Уся статыстыка суправаджалася датай, якая сведчыла аб часе атрыманай інфармацыі. Параўнанне разведкарт рознага часу дазваляе прасачыць развіццё нямецкай абароны на тэрыторыі Беларусі ў 1943–1944 гг. Напрыклад, на «Справаздачнай карце 2-га аддзела БШПР па стане на 20.11.1943 г.» маштабу 1:500 000, якая ахоплівае паўднёвую палову БССР (ад Мінска і Магілёва да паўднёвых межаў) бачна, што найбольшая канцэнтрацыя варожых войскаў у лістападзе 1943 г. назіралася ва ўсходняй частцы БССР. Там жа ў першую чаргу і ствараліся элементы ваеннай інфраструктуры. Пры выбары месцаў для ўзвядзення абарончых ліній акупанты ўлічвалі наяўнасць натуральных перашкод, якія імкнуліся ўключаць у сістэму абароны. Так, на карце бачна, што лініі акопаў разам з дотамі і дзотамі ішлі амаль заўсёды ўздоўж заходняга берага рэк, у тым ліку невялікіх. Гэтыя лініі ў шэрагу выпадкаў упіраліся бакамі ў балотныя масівы і азёры. Калі ва ўсходняй Беларусі лініі акопаў цягнуліся непарыўна на дзесяткі, часам больш за сотню кіламетраў, то ў заходняй частцы рэспублікі яны толькі прыкрывалі з усходу падыходы да найбольш важных населеных пунктаў [2].
Параўнанне гэтай карты са «Справаздачнай картай РА БШПР па даных на 25.5.44 г.» паказвае, што праціўнік за прамежак часу, які прайшоў пасля складання папярэдняй карты, істотна ўзмацніў абарону, што было звязана з выкананнем спецыяльнага загада А. Гітлера ад 8 сакавіка 1944 г. аб наданні 12 гарадам на ўчастку трупы армій «Цэнтр» статуса «умацаваных раёнаў» з узвядзеннем вакол іх надзвычай моцных кругавых абарончых збудаванняў. Згодна красавіцкаму 1944 г. загаду камандуючага групай армій «Цэнтр», такіх рубяжоў павінна было быць па 3 вакол кожнага горада. На карце ад канца мая 1944 г. бачна, што некалькі ліній палявых умацаванняў цягнуцца з поўначы на поўдзень, засланяючы для савецкіх войскаў шлях у глыбіню тэрыторыі Беларусь На большай частцы гэтых ліній, праз пэўныя прамежкі пазначаны дзоты. Абсталяваны быў і шэраг прамежкавых рубяжоў нямецкай абароны ў аператыўнай глыбіні. У некаторых выпадках гэтыя ўмацаванні былі павернуты фронтам на поўнач і на поўдзень і прызначаны для блакіравання савецкіх часцей, якія маглі прарвацца. На адлегласці 4–6 км на захад ад Бабруйска меліся суцэльныя лініі, павернутыя на захад. Тэта значыць, што населены пункт быў прыстасаваны для кругавой абароны. Асабліва моцныя рубяжы былі створаны каля буйных гарадоў усходняй Беларусі: Віцебска, Оршы, Магілёва, Бабруйска. Падыходы да Мінска і Баранавічаў таксама былі прыкрыты рубяжамі ў 2–3 рады. У цэнтральнай і заходняй частцы БССР умацаванняў было значна менш. Паказана на карце і лінія фронту па стане на май 1944 г.
Дадзеная карта створана на аснове паклееных аркушаў тапакарты маштабу 1:200 000, што дазваляе вельмі дэталёва бачыць абарончую сістэму гітлераўцаў у кантэксце геаграфічнай рэчаіснасці [3]. Як і на папярэдняй карце, побач з кожным подпісам указана дата інфармацыі. Даты паказваюць, што нямецкія часці ў сваёй большасці зафіксаваны па стане не раней за сярэдзіну красавіка 1944 г., а на тэрыторыях, прылеглых да лініі фронту – звычайна не раней, чым на май. Дыслакацыя так званых «усходніх» фарміраванняў у многіх выпадках датавана пачаткам сакавіка.
Параўнанне разведкарт за 20 лістапада 1943 г. і 25 мая 1944 г. сведчыць, што ў размяшчэнні падраздзяленняў праціўніка адбыліся істотныя змены. Калі восенню 1943 г. на тэрыторыях, прылеглых да лініі фронту, было мноства гарнізонаў «усходніх» фарміраванняў (на паўднёвым усходзе яны нават колькасна пераважалі над нямецкімі), то вясною 1944 г. на ўсходзе іх ужо няшмат, яны ў асноўным размешчаны на захадзе БССР. Гэтыя змены тлумачацца тым, што сярод нямецкага камандавання існаваў недавер да такіх падраздзяленняў.
I на тое былі прычыны – пераход іх байцоў на бок партизан быў не рэдкай з’явай, асабліва з лета 1943 г. Баяздольнасць гэтых фарміраванняў таксама не была высокай. Зазначым, што «польскія легіёны Дрэкселя» (у раёне Ліды, на беларуска-літоўскім памежжы Вілейшчыны) пазначаны як нямецкія часці, а, напрыклад, «мусульманскі полк СС» (у Юрацішках) – як «усходнія фарміраванні». Да апошніх на карце аднесены часці РВНА (Руская вызваленчая народная армія), украінскія батальёны, беларускія батальёны «Рагуля» (відавочна маецца на ўвазе калабарацыйнае падраздзяленне пад камандаваннем Б. Д. Рагулі – начальніка Навагрудскай акругі Беларускай краёвай абароны), казацкія часці.