Читаем Гронкі гневу полностью

Машыны перасяленцаў выпаўзалі з бакавых дарог на аўтастраду, што ішла праз горы і долы, і кіравалі на Захад. Удзень яны, як кузуркі, паспешліва беглі ў заходнім напрамку, а калі ў дарозе іх заспяваў вячэрні змрок, збіваліся, як кузуркі, у кучкі, бліжэй да жытла і вады. Людзі ціснуліся адзін да аднаго, бо іх даймала адзінота і разгубленасць, бо ўсе яны ўцякалі з тых месцаў, дзе іх спасціглі смутак, нядоля і паражэнне, бо ўсе яны імкнуліся дабрацца да новага таямнічага краю; яны гутарылі адзін з адным, дзяліліся перажытым, і ежай, і спадзяваннямі на нешта добрае ў новых краях. І бывала так, што якая-небудзь сям'я рабіла прывал каля ручая, потым другая спынялася там дзеля вады і людской кампаніі, а тады і трэцяя далучалася да тых, хто выбраў гэту стаянку і быў, відаць, задаволены ёю. І да захаду сонца там маглі сабрацца да дваццаці сем'яў, дваццаці машын.

Дзіўныя рэчы здараліся вечарамі: дваццаць сем'яў рабіліся адной сям'ёй, дзеці — агульнымі дзецьмі. Страта роднага кута рабілася агульнай стратай, шчаслівае жыццё там, на Захадзе, — агульнай марай. І бывала так, што хвароба аднаго дзіцяці ўводзіла ў роспач дваццаць сем'яў, сто чалавек. І сто чалавек усю ноч захоўвалі поўную цішыню, ахопленыя набожным страхам, калі ў адной з палатак раджала жанчына, а раніцай сто чалавек радаваліся нараджэнню дзіцяці. Сям'я, якая, можа, яшчэ толькі папярэдняй ноччу пакутавала ў адзіноце і страху, цяпер капалася ў сваім скарбе, шукаючы, што падарыць нованароджанаму. Вечарам каля вогнішча дваццаць сем'яў зліваліся ў адну. І гэтая аб'яднаная сям'я была бівачнай адзінкай, якая існавала адзін вечар, адну ноч. Даставалася загорнутая ў коўдру гітара, яе настройвалі, і ўначы гучалі песні — песні аб народзе. Мужчыны спявалі іх словамі, а жанчыны з закрытымі ратамі цягнулі мелодыю.

Штоноч ствараліся маленькія сукупнасці людзей — мініяцюрныя грамадствы, і ў такім «грамадстве», у такім свеце было ўсё — і дружба, і варожасць; у ім былі выхвалякі і баязліўцы і былі ціхія, сціплыя, добрыя людзі. Кожную ноч між імі завязваліся адносіны, без якіх не існуе чалавечае грамадства, і кожную раніцу яны разам знімаліся з месца, як вандроўны цырк.

Напачатку ў гэтых грамадствах, што ўзнікалі і рушыліся, людзі паводзілі сябе нерашуча, нясмела, але паступова стварэнне іх рабілася прывычнай справай. Наперад выступалі важакі, узнікалі правілы, нараджаліся законы. І чым далей на захад забіраліся гэтыя грамадствы, тым больш дасканалымі і добраўпарадкаванымі яны рабіліся, бо стваральнікі іх усё больш набіраліся вопыту.

Сем'і даведваліся, якія правы павінны захоўвацца: права пабыць у адзіноце ў сваёй палатцы; права схаваць у сэрцы памяць аб горкім мінулым; права ўдзельнічаць у гутарцы ці толькі слухаць; права адхіліць альбо прыняць дапамогу; права прапанаваць дапамогу альбо адмовіць у ёй; права сына пазаляцацца да дзяўчыны і права дачкі прыняць заляцанне; права галоднага быць накормленым і пераважныя правы цяжарных і хворых перад усімі іншымі правамі.

Сем'і таксама даведваліся, хоць ніхто іх гэтаму не вучыў, якія правы тояць у сабе зло і падлягаюць вынішчэнню: права парушаць чыю-небудзь адзіноту, узнімаць шум, калі лагер спіць, права спакусіць дзяўчыну, гвалціць, права на пралюбадзейства, крадзеж і забойства. Гэтыя правы няшчадна душыліся, бо калі іх не выкараніць, гэтыя маленькія грамадствы і ночы адной не праіснавалі б.

І па меры таго як грамадствы гэтыя ўсё далей пасоўваліся на захад, правілы самі сабой атрымлівалі сілу законаў. Незаконна пэцкаць каля лагера; незаконна брудзіць пітную ваду; незаконна сытна і смачна есці на вачах у галоднага і не падзяліцца з ім ежай.

А з узнікненнем законаў узнікалі і кары — кары ўсяго двух відаў: кароткае, але жорсткае збіванне ці выгнанне; выгнанне было больш суровай карай. Бо калі хто пераступаў закон, імя яго і твар заўсёды былі з ім, і не было яму месца ні ў якім з гэтых грамадстваў, дзе б яно ні стваралася.

Маральныя асновы ў такіх грамадствах былі цвёрда акрэсленыя і строгія: мужчына абавязкова павінен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калі начаваў разам з ёю ў палатцы, калі стаў бацькам і абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.

Сем'і ўсё далей забіраліся на Захад, спосабы стварэння гэтых грамадстваў усё больш удасканальваліся, і людзі адчувалі сябе ў бяспецы, бо нормы супольнага жыцця былі цвёрдыя і непарушныя, і сям'я, якая выконвала ўсе правілы, магла нічога не баяцца.

Самі сабой паяўляліся органы ўлады, з важакамі, са старэйшынамі; дурны не мог прапанаваць сваю дурноту грамадству. Гэтае начное жыццё было нечым накшталт страхоўкі. Чалавек, у якога была ежа, карміў галоднага і тым страхаваў ад голаду самога сябе. А калі памірала малое, каля ўвахода ў палатку вырастала кучка сярэбраных манет, бо дзіця трэба было хоць пахаваць па-чалавечы, раз яно не ўзяло ад жыцця нічога іншага. На могілках для беднякоў і бадзяг можна пахаваць якога-небудзь старога, толькі не немаўля.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор