Не марудзь, скажы хутчэй жа, як пятлі пазбегнуць нам,Шорсткіх, брыдкіх тых караляў, што ўжо шыю абвілі?Смерці жах мы адчуваем, задыхаемся мы ўжо.Злітуйся з няшчасных, Рэя, маці чыстая багоў,Уратуй нас, памажы!
Фаркіяда
Ці хопіць вам цярпення сказ мой выслухацьЗ парадаю маёй? У ім шмат важнага!
Хор
Хопіць, хопіць! Мы з увагай будзем слухаць, будзем жыць!
Фаркіяда
Хто дома даглядае скарб сямейны свой,Хто беражэ ад злому мур жылля свайго,Хто сочыць, каб у навальніцу дах не цёк,—Той доўга будзе жыць у доме ў радасці.А хто пакіне свой ачаг і з лёгкасцюУ белы свет самохаць пойдзе швэндацца,—Жытло старое знойдзе ён, вярнуўшыся,Ужо не гэткім, як было, — разбураным.
Алена
Навошта прытча мне, даўно вядомая?Ты гавары, а раны не раз’ятрывай.
Фаркіяда
Без гневу сказана і без дакору вам!У бухтах і на астравах рабуючы,Твой слаўны Менелай гуляў ці мала год,Вяртаючыся кожны раз з захопленым.Праваяваў ён дзесяць год пад Трояю,А колькі плыў назад — сама не ведаю!Між тым што з домам Тындарэя сталася?Што сталася з дзяржавай Менелаевай?
Алена
Ты ўжо не скажаш слова, каб не лаяцца,Як толькі рот разявіш, — сыплеш кленічы.
Фаркіяда
Жылі мы доўгія гады у марнасці.Забыты горы, што паводдаль высяццаНа поўначы ад Спарты — Тайгет{225} велічны,—Адкуль бадзёра ўніз Эўрот струменіццаПраз зарасці ў даліну прамяністую,Дзе ў чаратах гняздзяцца вольна лебедзі.Там на адхонах племя пасялілася,Яно да нас прыйшло з далёкай поўначы.І, збудаваўшы крэпасць непрыступную,На ўласны лад здаўна кіруе Спартаю.
Алена
Ах, дзёрзкія! І як маглі асмеліцца!
Фаркіяда
Бо мелі часу шмат — аж цэлых дваццаць год!
Алена
А хто ўзначальвае ліхіх грабежнікаў?
Фаркіяда
Грабежнікі ліхія? Не, не ганю яНачальніка чужынцаў; не суровы ён:Забраць усё ён мог бы, а здаволіўсяДарамі небагатымі, ды шчырымі.
Алена
А з твару ён які?
Фаркіяда
Прыгожы. Здатны муж!Адукаваны, статны ён паставаю,Няма такіх разумных паміж элінаў.Хоць племя прышлае завецца варварскім,Ды з іх ніхто не здольны быў на жорсткасці,Што натварылі эліны пад Трояю.Яго шаную шчырасць і велікадушнасць я.А крэпасць іх, пабачыце, пастаўленаЗусім не так, як продкі ў нас грувасціліНязграбныя цыклопскія будыніны.Калі раўняць са Спартаю прыземістай,—У іх усё інакш: адвесна, гонкасна,Размерана, грунтоўна і надзейна ўсё,Муры, палацы, вежы ў іх спічастыя,Усё імкнецца ўгору, ў высь нябесную,Прасторныя дамы ў іх з прыбудовамі,Калоны і калонкі, аркі, арачкі,Альтанкі ўтульныя, гербы над брамамі.