– Я пазнаёмілася з адным monsieur. Мне думаецца, што гэта coup de foudre. Але баюся, што толькі з майго боку. Маю avant-goût, што не кахае ён мяне зусім. Il y a plus ён значна старэйшы за мяне.
– Якога веку?
– Гады 23 можа. Mademoiselle Наталля, ён мастак. Піша пейзажы і партрэты.
– Дык ад чаго ваш страх, апрача ягонага ўзросту? – дзелавіта ўдакладніла я.
– Ён запрасіў мяне к сабе да дому. Хоча напісаць мой партрэт у вобразе Дыяны. Я страшуся собскае à nu і таго, што Антонія найперш вабяць мае, pardon, mamelle, а зусім не пачуцці.
Грудзям ейным і сапраўды магла пазайздросціць кожная какетлівая паненка.
– То чым жа я пані Эмілі магу дапамагчы?
– Схадзіце разам са мною на першы сеанс. Калі ён вам не спанаравіцца, то я адразу ж разарву з ім кожныя стасункі. Хай тады prostituée малюе, mauvais subject! – пасля неспадзяванай прапановы зняцейку рэзка закончыла свае словы пансіянарка.
Я скрывіла носік:
– Фі, як паненцы не сорамна так выслаўляцца? – і, загнаўшы Эмілю ў барвізну, пагадзілася з ёй.
Насамрэч мяне радавала тое, што яна знайшла сабе кавалера. Узрост там быў абсалютова негалоўнай акалічнасцю, бо нярэдка розніца між жонкай і мужам складала ад пятнаццацёх да трыццацёх гадоў. Цешылася ж я таму, што пансіянарка нарэшце перастала касіць свае блакітныя вачаняты на майго нарачэнага.
Па словах закаханай пансіянаркі спадар Крушэўскі – такім прозвішчам ён назваўся Эмілі пры знаёмстве – наймаў кватэру на Паліцэйскай вуліцы. Увечары мы туды з ёй і адправіліся. Адрас паненка завучыла напамяць і згадвала па дарозе разоў колькі ў самых разнастайных кантэкстах. Мяне гэта крышку злавала, бо дзяўчына ў тыя моманты прыпадабнялася да папугі. Шлях нашага падарожжа быў нянадта даўгім. На скрыжаванні Захараўскай і Паліцэйскай мы збочылі направа. Я ледзьве дыбала за вучаніцай, якая ўвачавідкі неслася на крылах кахання, якія перасталі трымцець ад ранейшай боязі. Эміля пагрукала падвесным малаточкам у патрэбныя дзверы. Пазней я сцяміла, што стаяла вустарань ад дзвярэй і візітанткі – такім чынам, што знутры дома агледзіць мяне было немагчыма. Таму і спадар, каторы неўзабаве выйшаў, быў пэўны, што «Дыяна з пансіёна» прыйшла згодна з запросінамі адна.
– Рады вітаць Вас, о святло маіх вачэй, – ялейна прапяяў мастак.
– Вечар добры. Калі будзе дазволена Вамі, я тут не адна, – дзяўчына дала мне нарэшце магчымасць ступіць да ўвахода і зірнуць на спакмень ейных уздыханняў. Зграбная пастаць. Модны еўрапейскі гарнітур, з якім жудасна кантраставала бязлепая турэцкая шапка. Я ацаніла ўсё гэта ў дзве секунды, а на трэцюю дапяла, што твар, каторы ладна хаваўся за чорнаю з просінню барадой, быў на сто адсоткаў знаёмым.
– Ты-ы?! – з глупым парсючым візгатам выкрыкнула ваша пакорлівая слуга, пазнаўшы ў барадатым спадары свайго мілага Паўла Аляксандрава.
Я чакала адпіранняў, вужыных звіванняў і беспардоннае хлусні напару з яхерыстымі і бязглуздымі апраўданнямі заспетага мала не на гарачанькім нарачэнага. Чаканні былі вельмі кароткімі – Павел без аніякіх словаў чыста знянацку зрабіў злева бліскавічны ўдар кулаком мне ў сківіцу. Пасля дзённага паўночнага ззяння ў кабінеце спадарыні Шрэйдар цяпер ледзьве не фігуральна давялося пабачыць Вялікую Мядзведзіцу з усімі ейнымі мядзведзяняткамі, якія мерна рассыпалі вакол сябе шматкаляровыя пярлінкі.
Апрытомнела я хвілін празь пятнаццаць, літаральна плачучы ад немага болю і невымернай крыўды. Аціраючы гэтыя (ужо мае ўласныя) салёныя пярлінкі, зайшла ў дом. Усе, як адзін, пакоі былі пустымі, а сцены абшарпаныя, пакрытыя дзе-нідзе цвіллю. І толькі ў найдалейшым куце ляжалі іржавыя ланцугі. Ні Паўла, ні Эмілі не было. Я хуценька выбегла вонкі. Балазе новы снег за час маёй непрытомнасці не пайшоў, дык быў шанец агледзіць на старым снежным покрыве знакі. Папросту – сляды. Яны сведчылі: Павел адключыў пансіянарку і бяспамятную павалок кудысь у бок Садовай. Надта вусцішна было думаць, што мой нарачэны займаўся ўсёй гэтай плюгой і брыдотай. Хваляваў мяне і канкрэтны лёс глупенькае