Прэм’ера спектакля БДТ-1 «Фронт» адбылася вечарам 5 лістапада 1942 г. Калектыў тэатра вельмі хваляваўся – як глядач прыме расказ пра камандуючага фронтам, чые здольнасці зусім не адпавядаюць канкрэтным патрабаванням ваеннага часу: генерал Іван Горлаў – адзін з цэнтральных герояў «Фронту» – пакуль што безнадзейна прайграе…
Галоўнае, што вылучала рэжысёрскую работу Л. Рахленкі ў спектаклі «Фронт», тэта дакладнае разумение, у імя чаго і для чаго ён стварае сцэнічны твор у канкрэтных абставінах ваеннага часу. Менавіта такі рэжысёрскі падыход дапамог знайсці адзінства формы і зместу ў сцэнічным прачытанні п’есы А. Карнейчука. Спектакль быў выбудаваны з дакладным адчуваннем яго ўнутранай логікі, з выяўленнем дынамікі змагаючыхся сіл, з натуральнай зменай эмацыянальных эпізодаў, з цвёрда вызначанай рытмічнай партытурай. Адкрытая публіцыстычная накіраванасць спектакля абапіралася на трывалую псіхалагічную распрацоўку характара з выкарыстаннем прыёмаў сатырычнага памфлета.
У галоўнай ролі камандуючага фронтам генерала Горлава выступіў У. Уладамірскі – прызнаны майстар вытанчанай сцэнічнай формы. Яго герой быў безнадзейна адсталым ад патрабаванняў часу камандзірам. У багатай акцёрскай палітры пераважалі адкрыта сатырычныя фарбы і адценні.
Ролю маладога і таленавітага генерала Агнёва выконваў Б. Платонаў, які ўжо сфарміраваўся ў магутную і непаўторную творчую індывідуальнасць. Яго адметны і выразны акцёрскі тэмперамент, памножаны на дакладную псі-халагічную распрацаванасць, паглыбляў і ўзбуйняў сцэнічны характар героя. Вобраз вызначаўся ўнутранай дынамікай, быў пазбаўлены штучнай дэкларатыўнасці і хадульнасці.
Натхнёны выдатным вынікам сваёй напружанай працы над спектаклем «Фронт», Л. Рахленка адразу бярэцца за новую пастаноўку паводле п’есы К. Сіманава «Рускія людзі», якая ў свой час была аператыўна надрукавана ў газеце «Правда» 13–16 ліпеня 1942 г. Да гэтай драмы ў той час звярнуліся многія вядучыя тэатры краіны, шэраг пастановак сталі класікай савецкага шматнацыянальнага сцэнічнага мастацтва ў распрацоўцы ваенна-патрыятычнай праблематыкі. Варта падкрэсліць, што сцэнічнае ўвасабленне «Рускіх людзей» калектывам БДТ-1 таксама ўвайшло ў гісторыю айчыннага тэатра як прыклад таленавітай і актуальнай пастаноўкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
Прэм’ера адбылася ў Томску 24 красавіка 1943 г. і выклікала вялікую цікавасць гледачоў. Беларускі рэжысёр прачытаў сіманаўскую драму дастаткова проста, без усялякіх мудрагелістых пастановачных эфектаў з поўным даверам да драматургічнага матэрыялу. Яму ўдалося дасягнуць арганічнага з’яднання двух планаў: высокай патэтыкі і глыбокай жыццёвай верагоднасці. У дэкарацыях мастака 3. Сірвінта рэальнасць абстаноўкі злучалася з пэўнай героіка-рамантычнай стылістыкай (на велізарным палотнішчы насустрач чорным хмарам былі накіраваны тры армейскія штыкі з чырвонымі знамёнамі), а ў ігры акцёраў побытавая і псіхалагічная дакладнасць – з мастацкім абагульненнем.
Спектакль «Рускія людзі» на сцэне БДТ-1 дасягаў сваёй галоўнай мэты, дзеля чаго быў пастаўлены вясной 1943 г.: сэрцы гледачоў перапаўняліся пачуццямі патрыятычнага гонару за сваю краіну. Адначасова пастаноўка нараджала і пачуцці нянавісці да ворагаў, якія прынеслі незлічоныя беды і пакуты нашаму міралюбіваму народу. Спектакль беларускіх майстроў сцэны ўсім сваім ладам выяўляў патрыятычную ідэю, абуджаў у глядзельнай зале самыя лепшыя пачуцці, замацоўваў такую неабходную ў той час непахісную веру ў перамогу над фашызмам.
У пачатку 1943 г. у БДТ-1 была створана франтавая брыгада ў складзе 12 чалавек. Кіраўніком брагады быў прызначаны Л. Рахленка. Склалі план работы, асновай якой стала падрыхтоўка адпаведнага рэпертуару. Вырашылі, што асновай выступленняў франтавой брыгады будуць найбольш яркія эпізоды са спектакляў, а таксама канцэртныя нумары – вершы, байкі, песні, танцавальныя нумары.
У красавіку 1943 г. творчая брыгада выехала выступаць перад франтавікамі. У праграме былі асобныя сцэны са спектакля «Скупы» Ж.-Б. Мальера, музычны квартэт і жаночы квінтэт беларускай народнай песні – В. Пола, Р Кашэльнікава, 3. Лідская, Я. Зайчык, М. Шашалевіч. Б. Янпольскі акампаніраваў квінтэту на баяне, 3. Стома – на канцэрціна. Кожнае выступление беларускіх акцёраў прымалася байцамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі вельмі горача і ўдзячна.