Читаем Імя грушы полностью

Спадар Ляхоўскі не быў шматслоўным, але ўсё ж патлумачыў, што мо’ і не дадумаўся б да вызначэння агульнага падабенства злачынстваў, каб не кніга, якую ён тады акурат чытаў. Во, ён любіў і давяраў кнігам, а кнігі, здавалася, адказвалі яму тым самым.

– У адным еўрапейскім сярэднявечным рамане, я сутыкнуўся з гісторыяй чаргаваных забойстваў. І там яны ўсе сімвалізавалі пэўны знак з Уз’яўлення Яна Багаслова. Супаставіўшы тое-сёе біблейскае, мяркую, што наш забойца…

– Які ён наш? – двохспевам перабілі мы.

– …што менскі забойца дзейнічае, імітуючы сімволіку дзесяцёх каранняў егіпецкіх. З дазволу спадарыняў прыточвацьму тут асобныя цытаткі са Старога Запавету і мае з’ясненні ў звязку з канкрэтным трупам мянчанкі.

Ён быў у тое імгненне, як шастак у кірмашовы дзень – спраўны ды абароцісты.

– “І абраціся вада ў кроў… І вазсмярдзела рака, і не можаху егіпцяне піці з нея вады, і была ест кроў па ўсей зямлі егіпецкай”.[6] Першую менскую гаротніцу утапілі галавой у смярдзючай жыжцы. Колеравая гама той жыжкі неістотная, істотна, што труп быў каля Нямігі, якая здавён завецца крывавай. Забойца без праліцця крыві абвясціў аб пачатку свайго крывавага шляху па зямлі менскай.

– Божачкі, – толькі і прашаптала Ірэна.

– “І працягнуў ест Аарон руку сваю на воды егіпецкія, і выйшлі суць жабы і прыкрылі зямлю егіпецкую”. Другую забітую, Крэйну Шыфэр, як ведаеце, знайшлі з жабамі ў роце.

– Але чаму ў роце? У «Выйсці» ж нічога пра рот не сказана, – уварвалася са сваімі сумневамі я. – Да таго ж у Крэйны там былі не цэлыя жабы, а толькі жабіны галовы.

– Спадарыня Наталля, гэта не вельмі істотна, – кісламалочнаю развагай доўжыў свой тлумачальны цуг разгадчык. – Забойца, імаверна, душэўнахворы і трактуе Біблію, каб яму зручней было.

– А ці вы, не трактуеце забойствы, каб падагнаць іх пад вашыя высновы? – неўпрыкмет зласлівае атрымалася пытанне ў Ірэнкі.

– Не думаю, – пракашляўся Ляхоўскі і вярнуўся да біблейскага. – “І быша блашчыцы ва чалавецэх і ва скацех. Весь прах зямлі абрачэн ест у блашчыцы па ўсех странах егіпецкіх”. Трэцяя ахвяра мела ў роце цэлую калекцыю беларускай жамяры. Каментары тут залішнія. І ўрэшце: І прыйдоша мухі прэцяжкія ва двары фараонавы і рабоў яго і на ўсю зямлю эгіпецкую, і пагібе зямля ад таковых мух”. Кхе-кхе. Phthirus pubis чацвёртай забітай тут іграе ролю біблейскіх “мух прэцяжкіх”…

– Гэта вам што? Бальшой тэатар? – рэзала праўду-матку Галавацкая.

Але тлумачальніка гэта не пераймала.

– Ведаеце, гэта ў забойцы гумар такі апрычоны, як і ў кожнага з такога кшталту злачынцаў.

– Але ў апошняй жанчыны да ўсяго быў твар абгарэлы. Чаму вы гэта не з’ясняеце? – зноў падала свой голас я.

– Не «абгарэлы», а «абпечаны». У паперах менавіта «абпечаны». Аднак там не тлумачыцца якім чынам, ад чаго. Магчыма гэта проста сонечны загар, які дужа дызгарманізаваў з аголеным белым целам. Калі забітая, была вулічнай гандляркай, то падобнае ёсць зусім верагодным.

– Дык вы мяркуеце, што мардэрца сам ёй phthirus pubis развёў? – без граму стыдання працягвала Ірэна.

– Так, – прашаптаў Людвік, уздыхаючы. – Я вось толькі не ведаю, ці варта пятым улучаць у спіс ахвяраў спадара Аляксандрава. Параненая рука і “мор прэцяжкі” слаба суадносяцца. А вось параненую руку ды “балячкі і прышчове пухнушчыя” суаднесці можна. У такім разе паліцыя не знайшла яшчэ адзін труп.

– Хіба вы пра Вайніслава Баўта кажаце? – занепакоена папытала я.

– Мне вельмі шкада, але хутчэй за ўсё гэта так.

– Вы памыляецеся, – ірванулася Ірэна. – Вашы высновы ўсе граблямі па вадзе пісаныя. Малапераканаўчыя. Бяздоказныя. Слава жыве. Ён не можа не жыць. Я гэта адчуваю.

На дэманстрацыю такіх пачуццяў я занамерыцца не магла, пацікавілася іншым:

– Скажыце, а як мог бы ўвасобіць забойца сёмую кару эгіпецкую – “град прэвялікі”?

– Па-рознаму. Напрыклад, кавалачкі лёду ў рот ці…

– Іn vagina? – з несціханай злосцю крэкнула мая супорка-хаўрусніца. – Усё гэта чаўпяжня. Хто? Хто ўсіх гэтых дзеўчынак забівае?

– Цыгане, – нечакана адказаў на здавалася б рытарычнае пытанне Ляхоўскі.

– Можа егіпцяне? – дражніла Ірэна.

– Вы маеце рацыю. Акурат егіпцянамі, толькі не простымі, а чырвонымі, даўней у нас называлі цыганяў. Вось маем, быццам бы помсту за тыя ўсе каранні, апісаныя ў старазапаветным «Выйсці».

– То што ж выходзіць, усе забітыя габрэі? – не ўстрымалася я.

Спадар Ляхоўскі замяўся. Ён упершыню не патрапіў што-небудзь адказаць. З гэтай прычыны Людвік паспрабаваў змяніць тэму, заўважыўшы, добра замазаны пудрай сіняк на маёй ланіце. Я хуценька паднялася і, падыйшоўшы да Ірэны, папрасіла яе на вушка, каб тая гнала к чортавай матары гэтага змышляча. Гаспадыня досыць далікатна зрабіла гэта. Было троху роспачна, што надзеі апынуліся пустапарожнымі, як рэшата са свянцонай вадою. Лепш бы мы звярнуліся да старога Легатовіча.

Перейти на страницу:

Похожие книги

1. Щит и меч. Книга первая
1. Щит и меч. Книга первая

В канун Отечественной войны советский разведчик Александр Белов пересекает не только географическую границу между двумя странами, но и тот незримый рубеж, который отделял мир социализма от фашистской Третьей империи. Советский человек должен был стать немцем Иоганном Вайсом. И не простым немцем. По долгу службы Белову пришлось принять облик врага своей родины, и образ жизни его и образ его мыслей внешне ничем уже не должны были отличаться от образа жизни и от морали мелких и крупных хищников гитлеровского рейха. Это было тяжким испытанием для Александра Белова, но с испытанием этим он сумел справиться, и в своем продвижении к источникам информации, имеющим важное значение для его родины, Вайс-Белов сумел пройти через все слои нацистского общества.«Щит и меч» — своеобразное произведение. Это и социальный роман и роман психологический, построенный на остром сюжете, на глубоко драматичных коллизиях, которые определяются острейшими противоречиями двух антагонистических миров.

Вадим Кожевников , Вадим Михайлович Кожевников

Детективы / Исторический детектив / Шпионский детектив / Проза / Проза о войне