Так дзвесце шэсцьдзесят партызан выйшлі самым ранкам да ляска, на ускраіне балот, непадалёк ад Крапілаўкі. Над небасхілам на ўсходзе палыхала зарава дня. Над далёкім усходам праплывала дрыглівая палымнеючая сінява. Здавалася, вось-вось прарвецца яна і агнямі разальецца па ўсяму свету. А высока ў небе, куды не даходзіла зарава, усё яшчэ нерухома стаяў, як у дазоры, збляднелы месяц.
Партызаны спыніліся ў ляску, каб адпачыць. Яны закурвалі, узбуджана гаманілі і то адзін, то другі прабіраліся на ўскрай лесу, каб адтуль непрыкметна зірнуць на блізкія стрэхі крапілаўскіх хат. Партызаны збіраліся групамі. Ад аднае групы да другой хадзіў радасна ўзбуджаны Каленік. За два месяцы жыцця па хутарах ён аброс барадою, і партызаны-юнакі цяпер часцей звалі яго проста дзядзькам.
— Акурат на снеданне, хлопцы, дома будзем,— казаў ён спыняючыся перад крапілаўскімі.— А да полудня і пераспім крыху.
Ён думаў пра блізкае спатканне з дзецьмі. Нябось Валька вунь як падрасла ўжо, зусім гаспадыня ў хаце. I хлопцы падраслі. Яны абшчапераць бацьку за шыю і доўга не выпусцяць яго з хаты. Каленік ведаў, як дапытвалі дачку палякі. Ён увесь час думаў цяпер толькі пра яе і хацеў як мага хутчэй убачыць яе. Узнімалася пачуццё незразумелай трывогі і пачынала непакоіць яго. Ён пазваў Міцьку Арлоўскага і нібы для таго, каб паказаць яму, што зусім блізка яго сяло, павёў на ўскрай лесу. Адтуль яны ўбачылі стрэхі крапілаўскіх хат. Хаты табуном сышліся ў лагчыне і толькі воласць і папоў дом ды ў баку яшчэ дом Нацэвіча, высіліся на ўзгорку над усім сялом. Дзе-ні-дзе над стрэхамі высока ўздымаліся слупы шызага дыму і непрыкметна расплываліся ўгары. Каленік паказваў у бок сяла рукою і ўсё гаварыў, каб заглушыць у сабе раптам узнікшую трывогу. Ён паказваў на стрэхі хат, гаварыў, чыя дзе хата, прыгадваў розныя здарэнні з далёкага дзяцінства свайго і з дзяцінства крапілаўцаў, якія сталі партызанамі.
У гэты час за балотамі, над далёкім лесам, усплыло залатым сваім краем сонца і брызнула на зямлю святлом першых промняў.
— Цяпер будзем чакаць сігналу,— сказаў Каленік і раптам змоўк.
Яны доўга стаялі з Арлоўскім, углядаючыся ў цёмную сінявую наску лесу за крапілаўскім полем. Адтуль будзе ісці семдзесят другі стралковы полк. Ён непрыкметна выйдзе ў поле і, разгарнуўшыся фронтам, падасць партызанам сігнал ісці ў бой. Сігнал убачылі хутка, як вышаў з-за небасхіла поўны круг сонца. Адна за другой узляцелі ў неба дзве ракеты і, накрэсліўшы на блакіце неба дугу, рассыпаліся нябачнымі іскрамі. А за гэтым адзін за другім пачуліся чатыры стрэлы. Тады Каленік з Арлоўскім кінуліся да сваіх. Атрад яшчэ да таго разбілі на тры групы. Самую большую павёў Арлоўскі з боку рэчкі, каб ударыць палякам у тыл. Другая, меншая група, пайшла проста на сяло з боку балот, а сам Каленік з кулямётчыкам і пяцёра партызан накіраваліся паўз бераг рэчкі да маста, які палякі часова аднавілі, і заселі там за кустамі.
Лёд на рэчцы не трывалы. Кінуўшыся ўцякаць, легіянеры пабягуць да мосту і тады ім можна будзе адпомсціць за ўсё.
— Мы сустрэнем іх яшчэ ў полі,— скаэаў кулямётчыку Каленік,— а тут расквітаемся в імі канчаткова.
Яны ляжалі на ўзгорку. Перад вачыма поле, лапікамі чорнае ўжо, без снегу. На ўзгорках зусім няма снегу. Яны асветлены сонцам. I гэта нагадвае Каленіку дзяцінства. Як ніколі ён цяпер усё да дробязей прыпамінае з перажытага ў дзяцінстве, нават тагочасныя адчуванні.