Читаем Гронкі гневу полностью

Эні Літлфілд сказала:

— Яна тут нядаўна. Можа, проста не ведала. Можа, раней ёй даводзілася карыстацца дабрачыннасцю раз ці два. І не затыкайце мне, калі ласка, рот, Джэсі. Я маю права гаварыць. — Эні зрабіла паўпавароту да маці. — Калі чалавек адчуў на сабе, што такое дабрачыннасць, гэта як кляймо застанецца на ім на ўсё жыццё. Наша дапамога не дабрачыннасць, а ўсё-такі яе ніколі не забудзеш. Ручаюся, Джэсі не паспытала гэтага на сабе.

— Не, — пацвердзіла Джэсі.

— А мне давялося, — гаварыла Эні. — Мінулай зімой. Мы пакутавалі ад голаду — я, муж мой і малыя. А тады заладзілі дажджы. Нехта нам параіў звярнуцца да Арміі выратавання. — Вочы ў Эні загарэліся лютасцю. — Мы галадалі… а яны прымусілі нас поўзаць перад імі дзеля абеду. Яны прынізілі нас. Яны… Ненавіджу іх! Можа, і місіс Джойс карысталася дабрачыннасцю. Можа, яна не ведала, што ў нас тут зусім не тое. У нашым лагеры, місіс Джоўд, мы нікому не дазволім займацца дабрачыннасцю. Не дазволім, каб хто-небудзь дапамагаў другому. Можна аддаваць адміністрацыі лагера, а яна ўжо раздасць каму трэба. А дабрачыннасці мы не дапусцім! — Голас у Эні зрываўся ад шаленства. — Ненавіджу іх! — паўтарыла яна. — Я ніколі не бачыла свайго мужа прыбітым, а гэтыя… гэтыя з Арміі выратавання дамагліся свайго.

Джэсі кіўнула галавой.

— Я чула пра такое, — ціха прамовіла яна. — Людзі расказвалі… Ну, павядзём місіс Джоўд далей.

Маці сказала:

— Як тут усё добра.

— Пойдзем у швейную, — прапанавала Эні. — У іх там дзве машыны. Яны і коўдры прашываюць, і сукенкі шыюць. Вам, напэўна, самой захочацца там папрацаваць.


Як толькі да маці прыйшла камісія, Руці і Ўінфілд непрыкметна рэціраваліся далей ад вачэй дарослых.

— Можа, лепш пайсці з імі, паслухаць? — сказаў Уінфілд.

Руці схапіла яго за локаць:

— Ну не! Нас праз гэтых сволачаў вымылі. З імі я не пайду.

Уінфілд сказаў:

— Ты на мяне нагаварыла пра прыбіральню. А я нагавару, як ты абазвала гэтых цётак.

Па твары Руці прабег цень страху:

— Не трэба. Я ведала, што ты не зламаў, таму і нагаварыла.

— Нічога ты не ведала, — адрэзаў Уінфілд.

Руці сказала:

— Давай паглядзім усё, што ёсць тут. — Яны пайшлі ўздоўж палатак і, бянтэжліва азіраючыся, заглядалі ў кожную. У канцы праходу на роўным месцы была расчышчана пляцоўка для кракета. З паўтузіна дзяцей былі сур'ёзна занятыя гульнёй. На ўслончыку каля крайняй палаткі сядзела пажылая жанчына і сачыла за імі. Руці з Уінфілдам прыпусцілі трушком.

— Прыміце нас у гульню! — крыкнула Руці. — Мы таксама будзем гуляць.

Дзеці ўзнялі на яе вочы. Дзяўчынка з коскамі, як парасячыя хвосцікі, сказала:

— Калі новую пачнём.

Руці пагрозліва ступіла на пляцоўку.

— А я хачу цяпер. — Парасячыя хвосцікі моцна ўчапіліся за малаток. Руці падскочыла да яе, ударыла далонню, штурхнула і вырвала малаток з рук дзяўчынкі. — Сказала, што буду гуляць, значыць, буду, — пераможна абвясціла яна.

Пажылая жанчына паднялася з услончыка і падышла да пляцоўкі. Руці люта насупілася і мацней абхапіла рукамі малаток. Жанчына сказала:

— Няхай гуляе. Зрабіце, як на мінулым тыдні з Ральфам.

Дзеці пакідалі малаткі і моўчкі пайшлі з пляцоўкі. Непадалёку спыніліся і сталі глядзець на Руці абыякавымі вачамі. Правёўшы іх позіркам, Руці ўдарыла малатком па шары і пабегла за ім.

— Уінфілд, давай сюды! Бяры малаток! — крыкнула яна і са здзіўленнем уставілася на брата. Уінфілд стаяў разам з дзецьмі збоку ад пляцоўкі і глядзеў на яе такімі ж, як у іх, абыякавымі вачамі.

З дзёрзкім выклікам Руці зноў ударыла па шары. Над пляцоўкай узняўся пыл. Дзяўчынка прыкінулася, што ёй вельмі весела. А дзеці ўсё стаялі і пазіралі на яе. Руці паставіла побач два шары і ўдарыла адразу па абодвух, стала спінай да гледачоў, потым зноў павярнулася тварам да іх. І раптам пайшла на дзяцей з малатком у руцэ.

— Ідзіце гуляць! — скамандавала яна.

Дзеці моўчкі адступілі перад ёю. Яна крыху пастаяла, утаропіўшыся на іх, тады кінула малаток і з плачам пабегла да сваёй палаткі. Дзеці вярнуліся на пляцоўку.

Парасячыя хвосцікі крыкнулі Ўінфілду:

— Калі пачнём новую, можаш з намі гуляць.

Пажылая жанчына сказала:

— Калі яна вернецца і будзе добра сябе паводзіць, няхай і яна гуляе з вамі. Ты, Эла, сама была такая.

Гульня ўзнавілася, а Руці ляжала ў палатцы і горка плакала.

Грузавік ехаў па прыгожых мясцінах, міма фруктовых садоў, дзе пачалі ўжо ружавець персікі, міма вінаграднікаў, дзе на лозах ледзь зазелянеліся гронкі, пад арэхавымі дрэвамі, што працягнулі сваё вецце да сярэдзіны дарогі. Каля кожных варот у сад ці вінаграднік Эл прытарможваў, і на кожных варотах вісела аб'ява: «Рабочыя не патрабуюцца. Уваход забаронены».

Эл загаварыў:

— Калі фрукты паспеюць, та, праца тут будзе. Але як у іх дзіўна тут — ты і спытацца яшчэ не паспеў, а яны ўжо адказваюць, што працы няма. — Ён вёў грузавік на малой скорасці.

Бацька сказаў:

— Можа б, нам усё ж зайсці спытацца? Можа, яны ведаюць, дзе праца ёсць? Давай паспрабуем.

Па краі дарогі ішоў чалавек у сінім камбінезоне і сіняй кашулі. Эл параўняўся з ім і затармазіў.

— Гэй, містэр! Можа, ведаеце, дзе тут праца ёсць? — крыкнуў ён.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор