Читаем Гронкі гневу полностью

Пачуўшы яе мяккі голас, дзед падняў галаву.

— Хадзем, — сказала Сэйры. — Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.

Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцяліся, ён хрыпла ўсхліпваў. Маці кінулася да яго і абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спіну, і павяла, пацягнула яго ў палатку.

Дзядзька Джон сказаў:

— Відаць, сапраўды дзед наш расхварэўся. Раней з ім гэтага не бывала. У жыцці не бачыў, каб ён слязу пусціў. — Джон хуценька залез на грузавік і скінуў уніз матрац.

Маці выйшла з палаткі і падышла да Кейсі.

— Вам даводзілася даглядаць хворых, — сказала яна. — Дзед занядужаў. Можа, пойдзеце глянеце на яго?

Кейсі паспешліва пайшоў у палатку. На зямлі ляжаў двухспальны матрац, акуратна засланы коўдрамі, у маленькай жалезнай печцы на ножках няроўна гарэў агонь. Вядро вады, драўляная скрынка з харчам, яшчэ адна замест стала — і ўсё. Заходняе сонца прасвечвала ружовым скрозь сцены палаткі. Сэйры Ўілсан стаяла на каленях каля матраца, на якім расцягнуўся на спіне дзед. Яго шырока расплюшчаныя вочы глядзелі ўгору, на твары гарэў румянец. Ён цяжка дыхаў.

Кейсі ўзяў яго кашчавае запясце ў пальцы.

— Крышачку стаміўся, дзед? — сказаў ён.

Шырока расплюшчаныя вочы пакасіліся на голас і не знайшлі таго, хто гаварыў. Вусны заварушыліся, бязгучна вымаўляючы нейкія словы. Кейсі памацаў дзеду пульс, адпусціў яго руку і паклаў яму на лоб далонь. У целе старога ішло змаганне, ногі безупынна варушыліся, рукі не ведалі спакою. З вуснаў зрывалася неразборлівае мармытанне, шчокі пад белай шчэццю наліліся чырванню. Сэйры Ўілсан ціха запыталася ў Кейсі:

— Вы ведаеце, што з ім?

Кейсі глянуў на яе маршчыністы твар і агністыя вочы.

— А вы?

— Здаецца, ведаю.

— Што?

— Магчыма, я памыляюся. Не хочацца дарэмна гаварыць.

Кейсі азірнуўся на старога, у якога ўвесь час паторгваўся твар.

— Думаеце… можа… апаплексічны ўдар?

— Думаю, што так, — адказала Сэйры. — Мне тры ўжо разы даводзілася бачыць такое.

А звонку даносіліся гукі бівачнага жыцця — секлі сухое голле, бразгалі посудам. Маці ўсунула галаву між полкамі палаткі.

— Бабка хоча зайсці. Можа, ёй не варта?

Прапаведнік сказаў:

— Не пусціш, яна разнервуецца.

— Як ён — нічога?

Кейсі паволі пакруціў галавой. Маці кінула хуткі позірк на дзедаў наліты крывёю твар, які скажалі пакутлівыя грымасы. Яна адышла ад палаткі, і пачуўся яе голас:

— Яму лепш, бабка. Цяпер няхай крыху адпачне.

Але бабка зласліва сказала:

— А я ўсё роўна гляну. Ён хітры чорт. Ад яго праўды ніколі не дазнаешся, — і хуценька прашмыгнула ў палатку. Яна спынілася каля матраца і глянула ўніз на дзеда. — Што з табой? — Дзед зноў павёў вачамі на голас, і губы яго скурчыліся. — Гэта ён ад злосці, — сказала бабка. — Я ж гаварыла вам, ён хітры, як чорт. Раніцай надумаў уцячы, каб не ехаць. Але раптам бядро ў яго разбалелася, — з пагардай прамовіла бабка. — Гэта ён проста ад злосці. З ім і раней такое бывала, калі ён не захоча ні з кім размаўляць.

Кейсі далікатна сказаў:

— Гэта не ад злосці, бабка. Ён захварэў.

— А! — яна зноў глянула ўніз на старога. — Цяжка захварэў, ты думаеш?

— Вельмі цяжка, бабка.

На хвіліну яна завагалася.

— Ну дык чаго ты не молішся? — таропка загаварыла яна. — Ты прапаведнік ці не?

Моцныя пальцы Кейсі нерашуча пацягнуліся да дзедавага запясця і абхапілі яго.

— Я ўжо казаў табе, бабка. Не прапаведнік я.

— Усё роўна маліся, — загадала старая. — Ты справу гэту на памяць ведаеш.

— Не магу, — сказаў Кейсі. — Я не ведаю, за што маліцца і каму маліцца.

Бабка адвяла ад яго вочы і спыніла позірк на Сэйры.

— Ён не хоча маліцца, — сказала яна. — А я не гаварыла вам, як малілася Руці, калі была яшчэ зусім маленькая? «У пасцельцы спачываю, богу душу ўручаю. А туды як прыляціць, там буфет пусты стаіць, а бедны сабачка галодны сядзіць. Аман». Вось як яна малілася.

Па брызенце палаткі з сонечнага боку пасунуўся цень — нехта прайшоў міма.

А дзедава цела ўсё яшчэ змагалася, б'ючыся ў сутаргах. Раптам яно здрыганулася, быццам ад раптоўнага ўдару, і дзед заціх і перастаў дыхаць. Кейсі глянуў на твар старога і ўбачыў, што ён робіцца чарнавата-барвовы. Сэйры дакранулася да пляча прапаведніка:

— Язык, хутчэй язык!

Кейсі кіўнуў галавой.

— Засланіце яго ад бабкі, — сказаў ён ціха і разняў дзеду сцятыя сківіцы, прасунуў пальцы ў самае горла, каб дастаць язык. І калі ён адцягнуў яго, з горла вырваўся раскацісты хрып і дзед перарывіста ўздыхнуў, як усхліпнуў. Кейсі падабраў з зямлі тонкую палачку і прыціснуў ёю язык, услухоўваючыся ў вуркатлівае, няроўнае дыханне.

Бабка насілася па палатцы, як напалоханая курыца.

— Маліся! — патрабавала яна. — Маліся ж! Маліся, табе кажуць! — Сэйры дарэмна спрабавала яе суняць. — Маліся, каб цябе чорт! — закрычала бабка.

Кейсі глянуў на яе. Вуркатлівае дыханне рабілася ўсё гучнейшым і больш перарывістым.

— Ойча наш, які ёсць у небе, свяціся Імя Тваё…

— Слава! — выгукнула бабка.

— …прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая… як у небе… так і на зямлі.

— Аман.

З адкрытага рота старога вырваўся сутаргавы ўсхліп і хрыплы працяглы выдых.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор