Старшы пілот, які за час падарожжа нарэшце здзейсніў сваю запаветную мару — адгадаваў бараду, сказаў: «Шчасце — гэта нараджэнне дружбы. Гэта... калі людзі разумеюць адзін аднаго. Калі ты знаходзіш сілы ўстаць пасля таго, як цябе ашукалі. Гэта... калі ў цябе ёсць так многа сказаць чалавецтву, што не хопіць і жыцця».
Доктар ціха прашаптаў: «Шчасце — гэта цішыня перад выкананнем «Оды да радасці» Бетховена. Гэта святло, што льецца праз вокны на палотнах Вермеера. Гэта лінія, якая ідзе ад шыі да стану ў Венеры Мілоскай...»
— Вітаю вас, планеты! — пасмейваўся барадач. — Спяшайцеся наведаць Зямлю і яе гісторыю. Сен-са-цый-ны маршрут: ад выкапнёвага чалавека да касманаўта. А па дарозе — Фідый, Рэмбрант, Моцарт, Пушкін, Эйнштэйн...
— Пачакайце, крывадушнікі! — крыкнуў малады цемнаскуры. — Няўжо вы не разумееце, што шчасце — гэта калі ў люстэрку сустракаюцца нашы позіркі і я чытаю ў яе вачах тое, што яна прачытала маё жаданне, і яна ўсміхаецца.
— Ну вы, балбатуны! — спыніў усіх камандзір. — Шчасце — гэта прыйсці да перамогі ўсім разам!
Карабель увайшоў у зямную атмасферу — адзіную, якую ведалі Архімед, Ньютан, Жаліо-Кюры...
Зямля была падобная на геаграфічную карту, намаляваную не вельмі здольным школьнікам. Цяпер толькі наладзіць сувязь, і прызямленне не будзе праблемай!..
Уключылася аварыйная сістэма сувязі. Зямля маўчала. Ужо добра былі відаць яе абрысы, моры, снежныя вяршыні гор. Вось хутчэй за ўсё Кардыльеры...
Але што рабіць далей? Як арыентавацца, калі няма інфармацыі, інструкцый?.. Яшчэ адна спроба звязацца хоць з якой-небудзь наземнай службай: «Гаворыць LВW 7... Гаворыць LВW 7...» — Маўчанне.
Зямля набліжалася. Ужо можна было назіраць яе праз тэлескоп... Камандзір моўчкі адарваўся ад акуляра тэлескопа, даючы магчымасць зірнуць туды іншым...
Ля ракі валяліся груды металу, бетону. Мост разбураны. Вада дымілася. Вакол рэдкіх металічных каркасаў — белы, шэры, чорны попел. Ішшых колераў ужо не было. Пад ненатуральна яркім сонцам клубіліся воблакі туману і пылу. Над незлічонымі кратэрамі віднеліся ватныя слупы. Многія з іх яшчэ захоўвалі грыбападобную форму.
П'ер Гамара
Любоў ганчара
Шуміць над зямлёю вецер, гоніць перад сабой апалае лісце, маршчыніць свінцовую гладзь сажалкі. Даўно ўжо скінулі сваё залатое ўбранне кусты акацыі. Сумна кружаць над шэрымі барознамі вароны, незадаволена пакрыкваюць, нібы скардзяцца на прыход восені. Віецца, губляецца ў паветры дымок. Прынясі ахапак вінаграднай лазы ды падкінь у печку. Вось ужо і сцямнела. Дрэмле ў хляве жывёла. Сабакі і каты туляцца бліжэй да чалавечага жытла. Добра ў такі час пагаварыць, памарыць... Весела патрэсквае агонь, праганяючы з кухні начны змрок, а на столі, на сценах ажываюць доўгія цені...
Я раскажу табе пра ганчара Відаля. Яго дом зусім недалёка, вунь там, у даліне, за дубовым гаем. Трапіць туды вельмі проста. Пройдзеш па вуліцы, потым па дарозе, што цягнецца паміж сенажаццю і жытнёвымі палеткамі. Там перад самай гарой будзе сцежка, якая вядзе ў дубовы гай. Вось па гэтай сцежцы ты і выйдзеш на прасторны двор. Убачыш там дрывотню, ганчарную печ і доўгі невысокі дом з блакітным фасадам. Гэта і ёсць Відалева сядзіба...
Аднойчы цёплым летнім вечарам на гэтым двары стаяў сам гаспадар. Вакол панавала цішыня. Замерлі ў спакоі птушкі, дрэвы, расліны. Чулася толькі далёкае стракатанне конікаў...
Доўгую дарогу давялося адмераць Відалю, перш чым трапіў ён на родны надворак. Стаяла ўжо поўнач, калі гэты стомлены чалавек у заношаным вылінялым шынялі з'явіўся ў вёсцы. За плячыма ў яго быў рэчавы мяшок. Вёска ўжо даўно спала. У кожным доме былі шчыльна зачыненыя аканіцы. На плошчы пад платанамі Відаль пачуў знаёмыя гукі фантана. Адразу ўспомнілася дзяцінства. Малы Відаль любіў гэтае месца. Бывала, ён садзіўся на лаўцы, заплюшчваў вочы і, нібы зачараваны, слухаў, як спявае, выводзіць сваю бясконцую песню фантан. І здавалася хлопчыку, што не струменьчыкі вады падаюць у чашу фантана, а жамчужынкі, якія сыплюцца і сыплюцца з рук жаночых скульптурных фігур...
Час, здавалася, не крануў гэтага месца. Усё тут выглядала так, як дзесяць — дваццаць гадоў таму назад. І нідзе так лёгка не дыхалася, як тут, пад платанавымі шатамі, ля гранітнай чашы фантана. Відаль спяшаўся дадому, але ўсё ж такі на хвілінку затрымаўся ля гаманлівага фантана і ўдыхнуў у сябе начное паветра. Месячнае святло лашчыла стрэхі будынкаў. Відаль лёгка пазнаваў абрысы царквы, школу, мэрыю, галантарэйную краму мадэмуазель Галі, мясную крамку Феліцыяна, тытунёвы кіёск. Лёгкі ветрык данёс да чалавека знаёмыя з маленства пахі анісу, мяты, кропу і свежага інжыру. У гэтым букеце Відаль з радасцю распазнаваў водар начной расы і пах гліны, які быццам спецыяльна сустракаў і вітаў ганчара...
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение