Читаем Французская навела XX стагоддзя полностью

Ашуканка збіралася адказаць як след гэтаму ёлупу, трасца яму ў бок, сказаць, вылаяўшыся не раз, што ён абрыдаў ёй і што яна на яго плявала, бо не такая яна дурная, каб класціся ў ложак з такім недаробкам дзеля задавальнення, але замест гэтага анямела ад бляску вачэй ачалавечанага ваўка. Маленькія чырвоныя праменьчыкі праціналі і паралізоўвалі чарнявую прыгажуню.

— Зрабіце ласку, адзеньцеся і выйдзіце хутчэй вон! — загадаў ёй Дэні.

Ваўкалак вырашыў раптам, каб павялічыць эфект, завыць. Ён ніколі гэтага не рабіў, але, нягледзячы на нявопытнасць, завыў вельмі жудасна.

Напалоханая да смерці прастытутка моўчкі мігам апранулася і выскачыла з нумара. Дэні застаўся адзін — і засмяяўся. Ён адчуваў у сабе штосьці распуснае, нешта такое, што распальвала яго.

— Гэта смак помсты, — сказаў ён сам сабе.

Ён прывёў сябе ў парадак і выйшаў. Была ноч, і бульвар залівала цудоўным святлом.

Не зрабіў Дэні і двух крокаў, як да яго падышлі тры мужчыны ў занадта ўжо кідкіх светлых касцюмах, новых капелюшах і да бляску наваксаваных чаравіках.

— Пагаворым? — сказаў худзейшы, смуглявы, з тонкімі вусікамі.

— Не прыкідвайся дурнем, — працадзіў праз зубы другі, чырвоны і квадратны.

— Зойдзем сюды, — прапанаваў смуглявы, калі яны праходзілі міма бара.

Дэні зайшоў. Заінтрыгаваны, ён усё яшчэ думаў, што прыгода гэтая была толькі жартам.

— Вы гуляеце ў брыдж? — спытаўся ён у мужчын.

— Зблытаеш нашы карты, атрымаеш па зубах — будзе тады табе брыдж, — змрочна адказаў чырвоны квадратны. Здавалася, што ён быў дужа раз'юшаны.

— Вось што, шаноўны, — сказаў смуглявы адразу пасля чырвонага, — вы толькі што даволі няветліва абышліся з дзяўчынаю.

Дэні зарагатаў.

— Ды ён здзекуецца з нас, морда! — сказаў чырвоны. — Нічога, зараз яму стане сумна.

— Бачыш, — дадаў смуглявы, — мы крыху сябруем з гэтай дзяўчынкай.

Дэні зразумеў усё.

— Бачу, — сказаў ён. — Вы — «каты».

У сутэнёраў ажно твары выцягнуліся ад такой знявагі: нячаста ім даводзілася чуть гэтую пагардлівую мянушку людзей іх занятку.

— Ты не жартуй! — пагрозліва папярэдзіў Дэні квадратны.

Дэні паглядзеў на іх.

— Здаецца, зараз я раззлуюся, — сказаў ён рашуча. — Такое са мной упершыню, але я пазнаю гэта пачуццё. Я шмат чытаў пра яго.

На тварах у сутэнёраў застыла збянтэжанасць.

— Ты што, фраер, думаеш нас напалохаць? — спытаўся чырвоны.

Трэці гаварыў мала, а сціснуў кулак і замахнуўся, але не паспеў данесці яго да падбародка Дэні, як ваўкалак ухіліўся, злавіў мужчыну за руку і сціснуў запясце. Пачуўся хруст.

На галаву Дэні цяжка апусцілася бутэлька — ён заморгаў і адступіў.

— Мы цябе зараз прыдушым, — сказаў смуглявы.

Бар апусцеў. Дэні пераскочыў столік і квадратнага мужчыну. Збянтэжаны, той разявіў рот, але ўсё ж такі паспеў ухапіцца за замшавы ваўкалакаў чаравік.

