Вяскоўцы нямала жартавалі, калі даведаліся пра заручыны Марыса з Адэтай: «Вось табе і ганчар! Будзе цяпер камандаваць жаночай батарэяй!..»
А Марыс меркаваў па-свойму: старэйшая сястра збіраецца пайсці замуж у суседнюю вёску. Пройдзе час — тое ж зробіць і малодшая. Давядзецца, вядома, падзяліцца з сёстрамі. Ну, а пакуль што ўсе будуць працаваць: на жніве, малацьбе, зборы вінаграду лішніх рук ніколі не бывае.
Згулялі вяселле. Адэта з маці пераехалі ў ганчарню, і для ўсіх пачалося новае жыццё. Злыя языкі пагаворвалі, што Адэта зажурыцца, засумуе ў ганчара, ды пралічыліся. Марыс сам бачыў, як радасна і весела жылося жонцы ў яго вялікім сапраўдным доме. Хіба можна было параўноўваць гэтыя прасторныя пакоі, застаўленыя старадаўнімі шафамі, напіцаванымі посудам і бялізнай, з той перакошанай хаткай, дзе нават мэблю бралі ў арэнду?!. Добра пачувала сябе тут і цешча, якая разам з дачкою старалася ва ўсім дагадзіць сваім новым сваякам.
Так у лагадзе і згодзе прайшло некалькі гадоў. Гаспадарка Відаля набіралася моцы. Добрыя ўраджаі дазволілі сплаціць бацькавы даўгі. Марыс абнавіў свае сеялкі, бароны, плугі, купіў пару дужых быкоў. Як ён і думаў, старэйшая сястра выйшла замуж у вёску, што знаходзілася кіламетраў за дзесяць ад іх. Тады ўсе разам ездзілі на вяселле ў тую вёску. Два дні балявалі. А было гэта ў канцы лета 1937 года.
Часта ўспамінаў той баль ганчар. Перад вачыма паўставала Адэта ў новай прыгожай сукенцы, вясёлы загарэлы твар, доўгія цёмныя валасы, што пагойдваліся ў такт танцу...
— А хто ж яна, гэтая прыгажуня? — пыталіся госці, з захапленнем гледзячы на Адэту.
— Гэта жонка ганчара Відаля, брата нявесты, — чулася ў адказ.
Наслухаўся тады Марыс кампліментаў. Праўда, яго маці гэта трохі насцярожыла. Больш таго, праз некалькі дзён пасля вяселля яна выказала сыну свае сумненні наконт таго, што нявестка занадта шмат танцавала з адным прыгожым маладым чалавекам. Звалі яго Альфонс. Марыс тады не надаў гэтаму ніякага значэння, бо добра ведаў, што маці недалюблівае сваю нявестку. Разумеў ён і тое, што і ў самім вяселлі не ўсё падабалася маці: як-ніяк сястры трэба было рыхтаваць пасаг. І Марыс, не шкадуючы, выдзеліў ёй кругленькую суму грошай. «Сястру аддаём у багаты дом, а з пустымі рукамі туды не пойдзеш», — растлумачыў ён маці сваё рашэнне. А тая разанула:
— Яно-то так, сынок, але сам жа ты з чым узяў Адэту?!
— Ну, я... — паціснуў плячыма Марыс, — у яе ж не было ні бацькі, ні брата...
У хуткім часе Адэта нарадзіла мёртвага хлопчыка. Гэта вельмі засмуціла Марыса. Яму ўсё больш і больш падабаўся яго новы земляробскі занятак, і хацелася, вядома, каб хутчэй нараджаліся ды падрасталі дзеці, каб хутчэй прывыкалі да зямлі. Ажаніўся ён рана і таму меў надзею, што не давядзецца чакаць да глыбокай старасці, пакуль сыны стануць на ногі.
Балюча перажывала няшчасце з нованароджаным і маці Відаля, якая крадком мармытала сабе пад нос: «Во выбраў, дык выбраў сабе жоначку! Дзіця і то нарадзіць не можа!..»
Вядома, часу, каб паправіць бяду, у маладых заставалася шмат, але маці прадчувала, што не дачакаецца ўнукаў. І не памылялася. Памерла яна ўзімку 38-га года. Атмасфера ў доме паступова пачала мяняцца. Гаспадыняй стала Адэта, што само па сабе было натуральна. Ды толькі маці Адэты ўсё часцей і часцей падгаворвала дачку распараджацца самой, што купляць, што прадаваць, што сеяць. Сястра Марыса адчула гэта адразу, але не вельмі спяшалася саступаць новай гаспадыні. Паміж жанчынамі сталі ўсчынацца сваркі, якія, праўда, адразу заціхалі, варта было паявіцца Марысу. Гаспадар адчуваў, што паміж сястрой і жонкай расце сцяна непрыязнасці. Але памірыць іх ён не паспеў. Краіну скаланулі грозныя падзеі: мабілізацыя, а потым вайна. Наваксаваў тады свае боты Марыс і паехаў... І вось цяпер, праз 5 гадоў, гэты чалавек спяшаўся дадому, да сям'і, пра лёс якой ён ужо больш як год нічога не ведаў.
Ніколі не забудзе Відаль дзень свайго ад'езду. Адбылося гэта перад самым зборам ураджаю. Шчодрай была ў тое лета зямля. І было ў ёй штосьці агульнае з прыгожай, сакаўной жанчынай. Звісалі долу цяжкія гронкі вінаграду. Яблыні аж патрэсквалі пад цяжарам налітых пладоў. Урадлівая зямля тым летам Марысу нагадвала, вядома, Адэту. Тоненькая, кволая дзяўчынка ператварылася ў самавітую жанчыну. Загар яе моцных рук хораша спалучаўся з залатым колерам першых жнівеньскіх персікаў. Бронзай свяціўся жончын твар. Агонь яе цёмна-каштанавых вачэй страціў сваю першародную свежасць, затое цяпер ён гарэў новым, яшчэ гарачэйшым полымем.
І вось прыйшоў час, калі ўсё трэба было пакінуць: гэтую жонку ў росквіце сваёй прыгажосці, гэтую зямлю з яе небывалымі дарамі, гэтую гаспадарку, куды пакладзена столькі сілы і часу... Праўда, Марыс лічыў, што развітваецца з усім гэтым на некалькі тыдняў, ну сама болей — на некалькі месяцаў. За гэты час нічога не здарыцца з гаспадаркай: жанчыны ўправяцца і без яго...
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение