Пранціш агледзеў сябе й Бутрыма прыдзірлівым вокам: так, не з балявання паны… Абцерханыя, брудныя… Добра, што ўзброеныя, але ж — пешкі ідуць! А які гэта высакародны пан без каня?
— Гэх, каб ён толькі па-нашаму разумеў… — з прыкрасцю прамовіў Вырвіч.
— Якаб Пфальцман? Ды ён моваў дваццаць ведае, і ліцвінскую разумее дакладна, — запэўніў доктар.
Шкаляр драпежна ўсміхнуўся:
— Тады ніякіх праблемаў! Рушылі! А ты толькі з усім згаджайся, што я скажу. Homo semper in ore aliud fert, aliud cogitat. Чалавек заўсёды адно гаворыць, а іншае думае.
Сямейства Пфальцманаў сустрэла з’яўленне чужынцаў, калі мякка казаць, насцярожана: фрау схавалася за невядомую канструкцыю на возе, а гер Пфальцман проста наставіў на прыхадняў з лесу два пісталеты. Але пры набліжэнні Лёдніка немец разгублена апусціў сваю зброю і нясмела заўсміхаўся.
— Гер Лёднік? Не можа быць! Майн Гот! Гэта вы, мой сябра, альбо інкуб у вашым абліччы?
Былы алхімік расцягнуў вусны ў падабенстве ўсмешкі.
— Вітаю пана Пфальцмана!
— Эльза! Гэта доктар Бутрымус Лёднік, з Лейпцыгу, той, што вынайшаў двадцаць тры спосабы трахеатаміі! Колькі піва, сябар мой! Колькі добрага піва ў карчомцы «Пад карасём» мы папілі! Генрых, апусці зброю, усё ладам!
Апошнія словы на нямецкай Пфальцман скіраваў фурману, які ўвесь гэты час стаяў за возам, наставіўшы на гасцей вялізную, з раструбам, рулю стрэльбы. Між тым Лёднік з чыста навуковай цікавасцю наблізіўся да канструкцыі, прыкрытай палотнамі, і зазірнуў у дзірку, чым гер Пфальцман быў вельмі незадаволены і, падобна, каб мог, не падпусціў бы туды старога сябра. На возе грувасцілася нейкая незразумелая жалезная прылада, відочная частка якой сапраўды выглядала як рэбры цмока.
Лёднік хмыкнуў і павярнуўся да Пфальцмана, які спрабаваў схаваць сваю трывогу:
— Машына-чарапаха? Ты ўсё-ткі зрабіў яе, Якубе?
Пфальцман з пачырванелай фізіяноміяй кінуўся захінаць таямнічую канструкцыю.
— Прабач, сябар, але… У навуцы кожны сам за сябе… Мне б не хацелася раней часу дэманстраваць сваё вынаходніцтва, якое далёка не кожны здольны ацаніць.
Лёднік насмешна паківаў галавою.
— Не бойся, Якуб. Я не збіраюся красці тваё вынаходніцтва. Тым больш мы ж з табой разам бачылі ягоныя чарцяжы ў нататніку Леанарда да Вінчы.
— Там быў эскіз! Накід! Нічога канкрэтнага! — пакрыўдзіўся Пфальцман. — Пра мой вадзяны рухавік твой Леанарда нават памысліць не мог!
— І мы з табой гаварылі, што такая бязлітасная зброя была б занадта вялікай спакусай для тыранаў, — цвёрда прагаварыў Лёднік.
— І дазволіла б за адзін дзень завершыць любую вайну і тым зберагчы жыцці! — раздражнёна запярэчыў Пфальцман, відаць, працягваючы старую спрэчку.
— А калі кацёл узарвецца — а ён напэўна ўзарвецца, калі папрацуе хвіляў дваццаць, то зварыцца найперш той, хто будзе сядзець у гэтай скрынцы.
— Я ўдасканаліў рухавік! Ён звонку, аддзелены ад унутранага памяшкання двайным сталёвым лістом. Я сам ездзіў у гэтай машыне, і нічога, жывы! — раз’юшыўся Якуб.
— Але пасярод калюжыны беларусінскага лесу гэтая цуда-машына выратаваць свайго стваральніка не можа! — з’едліва зазначыў Лёднік, і Пранцысь ледзь не пхнуў свайго слугу нагой — знайшоў калі дыспут учыняць. Твар Пфальцмана пайшоў плямамі, так што фрау Эльза, якая не разумела ні слова з размовы, пачала дужа няўхвальна паглядаць на дзюбаносага прыхадня, які крыўдзіў ейнага геніяльнага мужа.