Другой ахвярай начнога нападу прыхадняў віцебскага ваяводзіча Самуэля Паца сталася Казьма-Дзям’янаўская царква
з брацкім шпітальным домам на цвінтары (святыя Казьма і Дзям’ян лічыліся апекунамі лекараў і хірургаў) і школка руская для науки детиное, якія месціліся паміж Новым і Старым рынкамі на вулачцы, вядомай як Казьмадзям’янаўская (а значна пазней – Дзям’яна Беднага (!)). Ранкам вознага вадзілі на агляд шкодаў два брацкіх шпітальных старосты – Захарый Дзямідавіч і Астап Паўловіч, паказваючы знакі гвалтоўнага нападу: брама вялікая ўезная і хфортка, дзверы і вушакі сенечныя і святлічныя шаблямі або кордамі пасечаныя. Сталы, лавы, услонцы і вушакі аконныя ў сьвятліцы таксама парубаныя. Паказвалі нават конец шабли, што злодзеі паламалі, бючы па дрэве, а таксама разбіты масянжовы ліхтар з шасцю свечкамі, што вісеў пасярод святліцы. Не кажучы ўжо пра пашчараваныя па ўсім горадзе кабыліны. Асведчыў возны таксама і раны на саміх брацкіх старостах, а таксама на святары Пятніцкай царквы Яўціхію Васільевічу, які быў на той час у брацкім доме. Яго двойчы ўдарылі па твары і скралі аксамітную шапку. Забраліся нягоднікі і ў піўніцу, дзе пазбівалі замкі і зашчэпы, пілі мёд, піва, гарэлку, а рэшту пораспущали. А яшчэ раней, на змерканю, спаткаўшы каля дома мешчаніна Паўла Скаршэўскага немца Міхаэля Путыка, які у каморы тут жыў і вяртаўся дадому ад злотніка Людвіга Залатара, мо, і сам быў залатых справаў майстрам-чужаземцам, а можа, нямком ад нараджэння, забілі і замардавалі.Не могучы больш трываць такога здзеку і крыўды, калі места Менскае нишчат и пустошат как в земли неприятельской
, месцічы вырашылі згуртавацца, каб затрымаць зрушытелев спокою посполитого і перадаць як лёзных людзей да суду. Але злодзеі кінуліся ўцякаць за раку Свіслач, маючы намер перабрацца на Траецкую гару. Двое з іх патанулі ў Свіслачы, астатнія ўцяклі з горада на конях.На Новым Месце знаходзіўся евангелісцкі збор
, праз які вуліца і пляц, мажліва, і атрымалі адпаведныя назвы – Зборавыя. Да наступу контррэфармацыі яшчэ заставалася колькі часу, і збор актыўна дзейнічаў для сваіх прыхаджанаў, сярод якіх было шмат вядомых у Менску людзей, такіх, як земскія суддзі Грыгорый Макаровіч і Марцін Валадковіч, староста рэчыцкі князь Яраш Жыжэмскі, які ахвяраваў яшчэ пры жыцці свой уласны дом на вуліцы Юр’еўскай менскаму збору з милости своей хрестиянское. Але, бачачы, што дом праз спусташэнне прыбытку збору не прыносіў, зборавы дазорца Ян Цадроўскі і казнадзей Ян Тамашэвіч наважыліся прадаць дом Жыжэмскага земскаму суддзе Марціну Валадкевічу за 80 коп грошай і, не прывлащаючи того собе, што хвале Божей належила и належить, перадаць грошы на зборавыя патрэбы. (Відаць, Ян Цадроўскі быў надзейны чалавек, бо менавіта яму (а можа, ягонаму сыну?) у 1656 годзе давялося адстойваць правы менскай шляхты перад непрыяцелем – маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам, баронячыся ад свавольства чужынца, прызначанага менскім ваяводам, – Юрыя Арсеньева).Варта спыніцца… За вокнамі – Менск пачатку ХХІ стагоддзя, на стале – спрэсаваная ў тоўстыя рукапісныя кнігі гісторыя Менска 1600–1640 гадоў. З кожнай старонкі – голас. Часам ціхі, часам вельмі гучны. Ёсць нябяспека памыліцца, пэўная спакуса стварыць «горад-макет». Размясціць яго на стале і перасоўваць па яго ўяўных вулках васковых чалавечкаў і коней, карэты і калёсы, захінаючы ўласным ценем горад ад Замка да Новага Места. Нашая павярхоўнасьць у гэтым выпадку зыходзіць з таго, што мы ведаем: наперадзе ў горада яшчэ столькі ўсяго будзе! Але хто ведае, што чакае нас, што ў нас наперадзе? Хто будзе пільна ўглядацца ў макет горада нашага часу, захінаючы яго сваім ценем і перастаўляючы нерухомыя фігуркі паводле свайго разумення?
Імёны
Цяжар i пяшчота падымаць веi памерламу слову
І. БабкоўІмёны тагачасных людзей – своеасаблівая палітра сярэднявечча. Як пэўны ландшафт вымушае дойліда дапасоўваць свае творы да твару прыроды, так і імёны, знітаваныя з прозвішчамі, узніклі на падрыхтаванай глебе пэўных спалучэньняў гукаў і колераў.
Імя застаецца запісаным у актавай кнізе і ёсць часцяком адзіным сведчаннем пра тое, што чалавек быў, думаў, да нечага імкнуўся. Дзіўна, імя ніколі не памірае. Аднойчы прамоўленае ці запісанае, яно нясе эмацыйную інфармацыю пра мінуўшчыну, насычае тэкст неўміручай прысутнасцю Духа жывога.