Жах знік адразу, як толькі яны зразумелі, што тут няма нічога звышнатуральнага. Абат сваім целам адчуў мярзотнасць блізкасці незнаёмага з гэтымі істотамі, і яго перасмыкнула ад агіды.
— Гэты чалавек святы! — з усяе моцы закрычаў ён, нібы хацеў пераканаць сам сябе. — Толькі святы можа вытрываць такое.
8
— Бясспрэчна, гэта святы, — сказаў Жан Маяр, — але я лічыў, што святасць нясе душам мір і спакой, а гэта сапраўдны шаленец. Вось ён зноў пачынае свае штукі.
Чужынец, адпушчаны пракажонымі, нейкі час стаяў прыгаломшаны, хістаючыся ў бакі. Але калі натоўп цесна абступіў яго, ён авалодаў сабой. Не адкладаючы на потым, нават не перавёўшы дыху, ён яшчэ больш прагна пачаў раздаваць пацалункі, укладаючы ў іх адначасова і палкасць пачуцця, і манатонную рытуальнасць цырымоніі. Ён распасціраў рукі для абдымкаў, падыходзіў да пракажонага, апантана прыціскаў яго да сябе, прыкладаўся вуснамі да брыдкай плоці, потым адпускаў яго і браўся за другога.
— Я памыляўся, калі падазраваў яго ў ашуканстве, — прамармытаў сам сабе лекар. — Ён з аднолькавай утрапёнасцю кідаецца на ўсіх пракажоных: мужчын і жанчын, дзяцей і старых, незалежна ад полу і ўзросту. Вар'ят? Святы вар'ят, ёсць і такія. З учарашняга дня гэты дзівак перацалаваў больш за пяць соцень пракажоных пыс, і яму ўсё яшчэ мала... Абат, я бачу толькі адно разумнае тлумачэнне.
— Разумнае тлумачэнне, — з насмешкай сказаў абат.
— Грэшнік, грэшнік, які каецца, якога турбуюць, не даюць спакою пакуты сумлення і які спадзяецца ўратаваць сваю душу, заслужыць колькасцю такіх учынкаў месца ў раі, на якое страціў права. Але каб абудзіць у ім такую заўзятасць, такую прагу ахвяравання, трэба было нагадаць яму пра нейкае незвычайнае злачынства.
— Хама Няверлівы, — сказаў Тама д'Арфёй, — калі ўжо ты пакінеш выпінацца з жылаў, шукаючы тлумачэнняў дабрачыннасці божай? Гэта святы.
— Такая ўжо мая прафесія, шукаць тлумачэнні, — адказаў лекар, — а сам я прывык лічыць, што зацікаўленасць — магутны штуршок да ўчынкаў. Нават да святых.
Ён зноў уважліва паглядзеў у акно і, крыху памаўчаўшы, сказаў сур'ёзным тонам:
— Шчыра кажучы, я збянтэжаны. Сапраўды, яго гераізм наводзіць на думку пра падтрымку найвышэйшай сілы... Але чаму Ўсявышні не даў свайму абранцу больш прывабнага твару? Вы звярнулі ўвагу на гэты брыдкі кручкаваты нос, бледную скуру, скуласты твар, упарта сціснутыя тонкія вусны?.. Ці не хавае гэты водар ладану і мірту, які вы ўчора пачулі, які ўсіх ап'яняе, каго ён цалуе, ці не хавае гэты водар сернага смуроду?
— Ты сам д'ябал! — прашаптаў абат. — Ты не верыш у бога і хацеў бы пераканаць...
— Вядома, я памыляюся. Сатана ўсяго толькі папоўская выдумка, якая натхніла месіра Дантэ на цудоўныя вершы. Але зірніце на яго цяпер.
Чужынец стаяў пасярэдзіне паляны, шчыльна аточаны натоўпам. Абат ізноў падышоў да акна і ўбачыў, як яго доўгая постаць, што ўзвышалася над натоўпам, схілялася ў святле паходняў, якія дзеці трымалі ў выцягнутых руках, над немаўляткам, што працягнула яму пракажоная.
Мажліва, словы Жана Маяра пасеялі трывогу ў душы абата? Мажліва, безліч пачуццяў, якія ён толькі што перажыў, стварылі спрыяльную глебу для галюцынацый? Можа, дрыготкае полымя паходняў нейкім фантастычным чынам скажала рэчаіснасць? Але старога ахапіў жах, калі ён убачыў твар. святога, які ў гэты момант, здавалася, быў наліты лютай злосцю. Паводзіны малога яшчэ больш узмацнілі гэтае ўражанне. Дзіця так крычала і білася, што маці ледзьве магла яго ўтрымаць. Тыя некалькі секунд, пакуль святы стаяў, схіліўшыся над малым са страшным выразам твару, які быў падобны да сатанінскага, абату здавалася, што ён бачыць ахвяру, аддадзеную пачварнаму людаеду.
Ён заплюшчыў вочы і перажагнаўся. Калі ён іх зноў расплюшчыў, галюцынацыя знікла. Святы выпрастаўся і перайшоў на іншае месца.
Малое толькі слаба скуголіла. Манах прыклаў руку да лба і выказаў сваё незадавальненне лекару, чые блюзнерскія размовы маглі пасеяць сумненні ў простых і чыстых душах.
— Пагаворым з ім? — спытаўся той, паціснуўшы плячыма.
Абат вагаўся. Ён адчуваў, што падзеі гэтага вечара зламалі яго і цяпер ён стаў амаль абыякавы да перспектывы змяшацца з натоўпам пракажоных.
— Пачакаем да заўтра. Ён павінен будзе пайсці адпачыць.
— Каб сярод ночы ісці далей... Хоць вы, відаць, маеце рацыю. Ён спыніцца, калі абыдзе ўвесь лепразорый, чаго пры яго тэмпах чакаць ужо нядоўга. Дзе-небудзь каля вяршыні мы яго дагонім... Абат, вас не цікавіць, як ён успрыме пракажоных праклятай зоны?
Месіра Тама д'Арфёй перасмыкнула, але ён нічога не адказаў, і сябры леглі спаць.
У халупе быў толькі адзін пакой. Як толькі патушылі свечку, лекар зноў загаварыў:
— Калі ён не пабаіцца абняць пракажоных там, угары, калі не пакажа ніякай агіды да чорнага страшыдлы, што жыве на вяршыні, тады, думаю, нават я сам схілюся перад ім і прызнаю яго святым.
9
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение