– Ды вы лепей накарміце яе як след, дзяўчо ж не ела ледзь не суткі! Хадземце хутчэй снедаць.
– Калі ласка, пачакайце, – уклініўся ўзбуджаны Падгорскі. – Я мушу абвесціць адну рэч.
Усе павярнуліся да яго. Андрэй Вікенцьевіч стаяў пасярэдзіне гасцёўні і глядзеў праз увесь пакой на панну Пракшыну.
– Насамрэч я не люблю задоўгія прамовы, і мне падаецца, што ты таксама, – звярнуўся ён да яе. – Я заўжды лічыў, што дзеянні каштуюць больш за словы, і спадзяюся, што табе цяпер зразумела, што ты для мяне значыш, Яўгенія. Таму я хачу прасіць тваёй рукі.
Здаецца, у гасцёўні ўсе перасталі дыхаць. Усхваляваная панна Пракшына трошкі пахіснулася – усё ж адбілася на самаадчуванні бяссонная ноч і нерваванне. Але ж Андрэй Вікенцьевіч падскочыў да яе і ўтрымаў на нагах. Схапіўшыся за яго, дзявіца страсянула галавой і хацела была ўзняць на яго поўныя кахання вочы, але ж заўважыла на рукаве ягонага фроку, у якім так пакуль і засталася, дзве чырвоныя плямкі.
– Ты паранены! – устрывожылася Яўгенія Канстанцінаўна, дакрануўшыся да яго прадплечча.
– Гэта не мая кроў, – адгукнуўся Андрэй Вікенцьевіч. – Напэўна, некага з бандытаў.
– А што ж, дарэчы, з бандытамі? – спытаў раптам татухна.
– Ігнат Андрэевіч наракаў, што мы з Міро ўсіх перабілі, – усміхнуўся Падгорскі і пераказаў свой кароткі дыялог з павятовым спраўнікам.
– Як жа вы так сабой не пабаяліся рызыкаваць! – у захапленні прамовіў Канстанцін Мікалаевіч. – Яны ж і забіць вас маглі.
– Ды чаго мне было іх баяцца? – здзівіўся зух. – Я ж ведаў, што іх трое!
Ведаў? Панна Пракшына прысела назад у фатэль, не адрываючы позірку ад чырвані, якая так непрыемна вылучалася на светлай тканіне, даводзячы да ўсведамлення дзявіцы гвалтоўнае сканчэнне чалавечага быцця. Зусім як тая лапіна ў флігелі, якая засталася ад нябожчыка. Але адкуль ён ведаў?
– Ды колькі ж можна пра гэтых ліхадзеяў! – не вытрымала пані Канстанцыя. – Быццам няма іншай нагоды для размовы.
– І сапраўды! – спахапіўся татухна. – Агапка, нясі шампанскае! Учынім святочны сняданак. Абавязкова трэба адзначыць такую шчаслівую развязку справы, праўда, Джынні?
Але яна маўчала. Андрэй Вікенцьевіч заклапочана ўскінуў бровы, зноўку павярнуўшыся да панны Пракшыной.
– Яна пакуль не разумее, што адбываецца, – шапнула бабуля.
– Што ж мы, насамрэч, усе накінуліся, – засмяяўся Падгорскі. – Маёй нявесце зараз патрэбны спакой!
Агапка, якая радавалася так, быццам бы гэта ёй толькі што зрабілі прапанову, абнесла ўсіх фужэрамі. У гасцёўні раптам стала тлумна, Андрэй Вікенцьевіч бліскуча жартаваў і ў момант, калі ўсе ўжо зазбіраліся да сняданку, прамовіў:
– З крыўдзіцелямі мы разабраліся, але ж што ўрэшце з залацішкам?
Яўгенія Канстанцінаўна ажно здрыганулася: залацішка! Здаецца, гэтак жа казаў і злы рабаціністы хлопец. У яе галаве ўсё перавярнулася.
– Хадзем? – Падгорскі працягнуў дзявіцы руку. Панна Пракшына ўзнялася.
– Дазвольце ж, – суха сказала яна. – Пакуль я не давала сваёй згоды.
– Жэнюшка, што ты такое кажаш? – узяла яе за плечы матухна.
Яўгенія Канстанцінаўна вырвалася з-пад яе рук і працягнула:
– Я разумею, што ўсе вы чакалі ад мяне зусім іншых слоў, але ж прашу выслухаць. Гэты чалавек, – паказала яна на Падгорскага, – зусім не тое, чым хоча ён сябе паказаць. І гэтая бязвінная цікаўнасць да Файнавага золата насамрэч з’яўляецца яго сапраўднай мэтай. Ці ж не так, шаноўны Андрэй Вікенцьевіч?
Усмешка сцерлася з яго аблічча, а ў вачах зазіхацелі небяспечныя вугалькі.
– Пакуль я была ў палоне, я чула размовы бандытаў, – тым часам працягвала Яўгенія Канстанцінаўна. – Яны казалі пра нейкага завадатара, якога яны надта баяліся і які забараніў ім чапаць мяне, за што выказваю яму цяпер падзяку.
Яна схіліла галаву, а Падгорскі спытаў:
– Што ж, яны табе маё імя назвалі?
– Ані, – пакруціла галавой дзявіца. – Аднак ліхадзеі даволі дакладна апісалі і вашыя прыкметы, і ваш характар, і нават пра намер жаніцца згадалі. Спачатку я нават падумаць не магла, што ўсё гэта датычыцца вас, але цяпер мне стала зразумела, пра каго яны казалі. Да таго ж зусім не дзіўна, што вы забілі ўсіх траіх. Вядома ж, навошта пакідаць сведак, якія вас здолеюць выкрыць?
– Яўгенія, спыніся! – выбухнула пані Канстанцыя.
– Чакайце, madame, – абарвала яе дзявіца. – Гэта яшчэ не ўсё. Кожны раз, калі мы сустракаліся з панам Падгорскім, ён выказваў занадты інтарэс да таго, як рухаецца справа з золатам. І ў Вельках – вы разумееце, Андрэй Вікенцьевіч, што я зараз маю на ўвазе, і ў Менску падчас нашага шпацыру: увесь гэты час вас цікавіла зусім не я, а выключна золата. Але ж хітрасць вашага апошняга ходу з прапановай я паспела ацаніць. Счаравалі, прызнаю. Ды толькі выдала вас вашая сквапнасць.
Яна зірнула яму наўпрост у вочы.
– Ну, – запатрабавала панна Пракшына. – Прызнайцеся ж, што гэта ўсё вашых рук справа.
Андрэй Вікенцьевіч спрэс пакрыўся чырванню, нават на лбе запунсавела ліхаманкавая палоска. Ён пастаяў некалькі імгненняў моўчкі, а потым ціха сказаў:
– Дура.