— Вось я і думаю, якія… — прамовіў доктар. — Наўрад псалтыры. Марцін Радзівіл дужа паверыў у метэмпсіхоз… Перасяленне душаў. Увесь час сцвярджаў, што быў у мінулым жыцці птушкай, бо мае доўгі нос. А ў наступным жыцці спадзяваўся быць сланом. Што не перашкаджала яму ў гэтым быць апошняй свіннёй. А ў настаўніка кнігі меліся рэдкія, нават з Кітаю, з Індыі. Эх, трэба Саламею спытаць… А калі яна зараз у сутарэннях слуцкага замку…
Лёднік аж зубамі скрыгатнуў.
— Нічога! — Пранціш выхапіў ліст з рук слугі. — Знойдзем Аляксандра Сапегу, папросім дапамогі!
Лекар спахмурнеў.
— Сапега супраць Радзівіла, ды яшчэ ў ягонай вотчыне, нават з рашэннем Трыбуналу і трыма сотнямі жаўнераў — бяссілы. Добра, калі Геранім Шалёны не наважыцца яго гвалтам са сваёй зямлі вытурыць. І заступніцтва магнатаў — справа ненадзейная. Ён табе келіх падасць, і тут жа тым келіхам зубы выб’е. Пляменнік Гераніма Пане Каханку так жартаваць любіць. Магнаты… — Лёднік уздыхнуў і адмахнуўся ад худога восеньскага камара, што так і цэліў да ягонага доўгага носу. — Няма чаго беднаму чалавеку ў іхнія гулі ўвязвацца. Мой знаёмы па Празе, доктар Бахстром, да Гераніма Радзівіла быў уладкаваўся… Золатам думаў засыпацца. А пан у кожнай лыжцы атруту падазраваў, гэтак жа, як у кожным позірку жонкі сваёй, Тэрэзы, здраду. Кабету пад замок пасадзіў, сачыў за кожным крокам… А яна ж не абы-хто — дачка падскарбія надворнага! Вось Бахстром і пашкадаваў прыгажуньку. Дапамог ёй збегчы… Паненка ўцякла, бацька за яе заступіўся, развод зладзіў. А Бахстром апынуўся кульгавым лісянём, якога пакінулі ў перадушаным куратніку. Збягаў ад радзівілаўскай хеўры на злом галавы, папрасіў прытулку ў Аскеркаў у Шацку… Дык Радзівілы туды цэлае войска прыгналі! І што, думаеш, сваякі пані Тэрэзы доктару дапамаглі? Хто ён такі? Пыл на шляхецкіх ботах. Вось табе і служэнне чароўнай даме.
Лёднік злосна насунуў глыбей на галаву зняты з жаўнера капялюш, прыкрыўшы шнар ад шаблі суддзі.
— Але ж ты сам пайшоў на службу да Марціна Радзівіла, дзе бяды спазнаў! — папікнуў Пранціш. — Чым ты тады думаў?
— Чым думае апантаны чалавек? — цяжка ўздыхнуў Лёднік. — Я недалёка тады ад вар’ята Марціна адыйшоўся. Уяўляеш, калі брат ягоны замак штурмаваў, Марцін натхнёна граў на скрыпцы! Праўда, я гэтага не чуў, бо ў сутарэнні гукі не даходзілі. Але і я, калі судовыя выканаўцы дзверы ў мой дом ламалі, з адной колбы ў другую вадкасць пераліваў і кроплі лічыў, як акорды найлепшай музыкі.
Былы алхімік пакаяльна ўздыхнуў.
— Цяпер бы не музыку слухаць, а паесці… — прабурчэў Пранціш, азіраючыся па баках. Урэшце, у ліцвінскім лесе тутэйшы чалавек з голаду памерці не можа: хоць грыб які ўхопіць… А вунь, здаецца, лісічкі наіўна-нахабна так жаўцеюць, знак падаюць — з’еш нас, бедны шкаляр!
— Тсс… На зямлю… — трывожна шапнуў Лёднік і, ухапіўшы гаспадара цвёрдай рукою за каршэнь, паваліў тварам у цвілае лісце, відаць, канчаткова забыўшыся на сваю крыўду і дэкляраванне памятаць сваё рабскае месца. На дарозе чуўся стукат капытоў. Пранціш ляжаў, сціскаючы дзяржальна шаблі, і страху не было. Дзесяць вершнікаў, Юдыцкага не відаць… Ды яны з Лёднікам, калі што, удвух пасякуць гэтых выжлаў, як лапушыны!
Вершнікі праехалі, стала ціха, толькі камары дзумкалі.
— Рушым! — Лёднік штурхануў гаспадара. — І шаблю больш не выхоплівай без прычыны… Ваяка… Госпадзе Божа мой, усё ў мяне не па-людску, нібы жыццё маё выдумаў паэт з багатай, але бяздарнай фантазіяй! Адну панну вызваляць, ад другой ліст перадаваць…
Сонца вырашыла, што на сённяшні дзень выдаткавала ўсё сваё жабрацкае золата, і з палёгкай схавалася за бліжэйшую хмару. Тая незадаволена сыпанула дажджом.
— Подзьвіг у імя чароўнай дамы — гэта не бяздарная фантазія! — аптымістычна азваўся Пранціш, уявіўшы гожыя вачаняты панны Багінскай, а ягоны слуга толькі ўздыхнуў. Да Слуцку заставалася тры дні шляху, не кароценькага і не лёгенькага.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
ЯК ПРАНЦІШ І ЯГОНЫ СЛУГА НЕМЦАМІ СТАЛІ
Леанарда да Вінчы ў сваім «Бестыярыі» напісаў, што совы помсцяць тым, хто над імі насміхаецца — выдзёўбваюць вочы. Леанарда лічыў, што вачастыя птушкі толькі гэтай ежаю і могуць пракарміцца.