Але ж найважнейшай пабудовай тут была ратуша
(ратуш) ку оздобе места на рынку збудаваный. У 1600 годзе пра ратушу пішуць як пра новазбудаваную, якая паўстала замест старой, пабудаванай яшчэ ў ХV стагоддзі. Гэтая новая, апроч сваёй непасрэднай функцыі цэнтру гарадскога самакіравання, відавочна ўпрыгожвала горад і была яго яскравай дамінантай. Верхавіну ратушы ўпрыгожваў гадзіннік, які даглядаў зегармистр Мікіта і наяўнасьць якога сведчыла пра пачатак адлічэння новага часу, а таксама звон. У сярэдзіне будынка, ратушнай ізбе, была вялікая святліца са сталом і лавамі, а таксама вязніца. Свае дамы месцічы, што жылі на Новым рынку, апісвалі ў дакументах згодна з месцазнаходжаннем ратушы – против ратуша, каля ратуша.Тут засядаў урад места Менскага права майдэборскага на чале з войтам, бурмістрам сегорочным
, райцамі, лаўнікамі ды паспольствам – мяшчанамі, вырашаючы гарадскія патрэбы, выносячы прысуды паводле обетницы сумненя свойго, а таксама паводле доброго цнотливого слова купецкого. Будынак даглядалі ратушныя слугі і ахоўвалі вартаўнікі. Ратуша рэдка калі была зачыненая, унутры і звонку заўжды віравала жыццё. Аднойчы возны прынёс позву на самога пана войта Грыгорыя Тарлецкага, якога якраз на той час заспеў у ратушнай ізбе. На войта скардзіўся мешчанін Аніска Мятліч, які ў свой час даў пану войту на адно лета свой агарод ва ўрочышчы “У гары Дзмітроўскай” у Менску для сеяня речов оващовых, а цяпер не можа вярнуць уласнасць у свае рукі. Урэшце, войту хапала справаў, калі ў судовы суботні дзень ён чыніў справядлівасць кожнаму пакрыўджанаму. У 1600 годзе такімі пакрыўджанымі апынуліся ўсе менскія мяшчане, калі даведаліся, што новавыбраны бурмістр Санко Філіповіч замест працы на карысць горада з’ехаў з гандлями прэч з Менску. Калі ж возны знаходзіў дзверы ратушы замкнутымі, ён утыкаў у іх свае паперы і ўголас паведамляў пра тое ратушнай варце і тым, хто знаходзіўся побач на пляцы. Часам возны прыходзіў да ратушы не адзін, а са слугой магната ці замкавым прадстаўніком, каб вызваліць якую-колечы асобу, што не падлягала суду магістрата, але не заўсёды ім удавалася вырваць вінаватага з рук раз’юшаных мяшчанаў. Гэтак быў скараны стятем през меч на горла на рынку насупраць ратушы гвалтаўнік Ян Байкоўскі, слуга князя Фёдара Друцкага-Горскага, злоўлены на гарачым на Траецкай гары. Колькі ні прасілі возны і прадстаўнік князя аддаць збітага мяшчанамі і звязанага паўрозамі вязня на княскі суд, мяшчане скинувшисе, нас од его одтиснувши, перадалі гвалтаўніка ў рукі ката, адмовіўшы яму нават у просьбе сустрэцца з капеланам, абы з сумненем своим справицца мог, абяцаючы, што за грех и учинок свой покутовати буду и з маетности своее стороне жалобливой платити готов.Відавочна, не ўсе цешыліся з магчымасцяў гарадскога самакіравання. А найбольш выразна сваю непрыхільнасць да ўлады магістрата і яго сімвалу – ратушы выказвалі заежзджыя магнаты са сваімі слугамі ды памагатымі. Урэшце, яны чынілі великие и незносные
крыўды ўсяму месту, і, у абыход закону, хадзілі па горадзе з ручніцамі, пулгакамі, лукамі, разбіваючы па ўсіх вуліцах кабыліны, страляючы ў дамы і мардуючы жыхароў, хлеб на рынку беручы и всякую живность в крамах, у ремесников роботу гвалтом.Ахвярай такіх ліхіх наездаў была таксама і ратуша. Ліхадзеі кідалі ў яе вокны каменне, стралялі з ручніц па гадзінніку, з лука пад галку
, секлі дзверы і драўляныя бэлькі. Зранку возны, абыходзячы аскепкі бітага шкла, збіраў кулі і стрэлы пасля начнога бою з ратушай. (Міжволі ўзнікае аналогія, праўда, адно храналагічная: 1600 год. Іспанія. Дон Кіхот. Ветракі. Змаганне).(Разбураная царскімі ўладамі ў 1857 годзе, ратуша ўсё адно спрычынілася да патрэбаў свайго горада. З жалезнай бляхі было выраблена 1483 асабовыя шыльды на дамы гараджанаў. Камяні пайшлі на брукаванне вуліц і пляцаў, дрэва – для мастоў і альтанкі над крыніцай у Гарадскім садзе… Бурылі будынак арыштанты менскага турэмнага замка).