Адбылася кароткая бойка. Дэні падышоў да люстэрка. Каўнер у кашулі быў разарваны, праз шчаку цягнуўся шрам, пад вокам свяціўся «ліхтар». Ён жвава паклаў нерухомыя целы пад сядзеннямі каля стойкі. Сэрца проста выскоквала з грудзей. Ён крыху супакоіўся, ды раптам зірнуў на насценны гадзіннік. Было ўжо адзінаццаць.

«Чорт! — падумаў ён. — Трэба ўцякаць».

Ён хутка насунуў чорныя акуляры і пабег да гатэля.

Яго душу перапаўняла нянавісць, але Дэні разумеў, што трэба неадкладна вярнуцца ў лес.

Разлічыўшыся за нумар, ён узяў валізу, ускочыў на ровар і стартаваў — нібыта чэмпіён свету па гонках на роварах.


***


Дэні пад'язджаў да моста Сен-Клу, як раптам яго спыніў паліцэйскі.

— У вас што, ліхтара няма? — спытаўся ў ваўкалака гэты маленькі, нічым не прыкметны чалавечак.

— Ліхтара? — здзівіўся Дэні. — А нашто ён мне? Я і так усё добра бачу.

— Нашто? Вы-то бачыце, — адказаў паліцэйскі, — але ж ці бачаць вас? А што, калі з-за вас здарыцца аварыя?

— Аварыя? — сказаў Дэні. — Можа быць. Але ж як яго запаліць, гэты ліхтар?

— Вы што, смеяцеся? — спытаўся збянтэжаны «фараон».

— Паслухайце, — адказаў Дэні, — я сапраўды вельмі спяшаюся і не маю часу смяяцца.

— А штраф заплаціць не хочаце? — сказаў занудлівы ахоўнік парадку.

— Вы мне абрыдлі, — адно адказаў ваўкалак.

— Выдатна! — сказаў раззлаваны паліцэйскі. — Плаціце!

Ён палез у кішэню па нейкую кніжку і ручку і апусціў на імгненне вочы.

— Прозвішча, — спытаўся ён, узнімаючы вочы.

І адразу засвістаў у свісток, бо ўбачыў Дэні ўжо далёка ад сябе — той націснуў на педалі і кінуўся на штурм адхону.

Дэні імчаўся. Ашаломлены асфальт не вытрымаў яго раз'юшанага націску. Прайшло колькі хвілін — і адхону ўжо як і не было. Пасля Дэні імгненна пранёсся ўздоўж парку Мантрэту і збочыў налева — да Чорнага моста і Віль-д'Аўрэй. Вынырнуўшы з гэтага прыстойнага гарадка перад рэстаранам Кабасю, ён адчуў, што за ім нехта едзе, націснуў на педалі з апошняе сілы — і стралою вылецеў на лясную дарогу. Час падганяў. Раптам недзе ўдалечыні гадзіннік на вежы прабіў дванаццаць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Кавказ
Кавказ

Какое доселе волшебное слово — Кавказ! Как веет от него неизгладимыми для всего русского народа воспоминаниями; как ярка мечта, вспыхивающая в душе при этом имени, мечта непобедимая ни пошлостью вседневной, ни суровым расчетом! ...... Оно требует уважения к себе, потому что сознает свою силу, боевую и культурную. Лезгинские племена, населяющие Дагестан, обладают серьезными способностями и к сельскому хозяйству, и к торговле (особенно кази-кумухцы), и к прикладным художествам; их кустарные изделия издревле славятся во всей Передней Азии. К земле они прилагают столько вдумчивого труда, сколько русскому крестьянину и не снилось .... ... Если человеку с сердцем симпатичны мусульмане-азербайджанцы, то жители Дагестана еще более вызывают сочувствие. В них много истинного благородства: мужество, верность слову, редкая прямота. Многие племена, например, считают убийство из засады позорным, и у них есть пословица, гласящая, что «врагу надо смотреть в глаза»....

Александр Дюма , Василий Львович Величко , Иван Алексеевич Бунин , Тарас Григорьевич Шевченко , Яков Аркадьевич Гордин

Поэзия / Путешествия и география / Проза / Историческая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия