Паўлава хвароба абвастрылася. Усю ноч я не адыходзіла ад яго ложку, дзе нарачэны, б’ючыся ў трасцы трызніў пра невядомае. Пад ранне бацька адвёз яго ў Траецкі шпіталь. Я з Ірэнай, Чэсям і доктарм адправіліся на кватэру Вайніслава Баўта. Безвынікова. Удома нікога не было: ні Славы, ні ягонай «клапатлівай» гаспадыні. Суседзі нам нічым не дапамаглі, сказаўшы, што нікога ў гэтым доме ўжо цэлы месяц не бачылі. Тады мы схадзілі на Паліцэйскую. Грошы пад маснічынай адсутнічалі. Ніякіх цыдулак ці іншага кшталту паведамленняў мы не знайшлі. Настрой сапсаваўся ўшчэнт. Няменшы ўдар напаткаў мяне па вяртанні на Койданаўскую. Аляксадр Аляксандраў пакінуў маёй хроснай горкую навіну – Павел у шпіталі, так і не апрытомнеўшы, скорапрычынна памёр. Уваччу пацямнела. Увушшу загуло. Ногі зрабіліся зусім ватовымі. Як я ні наракала на Паўлушу, як я ні кахала Вайніслава, нарачэны быў мне мілы і дарагі. Я не зычыла яму смерці. Але надарылася ж такое. Мне і цяпер ад тае падзеі бывае скрушна. У лекараў было падозранне на тыфус, таму цела без прамаруды аддалі агню. Крэмацыя. Цяжкое слова…
Той вясною знайшлі-ткі яшчэ дзвюх мёртвых дзяўчат з прыкметамі катавання, як і меркаваў Павел. Больш такіх забойстваў не адбывалася. Далейшага лёсу забойцы я не ведаю. Што да Славачкі… На згаданым мной тут кагадзе полі па дарозе на Лошыцу сяляне прыбіралі старую грушу. Унутры яна была зусім спарахнелая. У гэтым дупле яны знайшлі мерцвяка, на шыі каторага, апроч крыжыка, вісеў залаты медальён з гравіраванкай
Ліст Камілы Свентажэцкай да Аляксандра Ельскага
з польскае
Найпаважанейшы пане!
Прашу ласкава дараваць мне, што так доўга не азывалася на Вашэцяў ліст. Я ніяк не магла зберціся з думкамі дый наагул наважыцца на пісанне гэнага ліста. Адылі мне ўдалося змагчы свае сумлевы а ўзяцца за пяро, каб паведаміць пана Аляксандра ў цікаўных яму мамэнтах менскага жыцця першай палавіцы прамінаючага веку.
Мушу адцеміць, што пытанне пра асобу Веслава Войта мяне ладна збянтэжыла. Не ведаю, з каторых жаролаў Вашэці давялося сіляць звесткі, але названай персоны ў Менску канца 50-х гадоў ХІХ стг., здаецца, не было. Відавочна, хтосьці прывёў пана да аблуды. Насампраўдзе тымі часамі ў Менску «вызначыўся» нехта Войслаў Боўт. Мяркуючы подле згадак у Вашэцявым лісце, пайменна ён і маецца на ўвеце. Пане Аляксандру, я вельмі шаную Вашэцявы высілкі па збору размаітых звесткаў па даўнай а блізкай краёвай гісторыі ды літаратуры, але інтарэсу да вышпаменаванай асобы чыста не раздзяляю. Што праўда, гэта зусім не вадзіць распавесці ўсё ведамае мне пра яго, бо факты ягонага авантурнага жыццяпісу могуць саслужыць камусьці лішнім узорам для агуды мізэрнасці такога заводу людзёў, бязодні іхняга маральнага заняпаду.
Я мела няшчасце аблічне ведаць Войслава Баўта. Нарадзіўся ён блізу 1833 года недзе пад Прапойскам у сям’і засцянковага шляхціча. Як і бальшыня сыноў сваёй Бацькаўшчыны, ён з маленства вызнаваўся як natione Polonus, gente Ruthenius Albus. Адылі пазнейшыя шкадлівыя ўплывы падбілі ягоную сведамасць дый адвабілі ад гэтага прынцыпу. Дык жа ў свае 25 гадоў ён быў зацятым «крывічом» з паглядамі больш страшнымі, чым нават тая камуністычная лухта, якую троху пазней вызнаваў Вінцэнт Каліноўскі. У той час, калі ўсе думалі пра адно, Боўт меркаваў зусім пра іншае. Хаця, па шчырасці, у абдоймы да расійцаў ён не кідаўся. Зрэшты радыкальнасць ягоных паглядаў на «крывіцкае пытанне» магла быць звязаная з непаўсцяжным жаданнем уражваць паненак. Ведаеце, ставала ж, перапрашаю, дурнічак, што, рот разявіўшы, слухалі балбатанні пра «Крывіцкі край ад мора да мора з соймам у Полацку» ды млелі ад плюгкаватых проказяў з «старасвецкіх паэмаў». Войслаў Боўт быў з тае пароды мужчынаў, якую немцы называюць Schurzenjäger – лоўчы спадніцаў. Мне непрыемна пісаць пра гэта, але я павінна выкрыць усю яго амаральную істу. Бачу бо небяспеку таго, што неўзабаве за малалікасцю звестак сёй-той запіша Баўта ў вялікія, Богам даныя героі ды ўшануе лаўровым вянком.