Спадар Ляхоўскі з цікавасцю сустрэў нашыя прапановы. Ён пасміхаўся і, слухаючы, кідаў позіркі на Ірэну, нібыта кот на смятану. Я здзівілася, бо Людвік, быўшы халасцяком, ніколі не выглядаў на бабахота. А тут такія вочы! Ірэна на гэта не зважала і паслядоўна выкладала ведамыя факты. «Дзеяпісец» не менш паслядоўна ўсенька занатаваў, а потым прапанаваў гарбаткі. Мы згадзіліся на гарбатавую цырымонію, абы толькі не пакрыўдзіць шаноўнага мазгара. Тут варта яшчэ нештачка адцеміць. Людзей тыпу Людвіка, а нат і разумнейшых за яго, у Менску хапала. І я, і Ірэна чулі мо’ з паўдзясятка розных прозвішчаў, носьбіты каторых слынулі гострым розумам і праніклівасцю. Мы маглі б звярнуцца да старога Ігната Легатовіча, што зрок свой пакінуў на бачынах, чытаных ім кнігадрукаў і рукапісаў. Дома ў яго было шмат цікавых і рэдкіх выданняў, многія з якіх ён ведаў напамяць. Можна было б пайсці да спадара Мікалая Караткевіча, які спрабаваў пісаць беларускія вершы, а яшчэ больш займаўся росшукамі даўняіндыйскіх каранёў у народных крывіцкіх песнях. Аднак ні таго, ні другога мы не ведалі асабіста, а справа – пагадзіся, любы чытачу! – была надта далікатная, каб пасвячаць у яе незнёмых, дарма што разумных, людзей. Не зважаючы на тое, што спадар Ляхоўскі як чалавек спараджаў ува мне не самыя лепшыя эмоцыі, давялося сціпленька адсунуць іх у далёкі куточак-вугалочак. Нечакана для сябе самой я нават усміхнулася пэўнага кшталту ласкавай усмешкай. Атрымаўся гэтакі траісты хаўрус, да двух звёнаў якога пры іншай раскладцы рэчаў я ніколі б не прылучылася. Такі прылучáй, што з куколем каравáй. Пакінуўшы Катá Смятанкавіча разбірацца не з малочнымі рэкамі, а з крывавымі берагамі, мы разбегліся па сваіх справах.
Усяведная спадарыня Шрэйдар чародным разам учыніла допыт мне і Паўлушу. Цікавілася найперш ягонаю рукою: «Będcie so любезны et explain mir, per favore, jak pan свой main verletzt hat?». Нарачэны стаў плясці кашалі ў лапцях пра ангельскі спорт boxing, каторым ён, нібыта, так няўдала стаў займацца. Гаварыў досыць няскладна, і гаспадыня пансіёна наўрад ці верыла яго растлумачэнням, але ўважна пагойдвала галавой. Яна абвяла нас халоднымі хітрымі вачыма і, як сумела, прамовіла па-беларуску: «А мо, мапанку, ня з тым паздароўкаўся быў?». Яна відочна на нешта намякала. Прынамсі давала ўразумець, што цудоўна ведае пра нашыя плёсканні ў беларушчыне. Але чаму не казала ўсё простым тэкстам, а дурыла нам галаву сваімі вычварнымі рэплікамі? Віхурылі розныя версіі, і сэрцу траха не было паскудна, бо intuition праракавала імавернасць паліцыйнага ўваходу ў нашыя беларускія справы. За колькі напружаных секундаў ува мне паспела прайсці стогадовая вайна сумневаў з агніскамі пострахаў для нецнатлівай Жаны д’Арк Гомельскай. Я супакойвала сябе тым, што маса людзей, звязаных з беларушчынай, не пераследвалася паліцыяй (многа я знала, глупічка!), а спадар Шпілеўскі нават цэлую кніжку пра Беларусь выдаў – і нічога дрэннага. Урэшце я раскрыла свой рот, ніяк не рэагуючы на беларускамоўнасць апошняй фразы гаспадыні:
– Ды не, спадарыня Шрэйдар. Паўлуша сапраўды захапіўся гэтым дзікунствам. Але што зробіш? Мужчынаў жа хлебам не кармі, а дай кулаччом памахаць. Дык добра, што хоць па ўсталяваных правілах, а не ў карчме без ладу спаміж цьмянай непрыстойнай публікі.
– Und чем tutaj sense? – палагаднеўшы, спытала яна.
– Sense ёсць тым… – натхнёна пачала я. Але Павел, агоўтваючыся ад чарговага здранцвення, паспрабаваў уткнуць свае няўцямныя тры грошыкі:
– …у чым трымаецца зразумеласць…
– …чаго-колечы… – роспачна беспаспяхова зрабіла я высілак на давяршэнне нашай супольна бессэнсоўнай тырады. Спадарыня Шрэйдар па-саламонаўску ўздыхнула:
– Любезнейшие мои, io verstehe here nils cholera! Вoxing to jest for крестьяне… Io chciałem вам recommend football. Тhat jest phantastich! Footbal ist игрой of Zukunft!
– Магчыма, – прамармультаў Паўлуша.
Гаспадыня зноўку ўсміхнулася і, гатовая ўжо нас адпусціць, запытала:
– Czy товарищ ваш go home?
Мяне нібыта па шчаках адхвасталі, так яны загарэліся пасля гэтага пытання «мімаходзь». Гаспадыня мяне нервавала, і ў розуме маім мільгатнула (ды не знічкаю, а ззяннем паўночным!), што спадарыня Шрэйдар усім цікавіцца не проста так. Абазнанасць ейная здавалася надта аб’ёмістай і ад таго паўстрашальнай. Як што Павел моўчкі стаяў, быццам стод, на пытаннейка адказала я:
– Вярнуўся. Вось толькі прыхварэў трошкі.
– Бедняжечка.
Удакон агаломшаныя паводзінамі гаспадыні мы нарэшце пакінулі злавесны кабінет. Яна мне рашуча пераставала падабацца.
Пасля заняткаў да мяне падышла вельмі пекная пансіянарка выпускнога году Эміля Самбук. На ейных вейках дрыгатала хваляванне, а язычок не мог гладка увасобіць думку:
– Mademoiselle Клыкоўская, я… у мяне… вы… да вас справа.
– Слухаю вельмі ўважліва.