Марыс адамкнуў дзверы і зайшоў у дом. Усё пераканаўча гаварыла, што тут даўно ніхто не жыў: кругом пыл, цвіль, беспарадак, цяжкі непрыемны дух. Спачатку ён падумаў, што, можа, тут пабывалі зладзеі. Але не, здаецца, нічога не ўкрадзена. Адчыніў шафу: адзежа, бялізна на месцы, толькі бялізны чамусьці стала менш... А напэўна, сястра, выходзячы замуж, забрала сваю долю. На месцы быў яго шлюбны касцюм, пара старых штаноў, абутак. Ложак не засланы. Пабітая на дзіркі коўдра валялася на матрацы... Вось толькі нідзе не было відаць жончыных сукенак, спадніц, кофтачак. Зніклі статуэткі, што стаялі на камодзе. Над ложкам заўсёды вісела вясельная фатаграфія. Цяпер яе там не было. Яна валялася на пыльнай падлозе. Шкло ў рамцы пабілася.
Відаль прайшоў на кухню. Адчыніў акно, каб хоць трохі асвяжыць паветра. Сеў за старасвецкі стол, закурыў і задумаўся. Доўга нерухома сядзеў гаспадар. Вось ужо першыя сонечныя промні асвяцілі пагоркі. Як жа не хацелася ісці ў вёску. І дарэмна ён сябе пераконваў: «Дурань! Які я дурань! Была ж нейкая прычына. І, напэўна, сур'ёзная...» Баяўся Відаль, што выйдзе ён з дому, сустрэне каго з аднавяскоўцаў, а той сумна ўсміхнецца, паківае галавой ды скажа: «Вось як бывае, дарагі Відаль... Не пашанцавала, брат, табе...»
А між тым так яно ўсё і выйшла. У першай жа хаце, куды трапіў Марыс, яму расказалі ўсю горкую праўду. Гаспадары чакалі, не маглі дачакацца з фронту свайго сына і з несхаванай радасцю спаткалі Відаля.
— Сядай за стол, дарагі! Ты ж, пэўна, не снедаў. Трэба было ноччу адразу да нас і заходзіць. Ты, брат, самы першы, хто адтуль вяртаецца. Паслухай, а ў Тулузе ты доўга быў?
Відаль растлумачыў, што да Тулузы ён не даехаў, сышоў з цягніка раней, бо хацеў як мага хутчэй дабрацца дадому, трохі пад'ехаў на машыне, а потым ішоў пехатой.
Дзядзька Дзюплян — так звалі гаспадара — схіліў сваю сівую галаву над кубачкам цемнаватай гарачай вадкасці, якая тады, пасля вайны, была за каву, і пачаў свой нетаропкі расказ.
У вёсцы хутка зразумелі, што згоды ў доме Відаля няма. Асабліва гэта стала відаць пасля ад'езду Марыса. Адэта з маткай цалкам узялі ўладу ў свае рукі. Нанялі хлопца-падлетка, каб лягчэй было ўпраўляцца з гаспадаркай. Той, аднак, доўга тут не затрымаўся, і неўзабаве ў доме з'явіўся сталы мужчына. Вось тады і папаўзлі па вёсцы чуткі. Справа ў тым, што парабкам аказаўся той самы Альфонс, з якім калісьці вытанцоўвала на вяселлі Адэта. Па праўдзе кажучы, вяскоўцы не вельмі памыляліся, бо ў хуткім часе Альфонс і Адэта ўжо нават не рабілі сакрэту з таго, што жывуць як муж з жонкай. Маці, вядома, ва ўсім падтрымлівала Адэту. А вось жыццё Марысавай сястры стала невыносным. Аж да сорак трэцяга года пакутавала дзяўчына, пакуль не вярнуўся з палону яе жаніх і яна выйшла замуж. Пра замужжа Відаль нічога не ведаў: жонка ў пісьме ні словам не абмовілася пра гэта. Магчыма, сястра сама яму пісала, ды дзе тыя пісьмы маглі адшукаць яго, калі Марыс працаваў то на заводзе ў Гамбургу, то на ферме ў баўэра, то зноў на заводзе і год з гакам ніякіх звестак пра сям'ю не меў...
— Ды ты еш, еш, — казаў стары Дзюплян, падкладваючы Відалю вяндліну, закручаную ў марлю. — Хавалі ўсё сыну, але якая цяпер розніца... Бяры ды рэж...
Відаль механічна жаваў і слухаў гаспадара. Той паспеў ужо выпіць пару шклянак віна, і язык яго патроху развязваўся.
— Так што сястра твая малодшая ніводнага дня з мужам у ганчарні не заставалася. Адразу і паехала. І цяпер ужо ніхто не замінаў тваёй жонцы. Якая ганьба!
Стары адкашляўся і казаў далей:
— Ганьба не табе, Марыс, а ёй! Ты, бедалага, пакутаваў там, а яна сабе прыгрэла гэтага Альфонса. Колькі разоў я ўсё збіраўся зайсці туды і сказаць усё, што было ў мяне на сэрцы. Ды як ты пойдзеш... У кожнага свой клопат, свая бяда. Балела ў мяне душа, брат, гледзячы на ўсё гэта. Я ж цябе з маленства ведаю і з бацькам тваім сябраваў. А тут, такі сорам!.. Пэўна, і яны адчувалі, што робяць не па-людску, бо ў вёсцы амаль не паказваліся. Гэта ж трэба, жонка палоннага і да чаго дакацілася!..
Відаль задуменна паківаў галавой:
— Вось яно як... Што тут цяпер гаварыць... Такіх, як я, нямала вайна нарабіла...
— Хіба гэта апраўданне — вайна, — перапыніў яго стары. — Бачыш, як яны цябе сустрэлі!..
— А чаму яны ўсё ж такі паехалі з ганчарні?
— Ведаеш, неяк прыехала да іх твая старэйшая сястра з мужам. Ну, і тады, напэўна, распуснікі пачулі ўсё, што пра іх думаюць людзі... Ды хоць каб талковы чалавек быў... А то гэты Альфонс, гэты гультай і няўмека... Дык гэта... я казаў, што прыехала ў ганчарню твая старэйшая сястра. Што яна ім гаварыла, я не чуў, ды толькі праз месяц Адэта з Альфонсам, забраўшы сякія-такія пажыткі, паехала. Кажуць, што ў Тулузу. А так яно ці не — казаць не буду. Чуткі ўсялякія пра іх ходзяць... Я, брат, плётак не люблю і кажу толькі тое, што сам ведаю... Дом твой, дзякуй богу, на месцы, зямля на месцы, адно была б сіла...
Нізка апусціў Відаль сваю галаву і горка заплакаў. Стары Дзюплян змоўк і толькі пакусваў вусы. Гаспадыня завіхалася ля пліты...
Александр Иванович Куприн , Константин Дмитриевич Ушинский , Михаил Михайлович Пришвин , Николай Семенович Лесков , Сергей Тимофеевич Аксаков , Юрий Павлович Казаков
Детская литература / Проза для детей / Природа и животные / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Внеклассное чтение