Читаем Гронкі гневу полностью

— Я хацеў перасцерагчы вас, людзі, — сказаў ён. — Цэлы год прайшоў, пакуль я разабраўся ва ўсім гэтым. Спачатку двух дзяцей пахаваў і жонку, і толькі тады зразумеў. Але вам не ўтлумачыш, я ведаю. Мне таксама не ўтлумачылі ў свой час. Хіба ж раскажаш пра тое, як малыя ляжаць у палатцы з успушанымі жыватамі, а самі — скура ды косці, дрыжаць і скавычуць, як шчанюкі, а я бегаю, работы шукаю… не за плату, не за грошы! — выкрыкнуў ён. — Госпадзі, хоць за кубак мукі і лыжку здору! А потым прыходзіць следчы. Смерць дзяцей настала ад сардэчнай недастатковасці, кажа. Так і запісаў. Іх калаціла, а жываты надзьмутыя, як пузыры парасячыя.

Навокал яго ўсе маўчалі, трохі раскрыўшы раты. Амаль стаіўшы дыханне, пазіралі на чалавека ў лахманах.

Ён абвёў позіркам кола твараў, павярнуўся і шпарка пайшоў прэч, у цемру. Яна праглынула яго, але доўга яшчэ чулася шарканне крокаў, шоргат ног па дарозе. Па шашы прамчалася легкавая машына, і фары яе на міг вырвалі з цемры постаць чалавека: ён ішоў, валакучы ногі, нізка апусціўшы галаву, засунуўшы рукі ў кішэні чорнага пінжака.

Людзі каля ганка неспакойна заварушыліся. Нехта прамовіў:

— Ну што ж, час ужо позні. Трэба спаць класціся.

Гаспадар сказаў:

— Лайдак нейкі. Цяпер па дарогах шмат такіх бадзяецца. — І змоўк. Адкінуўся разам з крэслам да сцяны, пачухаў шыю пад падбародкам.

Том сказаў:

— Зайду на хвілінку да маці, а тады крыху далей ад'едзем.

Джоўды пайшлі ад ганка. Бацька сказаў:

— А што, калі ён праўду казаў?

Яму адказаў прапаведнік:

— Вядома, праўду. Сваю праўду. Ён нічога не выдумляў.

— А мы як? — запытаўся Том. — Для нас гэта таксама праўда?

— Не ведаю, — сказаў Кейсі.

— Не ведаю, — сказаў бацька.

Яны падышлі да палаткі — перакінутага цераз вяроўку брызенту. Усярэдзіне было цёмна і ціха. Калі яны падышлі блізка, нешта шэрае заварушылася на зямлі каля ўвахода і паднялося на ўзровень чалавечага росту. Гэта маці выйшла ім насустрач.

— Усе спяць, — сказала яна. — І бабка нарэшце задрамала. — Тут яна ўбачыла Тома і занепакоена запыталася: — Як ты тут апынуўся? Усё абышлося шчасліва?

— Наладзілі, — адказаў Том. — Можам ехаць далей разам з вамі.

— Дзякуй богу, — сказала маці. — Мне ўжо тут не сядзіцца. Хутчэй бы туды, дзе зеляніна вакол, прыволле. Хутчэй бы даехаць.

Бацька адкашляўся.

— А тут адзін расказваў…

Том таргануў яго за локаць.

— Ага, цікава было паслухаць, — сказаў ён. — Народу туды, кажа, едзе процьма.

Маці прыглядалася да іх у змроку. Пад брызентавым навесам кашлянула і засапла ў сне Руці.

— Я іх памыла. За ўсю дарогу першы раз вады на купанне хапіла. І вам яшчэ засталося, можаце памыцца. У дарозе хутка пэцкаешся.

— Усе на месцы? — запытаўся бацька.

— Усе, акрамя Коні з Разашарнай. Захацелі спаць на паветры. Сказалі, горача пад брызентам.

Бацька прабурчаў:

— Гэтая Разашарна дужа капрызная стала і пераборлівая.

— Першае дзіця, — сказала маці. — Яны абое проста трасуцца над ім. Ты сам такі быў.

— Ну, мы паехалі, — сказаў Том. — Збочым з дарогі дзе-небудзь непадалёк. Можа, мы вас прамаргаем, дык вы паглядайце. З правага боку будзем.

— А Эл застаецца?

— Ага. Замест яго дзядзька Джон паедзе з намі. Добрай ночы, ма.

Яны прайшлі праз сонны лагер. Каля адной палаткі няроўным агнём гарэла маленькае вогнішча, ля кацялка, у якім варылася ранняе снеданне, сядзела жанчына. У нос ударыла смачным пахам фасолі.

— Вось каб з'есці талерачку, — далікатна прамовіў Том, праходзячы міма.

Жанчына ўсміхнулася:

— Яшчэ не згатавалася, а то пачаставала б. Прыходзьце рана-раненька.

— Дзякуй, мэм, — адказаў Том.

Ён, Кейсі і дзядзька Джон прайшлі паўз ганак. Гаспадар усё яшчэ сядзеў на сваім крэсле, ліхтар шыпеў і час ад часу ярка ўспыхваў. Гаспадар павярнуўся да іх тварам.

— Бензін канчаецца, — зазначыў Том.

— Ага, час ужо закрываць.

— Манеткі па шашы, здаецца, ужо не коцяцца, — сказаў Том.

Ножкі крэсла грукнулі аб насціл ганка.

— Ты кінь задзірацца. Я цябе запомніў. Ты таксама з бунтаўшчыкоў.

— Трапіў у самую кропку. Я — бальшавік.

— Дужа многа вас развялося апошнім часам.

Том засмяяўся і, выйшаўшы разам з Кейсі і дзядзькам Джонам за вароты, палез у «додж». Сядаючы, ён прыхапіў камяк зямлі і кінуў яго ў святло. Яны пачулі, як стукнула па сцяне, убачылі, што гаспадар ускочыў з крэсла і пачаў узірацца ў цемру. Том уключыў запальванне і выехаў на шашу. Ён уважліва прыслухоўваўся да работы матора — ці не стукае. Шаша бегла перад ім, ледзь бачная ў слабым святле фар.

Раздзел семнаццаты

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор