Аляксандраў пацешна хітнуў на знак згоды, але мне ад таго відовішча мала пацехі стаяла.
– А я, напрыклад, – не выбіраўся суціхаць Драбышэўскі, – чытаў адзін наш стары манускрыпт, уратаваны маім бацькам ад агню ў 39-м. Дык там наш далёкі продак Свабадан Корка ясна пісаў пра мажлівасць спаруды ў будучыні машынаў для палёту ў космас:
Цытатку ён прытачыў на старакрывіцкім дыялекце. Гэта яўна закранула, як прафесійны гонар, так і самалюбства Паўла. Ад таго ён пачаў бязвоглядна прыдумляць свае ўласныя заслугі ў знаўстве старажытных манускрыптаў:
– Я ў Вільні быў. У бібліятэцы працаваў. Адзін рукапісны зборнік пачатку ХVІ стагоддзя бачыў. А там дужа цікавы ўрывак ёсць. Аўтар – нейкі Альбін Крыштаповіч – прыхільна выказваецца аб геліяцэнтрычнай тэорыі. Але да ўсяго дадаў думку пра наяўнасць на небе не адной, а дзвюх планетаў Зямля, якія рухаюцца такім чынам, што ні мы, ні тыя іншыя не можам убачыць братнія планіды, бо ўвесь час яны хаваюцца адна ад другой за Сонцам…
– І ты маўчаў? – узрушыўся ад неверагодных звестак Чэслаў. – Гэта ж цудоўная інфармацыя для маёй кнігі… Ты нічога не блытаеш? Выпіскі якія-небудзь рабіў?
– Натуральна. Пра другую Зямлю доктар Крыштаповіч пісаў:
– Паўле, дасі пакарыстацца? Калі што, я сам выпраўлюся ў Вільню. Дасі?
– Натуральна дам. Вось толькі зараз пераможаш мяне на ручках і абавязкова атрымаеш патрэбныя выпіскі і дакладную назву зборніка, – нечакана рэкнуў Паўлуша і паставіў правую руку на стол, зрыхтаваўшыся да ходання.
Я гатовая была ад сораму ў цемру апраметную праваліцца. Аднак паўстрымалася.
– Чур, левымі! – з неабыякой жвавасцю падхапіў Чэслаў прапанову майго мілага.
Той згадзіўся, і яны сталі дужацца левымі рукамі, станаўко дзержачы раўнавагу і працягваючы
– А Сонца? – прашаптаў Павел.
– Абпаліцца можна, – пракрахцеў Чэсь. – Вельмі моцна пры тым.
– Аднак прашчуры нашыя, грозныя крывічы, шанавалі яго…
– Не без таго. Ува ўсім захавалася салярная сімволіка. Ганчарны круг і то – знак Сонца.
– Хіба?
– Спытай у ганчара…
– Дзе той ганчар? Невідно тутака.
Іхныя рукі пачыналі дрыжаць, і можа б адзін з іх урэшце здаўся, але раптоўна штосьці гучна хлопнула, а мой нарачэны падскочыў з месца,
Падзеі каторы раз набывалі нечаканы паварот. Паляванне ўшчалося супраць некага з нас, і ўсім меркавалася тут сувязь з забойствамі мянчанак і знікненнем з відавоку спадара Вайніслава Баўта. Раненне было нянадта сур’ёзным. Як патлумачыў доктар Акімовіч-Загорскі, гэта сталася наступствам стрэлу з ладнае адлегласці. Калі б зламыснік наблізіўся на колькі сажняў да дому, дык Паўлу давялося б развітацца з левым корхам, бо раздрабіла б косткі ўшчэнт. У паліцыю звяртацца палічылі нявартым, бо гэта давала б падставу для лішніх роспытаў. А іх мы ўсе чыста асцерагаліся, бо так ці інакш пачуваліся шкадліымі катамі з прычыны нашых сходаў. Сапсаваную стрэлам шыбу Чэслаў тэрмінова замяніў.
Павел сядзеў з перамотанай рукой і, здавалася, плакаў. Я асцярожна глянула яму ў вочы, і ён, адвярнуўшы голаў, прашаптаў:
– Вось яны твае рымскія шэршні, Наталечка! Не зусім каменныя, але так кусаюцца. У руку. Бо прыручоныя. Добра, што шалёнай пярэстай каровы не прысніла.
У ягоным голасе трымцелі ноткі ўшчування, нібы гэта я была віннай у тым зламысным учынку.
– Навошта так марнавацца, Паўлуша? Нашто такая крыўдлівая радасць ад тлумачэння маіх тлумных сноў? – я пераставала пазнаваць у гэтых пытаннях самую сябе, маўляў, хтосьці казаў тыя цягучыя, як ліпавы мёд, словы замест мяне. Гэта таксама лякала.
Выявілася, што розум у пэўным спалучэнні з выразнай безразважнасцю ў спадарыні Ірэны Галавацкай ўсё ж быў. Не ведаю, што яе варухнула, але яна пажадала пабачыцца tête-а-tête са мною. Сустрэліся мы ў Аляксандраўскім скверы. Хадзілі туд-сюд па сцяжынах ледзь-ледзь прысыпаных снегам. Ірэна пачала.
– Я здагадваюся, што вам неабыкавы лёс спадара Вайніслава Баўта. Ці праўда?
– Але, – з долькай адстароненасці вымавіла я. – Толькі ж мы ўсе за ягоны кон перажыванні маем.