Вядома ж, Яўгенія Канстанцінаўна нават не стала прыніжаць сябе да размовы з гэтай поскуддзю, але ж ён палічыў інакш. Ахапіўшы дзявіцу крывадушна ласкавым позіркам, прымерыўся і адвесіў ёй шчодрую поўху. У яе нязносна пачала гарэць скура, а ён, нават не перарываючыся, выцяў яе зноў – здаецца, гэтым разам у панны Пракшыной трэснула губа, бо, аблізнуўшы яе, адчула дзявіца саленаваты смак. Няхай яго заб’е. Наўпрост каля яе ног. Чаму б не ўдарыць у яго якой бліскавіцы? Божа, дзе ж ты? Дый якая бліскавіца ў сярэдзіне верасня?
Але пакуль з вышэйшай расправай атрымалася замешка, бандыты пачалі тузацца паміж сабой.
– Ён жа казаў, не чапаць яе! – патлаты схапіў хлопца ўпоперак тулава.
– А ты не чапляйся да майго сына! – бяспальцы намагаўся іх разняць.
Яўгенія Канстанцінаўна ненавідзела ўсіх траіх, аднак у дальняй частцы цэху знянацку пачуліся неўразумелыя гукі. Здаецца, там быў нехта яшчэ. Бандыты пераглянуліся і выбеглі з памяшкання. Выбухнула некалькі стрэлаў, якія адгукнуліся крыкамі болю.
– Заб’ю, сволач! Дзе яна?! – лютаваў прыхадзень.
Зноўку стрэлілі, але ў панны Пракшыной нарэшце адлягло ад сэрца.
–
Дзявіца пачула хуткі тупат, але з-за перагародкі з’явіўся зусім не татухна. Перад Яўгеніяй Канстанцінаўнай у светлым фроку стаяў Падгорскі.
Раздзел XII
Ад шчасця і нечаканасці панна Пракшына нават на кароткі час крыху самлела, але, быццам красуня ў дзіцячай казцы, хутка апрытомнела, калі Андрэй Вікенцьевіч, прысеўшы на кукішкі побач, узяўся цалаваць яе збялелыя вусны. Праўда, ад гэтага дзявіцы трошачкі было балюча, бо губа ейная ад удару апухла, а кроў яшчэ не паспела запячыся. Заўважыўшы, як яна злёгку моршчыцца, Падгорскі ціха засмяяўся, стаў цалаваць дзявіцы лоб і гладзіць валасы, прыгаворваючы: «Жывая, жывая».
– Як ты мяне знайшоў? – квола спытала яна.
– Ды гэта няважна, – аддана ўсміхнуўся Падгорскі. – Што мне гэты Менск дзеля цябе перавярнуць?
Ён узяўся разблытваць вяроўкі, а панна Пракшына ціха плакала.
– Ну, што ж ты, мая харошая, перастань, – Андрэй Вікенцьевіч ужо выслабаніў яе рукі і, скінуўшы з плячэй фрок, захутваў у яго дзявіцу. – Усё скончылася.
Узяўшы яе аблічча ў далоні, ён правёў па ім адзінцамі, каб сцерці слязінкі. А Яўгенія Канстанцінаўна зарумзала яшчэ горш, абхапіўшы Падгорскаму шыю і прыціскаючыся мокрым тварам да яго шчаціністай шчакі. І сапраўды, дзе ж яму было пагаліцца, калі ён шукаў яе па губернскім горадзе? Не, усё ж такі калючы. Панна Пракшына адхінула галаву, каб зірнуць на яго. Але ж які гожы і як яна яго кахае! А ўжо як ён яе… Дзявіцы падалося, што яна лунае па-над зямлёй – Андрэй Вікенцьевіч схапіў яе на рукі і панёс прэч з затачэння.
Іх чакаў Міро, які гэтым разам быў сама чароўнасць: шчэрыў буйныя белыя зубы, нервова круціў у руках свой фасоністы цыліндр. Відаць, жадаў спадабацца панне Пракшыной, хаця выглядаў ён усё роўна страшнавата, сапраўдны мядзведзь! Яны выйшлі на вуліцу: здаецца, была раніца. Сонца было схаванае за аблокамі, і ад зямчужнага святла Яўгеніі Канстанцінаўне, якая немаведама колькі сядзела ў прыцемку, пачало рэзаць вочы. Яна зажмурылася і схавала твар, носам торкнуўшыся Падгорскаму ў духмяную шыю, а ён, відаць славячы нябёсы, яшчэ раз голасна абвясціў:
– Жывая!
Замест адказу заплёскалі па лужынах – відаць, прайшоў уначы дождж – спешныя крокі: да іх, аддзьмухваючыся, нехта падбег.
– Андрэй Вікенцьевіч, даражэнькі! Ну, што ж вы не дачакаліся? Дамаўляліся-дамаўляліся, а вы наперад пабеглі.
Панна Пракшына, напружваючы вочы, павярнула галаву на ўпіканні.
– Ігнат Андрэевіч? – разгубілася яна. – Як вы тут?
– Што гэта значыцца, як? – абурыўся павятовы спраўнік. – Атрымаў тэлеграму ад татухны вашага, Яўгенія Канстанцінаўна. І адразу ў Менск начным цягніком! Як жа мы толькі дапусцілі такое? Злачынства міжгубернскага маштабу! Вы самі як жа, цэлыя?
Пераканаўшыся, што ўсё з дзявіцай добра, Снопін кінуўся разам з памагатымі ўнутр, а Андрэй Вікенцьевіч, не адпускаючы панну Пракшыну, накіраваўся далей – да каляскі, у якую ўжо ўскочыў цыган. А тут з’явіўся і татухна, праўда, яго дзіўным чынам акружлялі некалькі малойчыкаў, якія мелі не менш зверачы выгляд, чым красун-Міро. Было падобна да таго, што яны ці то ахоўвалі Канстанціна Мікалаевіча, ці то не пушчалі яго ўварвацца ў самы вір падзеяў.
– Джынні! – голас татухны зрываўся. – Дзяўчынка мая, даруй!
– Ды за што ж,
– Не ўсцераглі, – сутаргава ўздыхнуў пан Пракшын. Ён хацеў быў узяць дачку, але Андрэй Вікенцьевіч трымаў дзявіцу моцна і дзяліцца выратаванай паннай ні з кім не збіраўся. Але Канстанцін Мікалаевіч супраць не быў: толькі радасна заўсміхаўся і пачаў чамусьці адварочвацца ад іх, шморгаючы носам.
– Едземце тады хутчэй дамоў, Бэтсі з Канстанцыяй Тэафільеўнай, пэўна, ужо страцілі розум у чаканні, – прапанаваў татухна.
І бамбізы павялі яго да экіпажа Пракшыных.
– Што гэта за людзі? – праводзячы іх позіркам, спытала Яўгенія Канстанцінаўна ў Падгорскага, які лёгка ўздымаўся ў каляску.