П’янюткі салдат ледзь паспеў выслізнуць з учэпістых пальцаў пана Пракшына ды, нырнуўшы ў таго пад рукой, кулём зляцеў з лесвіцы ўніз. Яўгенія Канстанцінаўна вачыма праводзіла яго хісткую фігуру ды выцягнула шыю, зазіраючы наверх.
– Прозвішча!.. Званне!..
Да дзявіцы даляталі чарговыя выбухі. Аднак таго, каму яны адрасаваліся, відаць, не ўразіў ні тон пана Пракшына, ні яго выгляд, катораму, трэ адзначыць, падмакрэлы сурдут, які татухна так і не паспеў пераапрануць, не надаваў аніякай саліднасці.
– Папрашу звяртацца да мяне «ваша благароддзе», – Яўгенія Канстанцінаўна пачула гугнявы голас. – Памагаты прыстава, губернскі сакратар Дзятлікаў, Антон Іванавіч. У сваёй прысутнасці нягодных мясцовых дзікунстваў не пацярплю. Вы хто?
– Мясцовых дзікунстваў? – не зважаючы на пытанне, задушэўна перапытаў гаспадар, быццам каштаваў кожнае сугучча кінутых яму словаў, а потым розгаласна паўтарыў: – Мясцовых дзікунстваў?! Зараз я табе прыпомню і Студзеньскае паўстанне, і руска-польскую вайну! Нябось, сядзеў у мамкі пад лаўкай ды пікнуць баяўся, а зараз выслужваешся, строіш з сябе захопніка, трасешся за чын!
Можна было падумаць, што на нядоўгі час у Канстанціна Мікалаевіча ўсяліўся дух пакінутай у Менску цешчы, так яго абразіў хамскі выпад губернскага сакратара, які ўжо з захапленнем голасна разважаў пра дваранскі звычай выклікання на дуэль.
– У гэтым пакоі адзін дваранін. То я зараз проста наб’ю табе морду, сволач!
Па рэзка зачасцелай колькасці ўжывання гэтага слова Яўгенія Канстанцінаўна зразумела, што татухнавы заявы даволі далёкія ад гіпатэтычнага складу.
– Вы мяне не свалачыце! Я ганаровы грамадзянін, а вось вашае дваранства трэ яшчэ праверыць! – фанабэрліва кінуў Дзятлікаў, цалкам забыўшыся, што размаўляе зусім не з уяўным апанентам, як ён, відаць, любіў практыкаваць у сваіх думках.
– Палкоўнік у адстаўцы Пракшын Канстанцін Мікалаевіч, патомны дваранін ад Пятра Вялікага. Кавалер ордэна Святой Ганны і Святога Станіслава другой ступені, узнагароджаны медалём у памяць Усходняй вайны…
Аднымі вуснамі паўтараючы за татухнам ягоныя рэгаліі, Яўгенія Канстанцінаўна пра сябе заўважыла, што ў запале сваёй тырады пан Пракшын цалкам забыўся на папярэднюю Ганну трэцяй ступені з мячамі – за баявыя заслугі. З прыкрасцю пакруціўшы галавой, яна дапіла сваю гарбату і пакінула кубак на століку, дазволіўшы сабе на дыбачках узняцца па лесвіцы ды стаіцца непадалёк ад кабінета. Усё ж Канстанцін Мікалаевіч не на жарт разнерваваўся. Зараз панна Пракшына меркавала, ці то добра альбо наадварот, што матухна не паехала з імі: насамрэч, слушна, што яна не сталася сведкай такой непрыгожай сітуацыі, аднак з іншага ж боку – каму потым супакойваць татухну? Як бы і доктар не спатрэбіўся.
– …І калі мсье Дзятлік, – у татухнавых вуснах англамана французскія звароты гучалі асабліва крыўдна, – настойліва патрабуе, то я абяцаю зараз жа загадаць мужыкам вывезці яго ў лес ды там, згодна са звычаем шляхты ў мінулыя гады, разабрацца з назаленнем гэтакіх свінняў, якія зафанабэрыліся так, што…
Аднак жа пан Пракшын не скончыў сваіх гарачых абяцанняў, бо губернскі сакратар ужо выбягаў з кабінета, прыціскаючы да галавы капялюш. «І сапраўды – дзятлік», – адзначыла пра сябе Яўгенія Канстанцінаўна, паспеўшы разглядзець чырвоную, спатнелую ад спрэчкі ды сораму лысіну невялічкага чалавечка з задоўгім вастраватым носам, больш падобным да дзюбы. Толькі яго капялюш знік з вачэй – і панна Пракшына пачула, як недзе ўнізе заліўся хрыплым брэхам, што не пасаваў да яго мізэрнага цельца, Тэдзі ды нехта, віскнуўшы на зусім не высакароднай ноце, кінуўся ламіцца ў парадныя дзверы. Дзявіца ж заспяшалася ў кабінет, дзе на гаспадарскім стале панавалі рэшткі абуральнай
– Ну, Джынні, уразілася крымінальнымі карцінамі ва ўсёй іхняй драматычнай яскравасці? – хмыкнуў Канстанцін Мікалаевіч. – Падаецца мне, яны нават доказаў не сабралі. Падумаць толькі, не паспеюць атрымаць гэтае сваё грамадзянства ды замест выканання абавязку службы ўжо спяшаюцца дадаваць да прозвішчаў рускія канчаткі ды пышацца перад асобамі на шэсць класаў вышэйшымі… Ды годзе аб гэтым, я зараз жа іду разбірацца.
– Я з табой,
– Гэта мы нават не будзем абмяркоўваць. Я ж казаў, ідзі да Ягораўны, яна табе дасць чаю з сочывам…
– Чаю з сочывам я ўжо напілася. Нават не намагайся мяне адгаворваць! Я ўсё роўна пайду, – безапеляцыйна заявіла Яўгенія Канстанцінаўна. – Пагадзіся, лішняя пара вачэй у пошуку доказаў не пашкодзіць.
Вырашыўшы, што спрачацца будзе даўжэй, пан Пракшын, які ўжо трохі сцішыўся, каб больш не ўвязвацца ні ў якія дэбаты, але ж пакуль і не страціў засяроджанасці, пагадзіўся. Калі яны спусціліся на першы паверх, Канстанцін Мікалаевіч зноўку паклікаў аканомку.
– Ягораўна, дзе было знойдзена цела?