Нарэшце, Аляксей Ківа: «Сітуацыя ўскладняецца тым, што на баку беларускіх непрымірымых, якія ўсё болей і болей цягнуцца да экстрэмізму, стаяць антырасейскія сілы з іншых сумседніх краінаў. Так, 25 красавіка на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі у Кіеве лідараў Беларускага Народнага фронта на чале з Зянонам Пазьняком і Руха на чале з Вячаславам Чарнавілам было заяўлена пра дапамогу Руха беларускім народафронтаўцам. Пры гэтым Пазьняк заявіў, што ягоны фронт рыхтуецца „да рэвалюцыйнага перавароту з мэтай зьвяржэньня рэжыму Лукашэнкі“ (пакінем дакладнасьць цытаваньня на сумленьні Ківы. — С.Н.). А тое, зь якім націскам і размахам здольныя працаваць украінскія нацыяналісты, добра вядома. Значыць, гаворка ідзе пра падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту. Пра адхіленьне прэзідэнта, якому вялізная большасьць беларусаў аказала зусім нядаўна давер».
Уладзімер Лысенка: «Калі доўга цягнуць з канфедэратыўным саюзам, дык ён, як і Садружнасьць незалежных дзяржаваў, можа пераўтварыцца у „паміраючага лебедзя“, якога ўсе шкадуюць, але ніхто не жадае дапамагчы яму дастойна жыць (не гаворачы ўжо пра працьвітаньне)».
Танальнасьць гэтых перадасьцярогаў — ад агрэсіўна-панічных да сінтэментальных — паказвае, што самі «інтэгратары» падсьвядома прадчуваюць: хаду гісторыі ня спыніш. І зусім не «прыхільнікі саюза» будуць вызначаць лёс Беларусі.