высокім, чым маюць іншыя субьекты федэрацыі(асімітрычная федэрацыя).
Трэці: Беларусь і Расея ўтваораюць „раўнасубьектную федэрацыю“. Гэта значыць — прынцыпова новую саюзную дзяржаву з двума субьектамі. Пры гэтым Расея адначасна застаецца гэтаксама федэратыўнай дзяржавай („прынцып матрёшкі“, які палягаў ў падставе ўтварэньня СССР)».
ІХ «АСНОЎНЫ КАЛІДОР»
З усіх аргумантаў на карысьць «інтэграцыі» найбольшую цікавасьць, як нам падаецца, уяўляюць аргуманты менавіта эканамічныя. Іх каштоўнасьць у тым, што яны цалкам абвяргаюць той самы стэрэатып, які спачатку Кебіч, а потым Лукашэнка ўбівае у галовы наіўных беларусаў. А менавіта: што без Расеі Беларусь прападзе. Мяркуйце самі.
«Беларусь у шэрагу галінаў мела лідарства і была донарам для шмат якіх іншых рэспублік, даючы штогод у агульны бюджэт суму, эквівалентную 3 мільярдаў даляраў».
А вось меркаваньне губернатара Смаленскай вобласьці, па сумяшчальніцтву — намесьніка старшыні парламенцкага сходу супольнасьці Анатоля Глушанкова: «Да гэтага часу ў Расеі 80 адсоткаў трактарнага парку — трактары, выпушчаныя менскім трактарным заводам. Па транспартным калідоры праз Беларусь праходзіць 70 адсоткаў усяго расейскага экспарту-імпарту». І далей: «Стварэньне мытнага саюзу з Беларусьсю ў выніку скаардынаваных дзеяньняў мытнікаў за дастаўкай тавараў ужо прынесла Расеі даход каля 1,5 мільярда даляраў ЗША». На жаль, губернатар не падлічыў ці не пажадаў падлічыць, каолькі пры гэтым губляе Беларусь. Нарэшце, спадар Глушанкоў сьцьвярджае: «Са стварэньнем Саюза адпадаюць страты на абарудваньне 1239 кіламетраў мяжы. А на кожны кіламетр трэба не менш як 3-4 мільярды рублёў!». («Российская газета», 7 мая 1997).
Навогул, у эканамічна адсталай, жабрацкай Расеі цяжкі эканамічны стан часьцей успрымаецца не як перашкода заможнаму жыцьцю грамадзянаў, а як прыкрая сьцяна на шляху ваенна-імперскіх амбіцыяў. Ім увесь час здаецца, што нехта зьбіраецца іх атакаваць, заваёўваць і гэтак далей.
Аляксей Ківа: «Калі абарончая лінія будзе перанесеная з межаў Беларусі на 700 кілометраў на Усход, у раён Смаленска, то мы сваю краіну ўжо не абаронім, нават маючы першакласную паветраную абарону» .
У выпадку, калі б пагадненьне аб саюзе сарвалася, ды яшчэ і Лукашэнка быў бы адпраўлены ў адстаўку — Расею, перакананы Аляксей Ківа, чакае сапраўды апакаліптычная будучыня. А менавіта: на Беларусі «ліквідуецца уся магутнейшая ваенная інфраструктура, якая была створаная за савецкія часы і на народныя грошы, альбо — перадаецца непасрэдна ў рукі НАТА. Мы апынаемся не проста ў дурннях, а ў драматычным становішчы. Трэба ствараць новую ваенную, найперш супрацьпаветраную інфраструктуру, а грошай як не было, так і няма».