Вечарам таго першага вераснёўскага дня свой першы ваенны сезон у далёкім сібірскім Томску БДТ-1 адкрыў сваім «фірменным» патрыятычным спектаклем «Партызаны». Глядзельная зала была перапоўнена. Пастаноўку вельмі прыхільна сустрэла мясцовая публіка, цёпламу прыёму не перашкодзіла пэўная моўная праблема – тэты спектакль акцёры ігралі на роднай беларускай мове. Кантакт паміж тэатрам і гледачом быў устаноўлены адразу на пачуццёвым і эмацыянальным узроўні. Томскія гледачы адчулі еднасць пачуццяў і памкненняў з беларускімі майстрамі сцэны. Адным словам, таленавітае сцэнічнае мастацтва знайшло самы жывы водгук у глядзельнай зале мясцовага тэатра.
Адначасова беларускія рэжысёры і акцёры напружана працавалі над аднаўленнем бягучага рэпертуару. На афішы БДТ-1 з’явіліся спектаклі «Скупы» Ж.-Б. Мальера, «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы, «Фландрыя» В. Сарду, «Машачка» А. Афінагенава, «Апошнія» М. Горкага, якія мелі вялікі поспех у сібірскіх гледачоў.
Мастацкі кіраўнік тэатра Л. Рахленка добра разумеў, што ў надзвычайных умовах ваеннага часу ад тэатральных творцаў чакаюць адпаведных пастановак патрыятычнага кірунку. Тэатр павінен быў уносіць свой уласны творчы ўклад у агульную справу цяжкай барацьбы з ворагам. Бясспрэчна, ва ўмовах ваеннага часу савецкае мастацтва было вымушана выконваць адкрыта агітацыйную функцыю з актуальным патрыятычным заклікам «Усё для фронта, усё для перамогі!».
Першая прэм’ера ў Томску адбылася 12 верасня 1941 г. паводле папулярнай п’есы К. Сіманава «Хлопец з нашага горада» ў рэжысуры К. Саннікава і сцэнаграфіі I. Ушакова. Работу над гэтым спектаклем тэатр пачынаў яшчэ вясной у Мінску, а выпускаць прэм’еру ўжо давялося ў далёкім сібірскім горадзе ў акалічнасцях ваеннага часу. Таму для болыпай злабадзённасці гучання сцэнічнага відовішча рэжысёр К. Саннікаў замяніў назвы некаторых населенных пунктаў на беларускія, а эпізод бітвы з японцамі ў Халхін-Гола паставіў як пабедны бой з фашыстамі. Зразумела, што такі немудрагелісты рэжысёрскі прыём знаходзіў вельмі жывы водгук у глядзельнай зале. У галоўнай ролі энергічнага маладога чырвонага камандзіра Сяргея Луконіна ўдала выступіў пачынаючы акцёр Б. Кудраўцаў, які адразу стаў любімцам мясцовай публікі, асабліва моладзі.
Неўзабаве з’явіліся першыя п’есы савецкіх драматургаў, прысвечаныя непасрэдным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя з іх – «Крылатае племя» А. Первенцава ў рэжысуры Л. Рахленкі і «Душа Масквы» Л. Нікуліна ў рэжысуры К. Саннікава – у 1942 г. убачылі святло рампы БДТ-1 у Томску.
Аднак трэба заўважыць, што першыя спробы вядучага беларускага тэатра адгукнуцца на актуальныя запатрабаванні часу насілі, калі можна так сказаць, «разведвальны» характар адносна галоўнай заданы, што паўстала ў тэты перыяд перад дзеячамі айчыннага мастацтва, дапамагаць народу пераадольваць цяжкасці ваеннага часу, загартоўваць яго маральны дух.
Майстры савецкага мастацтва (ці дакладней сказаць, пераважная большасць з іх!) у тэты трагічны момант, калі на карту было пастаўлена пытанне аб самім існаванні сацыялістычнай дзяржавы, скіравалі свае творчыя высілкі на пошук сродкаў і прыёмаў праўдзівага ідэйна-эстэтычнага адлюстравання рэчаіснасці, таму што ў гэтай здольнасці закладзена ўнікальная пераўтваральная роля мастацтва ў грамадстве. Трагічная і гераічная рэчаіснасць Вялікай Айчыннай вайны з яе відавочнымі асаблівасцямі ўсенароднага ўдзелу ў барацьбе супраць фашыстаў з усёй вастрынёй і неадкладнасцю патрабавала ад дзеячаў літаратуры і мастацтва менавіта наватарскага падыходу да яе праўдзівага адлюстравання. Тэатру патрэбны былі новыя таленавітыя п’есы для таго, каб ярка і пераканальна раскрыць глыбокі сацыяльны сэнс і высокі маральны патэнцыял гераічнага дзеяння на вайне як вышэйшага праяўлення патрыятычных пачуццяў да сваёй Айчыны.
14 лютага 1942 г. у газеце «Правда» быў надрукаваны перадавы артыкул з красамоўнай назвай «Мастацтва – на службу Чырвонай Арміі», які заклікаў: «Няхай і нашы драматургі зробяць усё, што яны могуць і павінны зрабіць для таго, каб з падмосткаў тэатраў артысты маглі песняй і музыкай, вострай сатырай на ворага і палымянымі патрыятычнымі вобразамі, якія кожны дзень дае наша вялікая вызваленчая барацьба, яшчэ больш натхніць народ на барацьбу за канчатковы разгром фашызму».
Тэта своеасаблівы і недвухсэнсоўны заклік-загад галоўнай партыйнай газеты Савецкага Саюза быў неўзабаве даволі паспяхова выкананы лепшымі айчыннымі драматургамі. Так, з’яўляюцца п’есы «Рускія людзі» К. Сіманава, «Фронт» А. Карнейчука, «Нашэсце» Л. Лявонава, у якіх трагічная рэчаіснасць ваеннага часу была адлюстравана ва ўсёй яе велізарнай складанасці і супярэчнасці. Вядучыя савецкія драматургі зрабілі першыя і досыць удалыя творчыя спробы сродкамі мастацтва адлюстраваць не толькі трагізм становішча чалавека на вайне, але і магутны маральны дух нашага народа, які рабіў святую справу – абараняў сваю Айчыну ад захопнікаў.