Чалавек суіснаваў у прасторы разам з безліччу нежывых рэчаў, саграваў іх сваёй прысутнасцю, даваў усяму знаёмаму-незнаёмаму не назвы, а менавіта імёны. Чалавек выяўляў праз гэта сваё асабістае стаўленне да навакольнага свету, пашыраючы навонкі свой уласны міф. Ён нібыта ўтвараў праз гэта своеасаблівы зачур, каб схавацца ад неабдымнасці, невядомасці, а часам і варожасці навакольнага свету. Для большасці тагачасных людзей жыццё абмяжоўвалася ўскрайкам лесу на даляглядзе, цёмныя нетры якога ажыўляліся і саграваліся, рабіліся фактам чалавечай гісторыі праз імёны, якія даваліся ўсялякаму прыроднаму знаку, кавалку зямлі, нават берагу ракі, што быў адрозны ад іншага. Калі гэта было балота, дык Дзікае, Крывое, Шырокае, Мшонае, Ваўчынае, Зачалае, Белае, Савінае, Кажанскае, Кіслінае… Калі лог, дык Бабровы, Вялікі, Глыбокі, Каменны, Срэбны. Калі лес – Салаўіны, Чорны, Ясны. Гай, пушча – Грыбаўшчына, Бацяжынскі, Кругляк, Лугагай Верадоўскі, Хомек Востраў, Голасавы, Барок. Калі ж урочышча – Бабіна вада-Букрыйная гара, Баран, Воранава, Елавец Гарохавішча, Жабавода, Кажушок, Калюгі, Карчаваціцы, Лызанос, Пад высокай гарой, Пад дубам Чарнаснетам, Пад пнём дубовым, Панядзелькаўшчына, Сутаны, Турава, Лысы камень, Камень вялікі, Ласкавы куст, Чармены ручай, Чарневы брод, Чорнае калена, Чорная лужа, Сіняя лужа, Грэйботкі, Багна нікчэмная, Папова горка, Ізбішча, Верх залаты, Дрыгінь, Ганезы, Старына вялікая, Крыніца, Крыўцы, Глыбокая даліна, Верх ялінкі, У бярозавага мастка. У Менску ды каля яго – урочышча Дзмітроўская горка, У сосен радовых, Ляхавая лука…
Праз назву маёнтка магла нават выбухнуць спрэчка сярод шляхты, бо, з аднаго боку, адстойваўся старадаўні звычай, а з другога – рознныя назвы аднаго і таго ж месца дазвалялі скарыстаць юрыдычную казуістыку, каб, прыкладам, не прыняць ад вознага позвы, дзе пазначаная іншая назва маёнтку. Вось фрагмент тыповай спрэчкі між шляхты праз назву маёнтку: …
Маёнтак Мехава мог называцца таксама Мехаўскім, а яго жыхары – мехаўлянамі.
Імёны даваліся ніўкам, грунтам, шнурам ад імёнаў іх гаспадароў і іх продкаў: Ахрэмаўшчына, Шушчэўская, Яноўская, Калеснікава… Нават пустая валока мела назву – Хролаўшчына. Вязніца ў Менску мела сваё імя – Дубоўка ці, магчыма, Дыбоўка – ад «дыбы». Тое самае і менскія дамы – Гурыноўскі, Ясеньскі, Вільчаковы. А таксама масты – Нізкі, Вялікі.
Я бачу гэтыя імёны, запісаныя ў старыя архіўныя кнігі, я чую іх, нібы старадаўнюю музыку.
Вяселле
Адной са значных падзеяў у прыватным жыцці сярэднявечных людзей было вяселле (
Свята пачыналася, жаніх ехаў па маладую, вясельны паязд вяртаўся ў дом, прыязджалі ды сядалі за стол госці. У залежнасці ад гаспадаровай заможнасці гасцей частавалі і трактавалі рознымі