Праўда, сава, якую Пранціш пабачыў учора вечарам, дакладна харчавалася не чалавечымі вачыма, а мышамі. Падгледзеў трошкі ейнага палявання… Вось і яны з Лёднікам зараз, як мышы. Таго й глядзі, кіпцюры ў бакі нехта запусціць. Хаця лес для ліцвіна — гэта ж ратунак, не так, як для іншых, што атаясамлялі яго з першабытным хаосам, ці з лабірынтам, у якім жыве Мінатаўр… Дастаткова, праўда, і тутэйшага медзвядзя, каб да Абрама на піва выправіцца. Але пакуль нічога буйней за саву шкаляр ды доктар не сустрэлі. Не знайшлі і святое дрэва Перыдэксіён, пладамі якога харчуюцца галубы, а змеі нават ад ценю ягонага ўцякаюць. Не расло тут і дрэва Ігдрасіль, па якім памерлыя душы сыходзяць на той свет… Наверсе дрэва Ігдрасіль жыве арол, пад карэннямі — цмок, а па ствале бегае туды-сюды вавёрка Рататоск, увасабляючы свет мітуслівы чалавечы. Гэта ўсё Лёднік па дарозе засмечваў Пранцысеву кучаравую галаву непатрэбнымі цытатамі, відаць, вырашыўшы, што свяшчэнны ягоны доўг — давучыць свайго гаспадара замест езуітаў. Ха! Тыя абламаліся, і сыну полацкага гарбара нічога не свяціла на неўрадлівай ніве Пранцысевай адукаванасці. Затое свойскі лясун за апошні дзень не аднойчы падкідваў падарожнікам пад ногі паваленую елку альбо паліваў нечаканым, як прыступ кашлю ў старэчы, дажджом. Так, на грыбах ды арэхах жыць сумна, маючы ў кішэні залатыя дукаты…
Лёднік дыбаў побач, мармычучы даўжэзныя фразы з «Досведаў» філосафа-французіка Мантэня, да якога Пранцысю не было ніякай справы, як і да дурной скандынаўскай вавёркі Рататоск. Раптам доктар схапіў Вырвіча за плячук і спыніўся. Пранціш прыслухаўся… У іхні бок нехта пёрся, ломячы кустоўе і енчачы. Лёднік адцягнуў Пранцыся пад разлапістую елку, хаця Вырвічу так і рупіла ірвануцца наперад і выпрабаваць шаблю на невядомай небяспецы. Але ўспамін пра адно ўчорашняе даставанне шаблі з похваў быў такі непрыемны, што Вырвіч вырашыў перачакаць, як раіў Лёднік. А той, аднак, дастаў з-за пояса пісталет. Пранціш не стаў агучваць, што Вырвіч-старэйшы, як і многія шанавальнікі сармацкіх звычаяў, лічыў ужыванне пісталетаў адзнакай заняпаду шляхецкага баявога мастацтва, хаця пагаджаўся, што шляхціц павінен умець з пісталету патрапіць вавёрцы ў вока. Урэшце, Лёднік — не шляхціц, а мяшчук, вось няхай і страляе.
— Прасвятая Багародзіца, ратуй!
З боку дарогі бегла двое мужыкоў у звычайных упэцканых світах і магерках, відаць па ўсім, дужа пераляканыя. Адзін на бягу спрабаваў маліцца, другі выкрыкваў, быццам заікаўся:
— Цмок! Цмок! Цмок!
І наўрад гэткім чынам ён намякаў на пацалункі. Што ж, простыя людзі, вядома, і саву палічаць нячыстай сілай. Калі небаракі, спатыкаючыся на вільготных карэннях, абдзіраючыся аб голле, адбегліся дастаткова далёка, Лёднік і Вырвіч з належнай асцярожнасцю рушылі далей: тое, што напалохала мужыкоў, павінна было знаходзіцца на дарозе трохі наперадзе.
Напачатку яны пачулі нямецкую лаянку. Нехта шчыра і выразна апісваў мясцовыя дарогі, мясцовых дзікуноў і мясцовае надвор’е. Асобныя фразы ўтрымлівалі лацінскія словы, таму можна было зразумець, што чалавек лаецца вучоны.
Пранціш і ягоны слуга вызірнулі з-за кустоў, на якіх засталіся вісець пераможанымі сцягамі толькі асобныя рудыя лісты. Пасярод дарогі стаялі дзве павозкі. Адна — звычайны дарожны экіпаж, брычка з наладаванымі ззаду куфрамі. А вось другі ўяўляў з сябе нешта падобнае да невялікай адрыны на колах, шчыльна накрытай прасмоленымі палотнамі. У гэтую адрыну было запрэжана ажно восем коней, але й яны не маглі зрушыць з месца волатаўскі воз, які патрапіў двума левымі коламі ў велізарную калюжыну, так, што пагрозліва пахіліўся. З аднаго боку палотны, якімі быў шчыльна схаваны таямнічы груз, разышліся, і між імі нешта металічна паблісквала. Каля возу мітусіўся невысокі пузаты чалавечак у чорным камзоле з простым белым каўняром, з-пад капелюша з высокім верхам звісалі пасыпаныя пудрай буклі. А на нагах, зусім недарэчна на ліцвінскіх восеньскіх дарогах, былі чаравікі і калісьці белыя панчохі. Менавіта гэты чалавечак і сыпаў праклёнамі. Высокая худая кабета ў каптуры, захінутая ў дорожны плашч, час ад часу перакрывала ягоныя крыкі пранізлівым:
— Якаб, вазьмі сябе ў рукі!
Вусаты фурман, таксама апрануты ў нямецкі строй, завіхаўся ля коней…
— Няхай будзе пракляты той дзень, калі я атрымаў ліст са Слуцку і зажадаў княскіх дукатаў! — гарлаў чалавек у капелюшы, прынамсі, менавіта так Пранціш, у якога поспехі ў нямецкай былі даволі сціплымі, разумеў ягоныя скаргі. Але ясна было, што экіпажы кіруюцца ў Слуцк! Лёднік перарывіста ўздыхнуў, як паляўнічы, што нарэшце пабачыў з засокі вепрука:
— Вось табе і літасць лёсу… Здаецца, гэты немчык мне знаёмы. Аднакурснік мой па Лейпцыгу… Калісьці мы няблага праводзілі час. Але як ён павядзецца, калі даведаецца, што мы збеглі з-пад арышту?
— А ты што, вось так сабраўся яму ўсё пра нас вываліць? — Пранціш ледзь не засмяяўся — вось наіўная дзівачына гэты доктар.
— А як патлумачыць, чаму мы тут апынуліся, ды яшчэ ў такім выглядзе?