Читаем Гронкі гневу полностью

— Я баюся за цябе. Выходзіць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавіць.

Том засланіў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё ніжэй.

— Ты не хвалюйся, — сказаў ён. — Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпісцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калі там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак і адбіткі пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калі за мной ніякіх правінак не будзе, дык ім на мяне напляваць.

— І ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробіш і нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Каліфорніі многае такое лічыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабіць, думаеш, усё законна, а ў Каліфорніі за гэта караюць.

— Тады ўсё роўна, што з падпіскай, што без, — сказаў Том. — Праўда, такім, як я, больш перападае, чым каму. Але кінь непакоіцца. У нас і без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лішні.

— А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу — вось табе і злачынства.

— Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Саліса і з голаду здыхаць, — сказаў Том. — Давай пашукаем месца для прывалу.

Праехалі Бэтані з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзіла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскінута палатка, над якой з коміна, прасунутага праз брызент, віўся дымок. Том паказаў на палатку.

— Вунь нехта спыніўся. Бадай што, нядрэннае месца.

Ён збавіў газ і затармазіў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкі быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На ім былі таннае саламянае самбрэра, сіняя кашуля, чорная, у крапінку, камізэлька і зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокія і доўгія маршчыны на худых шчоках рабілі больш кідкімі яго вострыя скулы і падбародак. Ён падняў галаву і паглядзеў на грузавік Джоўдаў, і ў яго позірку адлюстраваліся заклапочанасць і раздражненне.

Том высунуўся з акенца:

— Тут спыняцца нанач не забаронена?

Дагэтуль чалавек бачыў толькі грузавік. Цяпер яго позірк перабег на Тома.

— Не ведаю, — адказаў ён. — Мы спыніліся тут толькі таму, што далей ехаць не можам.

— А вада тут паблізу ёсць?

Чалавек паказаў на хібарку заправачнай, што віднелася мо за чвэрць мілі наперадзе.

— Вада вунь дзе — вядро наліць дадуць.

Том быў у нерашучасці.

— А нічога, калі мы таксама тут спынімся?

Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.

— Я тут не гаспадар, — адказаў ён. — Мы толькі таму тут сталі, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.

Том не здаваўся:

— Усё ж такі вы ўжо тут, а мы толькі прыехалі. Ваша права вырашаць — перашкодзяць вам суседзі ці не.

Заклік да гасціннасці падзейнічаў імгненна.

— Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогі. Вельмі будзем радыя. — І паклікаў: — Сэйры, тут людзі спыніцца каля нас хочуць. Выйдзі паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, — паведаміў ён Тому.

Полкі палаткі расхінуліся, і з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы ліст, і на ім гарэлі вочы — чорныя вочы, у глыбіні якіх затаіўся страх. Маленькую жанчыну калаціла. Яна трымалася за адкінутую полку палаткі, і рука яе нагадвала руку шкілета, абцягнутую сухой скурай.

Яна загаварыла нізкім, прыгожым, мяккім пявучым голасам, у якім прабіваліся звінючыя ноткі.

— Скажы ім: з добрым прыбыццём, — прамовіла яна. — Скажы: сардэчна запрашаем.

Том з'ехаў з шашы і паставіў машыну ў полі побач з легкавой. Пасажыры выплюхнуліся з грузавіка, як кіпень з гаршка. Руці і Ўінфілд так паспешліва саскочылі, што ў іх ледзь не падкасіліся замлелыя ногі, і ўзнялі віск, калі ў лытках пачало паколваць, як іголкамі. Маці адразу ўзялася за справу. Адвязала вялікае вядро, што было прывязана ззаду грузавіка, і падышла з ім да дзяцей, якія ўсё яшчэ вішчалі.

— Ідзіце па ваду — вунь туды. Папрасіце далікатна. Скажыце: «Будзьце ласкавыя, ці нельга нам наліць вядро вады?» І не забудзьцеся, скажыце: «Вялікі дзякуй». Назад панесяце ўдваіх, толькі не расплюхайце па дарозе. А трапіцца на вочы сухое голле, захапіце з сабой — касцёр распалім.

Дзеці патупалі да хаціны.

А каля палаткі адбылася маленькая замінка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:

— Вы не з Аклахомы?

Эл, які стаяў каля легкавушкі, паглядзеў на нумарны знак.

— Канзас, — сказаў ён.

Хударлявы чалавек растлумачыў:

— Мы з Галены, з яе наваколля. Уілсан, Айві Ўілсан.

— А мы Джоўды. З-пад самага Саліса.

— Што ж, мы вельмі радыя пазнаёміцца, — сказаў Айві Ўілсан. — Сэйры, гэта Джоўды.

— Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзіўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.

— Гавораць усе па-рознаму, — сказаў Айві. — Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусім дзіўна гаварыла. Ледзь разумелі яе.

Ной, дзядзька Джон і прапаведнік узяліся разгружаць машыну. Спачатку памаглі дзеду злезці і пасадзілі яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставіўшы вочы проста перад сабой.

— Табе што, дзед, нядобра? — запытаўся Ной.

— Вельмі, — слабым голасам адказаў стары. — Страх як дрэнна.

Паволі і асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўілсан.

— Можа, вам лепш зайсці ў палатку? — запыталася яна. — Паляжыце там на матрацы, адпачніце.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор