Читаем Гронкі гневу полностью

Праз момант дзеці выскачылі з кукурузы — Руці наперадзе, Уінфілд за ёю.

— Яйкі! — крыкнула Руці. — Я мяккія яйкі знайшла! — Яна падбегла да грузавіка, Уінфілд не адставаў. — Гляньце! — На мурзатай далоні ляжаў з дзесятак маленькіх светла-шэрых яек. І калі яна працягнула руку, каб паказаць знаходку, позірк яе ўпаў на здохлага сабаку, які ляжаў з краю дарогі. — Ой! — крыкнула яна і разам з Уінфілдам асцярожна падышла да сабакі. Абое пачалі разглядаць яго.

Бацька паклікаў малых:

— Ну, хутчэй, а то без вас паедзем.

Дзеці моўчкі павярнуліся і пайшлі да грузавіка. Яшчэ раз глянуўшы на маленькія яйкі нейкай рэптыліі, Руці скінула іх з далоні і разам з Уінфілдам ускараскалася па борце на машыну.

— У яго яшчэ вочы адплюшчаныя, — здушаным голасам прагаварыла яна.

Але Ўінфілд вырашыў трымацца малайцом і храбра сказаў:

— У яго кішкі ўсе так і вываліліся, так і вываліліся… — І, крыху памаўчаўшы, зноў: — Вываліліся… усе кішкі. — Раптам ён упаў на жывот над самым краем борта і званітаваў. Калі зноў сеў, вочы яго слязіліся, з носа цякло. — Калі свіней рэжуць, тады зусім іншае, — апраўдваўся ён.

Эл падняў капот «гудзона» і змераў узровень масла ў маторы. Потым дастаў з-пад сядзення ў кабіне бляшанку ёмістасцю адзін галон, падліў у картэр таннага чорнага масла і зноў праверыў яго ўзровень.

Падышоў Том.

— Хочаш, цяпер трохі я павяду? — запытаўся ён у Эла.

— Я не стаміўся, — адказаў той.

— Але ж ты ноччу зусім не спаў. Я хоць крышачку прыкархнуў раніцай. Залазь наверх. Я пакірую.

— Ну давай, — неахвотна згадзіўся Эл. — Толькі за маслам сачы. Не гані. Я ўсё баюся кароткага замыкання. Паглядай на стрэлку амперметра. Калі яна скокне на нуль, значыць, замыканне. І, Том, не гані. Машына вельмі перагружаная.

Том засмяяўся:

— Я буду сама ўвага. Можаш спаць спакойна.

Верхнія пасажыры занялі свае месцы. Маці зноў уселася каля бабкі, Том сеў за руль, націснуў стартэр.

— Ледзь ліпее, — прамармытаў ён, адпусціў счапленне і выехаў на шашу.

Матор гуў роўна, сонца свяціла ў ветравое шкло, хілячыся на захад. Бабка моцна спала, і нават маці задрамала, апусціўшы галаву. Том насунуў кепку на вочы, каб не сляпіла сонца.

Ад Падэна да Мікера — трынаццаць міль; ад Мікера да Хары — чатырнаццаць, а потым Аклахома-Сіці — вялікі горад. Том павёў машыну напрасткі праз горад. Маці прачнулася і стала глядзець на вуліцы, па якіх яны праязджалі. І тыя, што сядзелі наверсе, таксама глядзелі на ўсе вочы на крамы, на высокія жылыя дамы, на будынкі розных кантор і ўстаноў. А потым дамы і службовыя будынкі пачалі сустракацца радзей, рабілася ўсё менш крамаў. Пацягнуліся аўтамабільныя звалкі, сасісачныя, загарадныя дансінгі.

Руці і Ўінфілд пазіралі на ўсё гэта і дзівіліся, моцна ўражаныя, — які вялікі горад, як тут усё незвычайна, колькі на вуліцах прыгожа апранутых людзей! Стаіўшы дыханне, яны не перакінуліся ніводным словам. Потым нагаворацца, а цяпер маўчалі. Нафтавыя вышкі і ў горадзе, і на ўскраіне — чорныя нафтавыя вышкі, і пах нафты і бензіну. Дзеці нават ні разу не ўскрыкнулі ад здзіўлення: усё тут было такое вялізнае і такое незвычайнае, што іх узяў страх.

На адной вуліцы Ружа Сарона ўбачыла чалавека ў светлым касцюме. На ім былі белыя чаравікі і пляскаты саламяны капялюш. Яна тыкнула Коні ў бок і вачамі паказала на гэтага дзіўнага чалавека, і абое сталі перасмейвацца між сабой, спачатку ціха, а потым мацней. Яны заціскалі сабе рот далонню. Ім так было забаўна, што яны пачалі шукаць вачамі, з каго б яшчэ пасмяяцца. Руці з Уінфілдам убачылі, як яны душацца ад смеху, і таксама паспрабавалі пахіхікаць, але нічога не выйшла — проста не маглі. А Ружа Сарона і Коні сядзелі чырвоныя і ледзь пераводзілі дух, стараючыся стрымацца. Пад канец варта было ім толькі глянуць адно на аднаго, як яны зноў пырскалі ў кулак.

Прыгарад раскінуўся шырока. Том вёў грузавік паволі, асцярожна праз густы вулічны рух і нарэшце выехаў на вялікі заходні шлях — шашу № 66, да палатна якой апускалася сонца. Ветравое шкло зацерушылася пылам. Том насунуў кепку яшчэ ніжэй на вочы, і цяпер яму даводзілася задзіраць галаву назад, каб бачыць дарогу. Бабка так і не прачыналася, хоць сонца біла ёй проста ў заплюшчаныя павекі; жылы на скронях былі блакітныя, а тонкія прожылкі на шчоках чырвоныя, як віно, застарэлыя карычневыя плямы на твары яшчэ больш пацямнелі.

Том сказаў:

— Па гэтай дарозе так да канца і паедзем.

Маці доўга маўчала і нарэшце сказала:

— Можа, пашукаем зручнага месца для прыпынку, пакуль сонца яшчэ не зайшло. Трэба свініны зварыць і хлеба спячы. На гэта пойдзе час.

— Ата, — пагадзіўся Том. — Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзіць.

Ад Аклахома-Сіці да Бэтані — чатырнаццаць міль.

Том сказаў:

— І праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабіць прывал. Эл абяцаў паставіць тую штуку наверсе. А то яны там зусім спякуцца.

Маці зноў задрамала, але раптам ускінула галаву, сказала:

— Трэба вячэру прыгатаваць. — І дадала: — Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.

Ён доўга не адказваў ёй.

— Праўда? Ну і што ж, ма? — нарэшце сказаў ён.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор