Читаем Французская навела XX стагоддзя полностью

Ніхто яшчэ ў вёсцы не ведаў, што Відаль быў першы, хто вяртаўся з палону. Ніхто не бачыў, як шыбуе ён цяпер па залітай месячным ззяннем дарозе да сваёй сядзібы. А калі б хтосьці з вяскоўцаў спаткаў яго, то, напэўна, усклікнуў бы: «Відаль! Гэта ты?! Пачакай! Перадыхні, напіся вады! Ты ж так здарожыўся! Давай, брат, пагамонім трохі...»

Але ніхто не выйшаў насустрач Відалю, ніхто не паклікаў яго, і ён ішоў адзін, прыслухоўваючыся да музыкі ветру і стракатання конікаў. Зрэдку ганчар кідаў гаспадарскія позіркі на прыдарожныя палеткі. Сам сабе адзначыў, што зжалі сёлета рана, што лета было гарачае, бо і цяпер яшчэ сям-там на зямлі віднеліся трэшчыны. Кукуруза, вядома, не ўрадзіла, а вось вінаград, напэўна, будзе салодкі. Віна з такога шмат не возьмеш, затое якое гэта будзе віно!..

Усё бліжэй і бліжэй родная сядзіба, родная зямля! Відаль з прыемнасцю адчуў адметны пах жоўтай гліны, якой спрадвеку карысталіся яго продкі...

Па праўдзе кажучы, Марыс Відаль ужо не займаўся ганчарствам і быў звычайным земляробам. А з глінай калі і меў справу, то толькі дзеля забаўкі ці штукарства. Прафесія ганчара перадавалася ў сям'і з пакалення ў пакаленне. Але гэтая традыцыя перапынілася на бацьку Марыса, які памёр у 30-я гады. Зрэшты, і бацьку цяжка было зводзіць канцы з канцамі: хіба мог вясковы рамеснік вытрымаць націск велізарных фабрык. Далёка ішла слава пра бацькавы гаршкі і збанкі, ды толькі ніхто іх ужо не купляў. А слава?.. Што слава, хіба яна накорміць?!.. Стары так і памёр, пакінуўшы пасля сябе даўгі ды аблогі здзірванелай зямлі. І калі Марыс вярнуўся са службы ў вёску, то перш-наперш узяўся за плуг, каб давесці да ладу гадамі не чапаную зямлю. Душа, вядома, прасілася да ганчарнага круга, да гліны, але іншага выйсця не было. І ўсё ж, калі выдавалася вольная часіна, Марыс спрабаваў брацца за любімую справу, і тады ў аднавяскоўцаў з'яўляліся маленькія размаляваныя фігуркі з гліны. Заробак з гэтага быў нікчэмны, а на шыі ў Марыса віселі дзве сястры, хворая маці. (Бедная кабета памерла перад самай вайной.) Таму давялося Відалю надоўга пакінуць сямейную прафесію. Тым часам ён ажаніўся. Жонка разам са сваёй маці пераехала да яго ў «ганчарню» (людзі па-ранейшаму так звалі Марысаву сядзібу, а яго самога — ганчаром). І атрымалася, што назва колішняга забытага занятку стала сямейнай мянушкай.

Жонка Відаля — Адэта — да замужжа жыла з маці ў беднай перакошанай хаціне, што стаяла ў канцы вёскі. Маці з дачкой наймаліся на сезонныя работы. З таго і жылі. Адэта была прыгожая, ладна скроеная дзяўчына. На яе твары вылучаўся зграбны роцік, які вабіў да сябе, нібы спелая вішня. Выразныя цёмна-каштанавыя вочы ўдала акрэсліваліся доўгімі вейкамі, якімі Адэта ўмела намякаць то на сваё какецтва, то на наіўнасць, то на хітрасць. Яе лічылі сур'ёзнай дзяўчынай, хоць сёй-той неяк двухсэнсоўна ўсміхаўся, гаворачы пра прыгажуню Адэту, брунетачку Адэту, ну, тую птушачку Адэту, што жыве ў канцы вёскі, — няўжо вы не ведаеце...

Марыс пазнаёміўся з ёю на вечарынцы. Пасля службы ў арміі пачаў сустракацца часцей і часцей, і хутка ўжо ніхто не сумняваўся, што Марыс-ганчар закахаўся ў Адэту. Ну а яна? Тут ніхто нічога не мог прадказаць. Відаль не вылучаўся ні сваёй прыгажосцю, ні красамоўствам. Высокі, худы, няскладны, здавалася, гэты чалавек пры кожным руху можа раскідацца на часткі. Нехлямяжы, касцісты твар ніяк, вядома, не мог уратаваць гэты партрэт. І тым не менш людзі з сімпатыяй ставіліся да вуглаватага сарамлівага Відаля, цэнячы ў ім адкрытасць, дабрыню і шчырасць. Яму ветліва ўсміхаліся пры сустрэчы: «А, гэта ты, Відаль! Ну як жывецца-можацца? Чуў я, што ты насадзіў новыя вінаграднікі. А ці праўду кажуць, што ты заараў тое поле, дзе некалі была люцэрна?.. Во, гэта, брат, куды лепш, чым губіць час на збанкі ды гаршкі! А вось ажэнішся, то яшчэ весялей усё пойдзе!..»

Неяк вярнуўшыся з вечарынкі, Марыс расказаў сваёй маці, што Адэта згадзілася стаць яго жонкай, калі ён забярэ з сабой і яе маці.

— А чула я ўжо, сынок, ад людзей чула, — з усмешкай сказала старая. — Моцна яна цябе прываражыла, гэтая Адэта...

— Ніхто мяне не прыварожваў, — паспрабаваў апраўдвацца сын.

— Ну што ты, што ты, сынок! Ты ж тут гаспадар, дык і рабі, як сабе хочаш... Але не пра такую жонку табе я марыла... У іх жа ні кала ні двара... Пра пасаг я нічога не кажу, але ж і мы не багацеі...

Чым жа не спадабалася Адэта Марысавай маці? Ніякіх прамых папрокаў да будучай нявесткі ў яе не было. Наўрад ці былі тут прычынай і сякія-такія плёткі, што хадзілі пра дзяўчыну па вёсцы. На самай справе старой хацелася, каб у дом прыйшла багатая нявестка, бо кожны лішні грош ох як быў патрэбен у гаспадарцы. А зямля радзіць не будзе без новых машын, без угнаення, без добрага насення...

Сын настойваў на сваім: гаспадарцы патрэбны таксама і рабочыя рукі, а Адэта з маці працаваць умеюць і любяць.

— Але ж столькі жанчын пад адным дахам, — не здавалася старая, — хіба гэта добра? І невядома, як твае сёстры зладзяць з гэтай Адэтай і яе маці?!

Перейти на страницу:

Похожие книги

Кавказ
Кавказ

Какое доселе волшебное слово — Кавказ! Как веет от него неизгладимыми для всего русского народа воспоминаниями; как ярка мечта, вспыхивающая в душе при этом имени, мечта непобедимая ни пошлостью вседневной, ни суровым расчетом! ...... Оно требует уважения к себе, потому что сознает свою силу, боевую и культурную. Лезгинские племена, населяющие Дагестан, обладают серьезными способностями и к сельскому хозяйству, и к торговле (особенно кази-кумухцы), и к прикладным художествам; их кустарные изделия издревле славятся во всей Передней Азии. К земле они прилагают столько вдумчивого труда, сколько русскому крестьянину и не снилось .... ... Если человеку с сердцем симпатичны мусульмане-азербайджанцы, то жители Дагестана еще более вызывают сочувствие. В них много истинного благородства: мужество, верность слову, редкая прямота. Многие племена, например, считают убийство из засады позорным, и у них есть пословица, гласящая, что «врагу надо смотреть в глаза»....

Александр Дюма , Василий Львович Величко , Иван Алексеевич Бунин , Тарас Григорьевич Шевченко , Яков Аркадьевич Гордин

Поэзия / Путешествия и география / Проза / Историческая проза / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия