– Нельга. Бог выкаваў дзіўны плод. Гэты чалавек недзе там, – мой каханак матлянуў галавой у бок Кафедральнага касцёла. – Калі што не так, дык пачне страляць. Схавайся за мяне.
Я не паверыла, але аўтаматычна выканала ягоную просьбу і запытала:
– Чаго ён хоча?
– 5 тысяч рублёў срэбрам і галаву Паўла Аляксандрава наўзамен майго жыцця. Не пагаджайся, Наталюся. Хай ён заб’е мяне, але ты будзь шчаслівая з някепскім чалавекам. Не трэба крывавіць рук, каханая.
– Пакінь. Колькі ён дае часу?
– Тыдзень, але на што табе… – спрабаваў запярэчыць ён.
– Халера, дзе ж узяць такія грошы? – нібыта не чуючы, паўспытвала я ў самой сябе. – Ну бацька тысячы паўтары дасць, хросная рублёў пяцьсот-васемсот успасобіць, яшчэ…
– Ачомайся, Наталя! Ён хоча, каб ты прынесла яму галаву твайго будучага мужа!!!
– Дзе ён цябе трымае?
– Не ведаю. Вочы развязаў мне адно на Нямізе. У склепе нейкім ён мяне дзержыць… Прабач.
Мне сталася млосна і крыўдна, што я гатовая была запрапанаваць Славе памерці тут зараз удвох. Я маўчала. «Страх займае нам мову,» – згадаліся словы доктара Акімовіча. Я збаялася памерці так раптоўна, без дай прычыны, нізавошта. Тое, што нам, дакладней мне, прапаноўваў праз Славу забойца было сапраўдным дзікунствам, як і ўсе ягоныя датулешнія дзеі. Трэба было думаць. Хутка думаць. Але думкі кудысь запрападалі, не ладзіліся ў гарманічныя пабудовы. Мы стаялі пад снегам мізэрныя і збезнадзеяныя.
– Снег! Ну вядома ж снег, – выгукнула я. – Слава, ён жа не бачыць нас з-за снега.
– Ён усё бачыць, – прашаптаў Вайніслаў. – Калі ён не на Катэдры, то можа быць ужо за тым вакном гасціннага двара альбо стаіць ля скверу ў выглядзе паліцыянта. Спадзеву на ратунак няма: і так капут, і гэтак арывідэрчы. Наталечка, ты толькі помні пра мяне, і я абавязкова адгукнуся, што б на тым свеце са мною ні здарылася.
Я заплакала. Слёзы, што каціліся па шчакох, праз хвілю ператвараліся ў лядзінкі. Мне было цяжка паўздзержыць сябе, і без увагі на снег і вецер я кранулася вуснамі да ягоных стомленых патанчэлых губ. Гэта было так прыемна, але заразом надта жахліва, бо здавалася, што далей мусова паўстане смерць.
Да расстання заставалася яшчэ колькі хвілін, з адведзенага Ксенафонтам часу. Я, дрыжучы ад холаду й страху, запытала:
– Чаму ён гэта робіць?
– У яго хворая душа. Ён нібыта згублены персанаж шукае сваю кнігу, свайго аўтара. Шукае, але не знаходзіць. Урэшце ён не разумее самога сябе, прычыны і патрэбы свайго існавання. Пустота існавання. Існавання без каранёў. Ад таго ён і схапіўся за прывідны цень свайго магаметанскага радаводу. Гэта доўга тлумачыць.
– Пра магаметанства я знаю. Але за што было дзяўчат забіваць?
– Ён і сам сабе гэта з’ясніць не можа. Балесная помста свету, грамадству за ўласную нікчэмнасць, аблямаваная вар’яцкім флёрам ісламскае легенды як падставы свайго бытнавання. Маці за гэта забіў. Цяпер во і брата замардаваць імкнецца… Час развітвацца, Наталька.
– Слава, – зноў без браку слёзаў загаварыла я, – ты спытай у яго, ці не возьме ён толькі грошы. Спытай.
– Паспрабую, але наўрад ці ён пагодзіцца.
Мы яшчэ раз пацалаваліся, і Вайніслаў бясслоўна знік за снегавой кудасай.
Амаль усё чыста я распавяла Паўлу. Той сёрбаў гарачую гарбату з мёдам і роспачна матляў галавою, якую, ясная рэч, не жадаў аддаваць свайму бязглуздаму брату. Ён быў пэўным, што Ксенафонт, забіўшы Вайніслава, пачне паляваць на мяне. Славіну смерць ён уважаў за аксіёму, якую анічым не паправіць. Аднак наступным днём мне на Койданаўскую праз пасыльнага хлопчыка перадалі цыдулку: «Алах з вамі, рыхтуйце 6 тысяч рублёў асігнацыямі. Не раней і не пазней за наступную пятніцу (то бок 14.ІІІ.) пакіньце іх у ведамым вам доме пад маснічынай у куце, дзе ляжалі ланцугі. Той самай ноччу сустракайце сябра». Павел здзівіўся і сказаў: «Трэба збіраць грошы». Сказаць было лёгка. Збіраць практычна ўсю суму давялося мне самой, бо нарачэны быў прыкаваны сваёй хваробаю да ложка. Зрэшты адну тысячу ён выпрасіў у сваіх бацькоў. Усю ж астатню суму, рубель да рубля, я атрымала, упрошваючы ўсіх нашых менскіх сяброў-знаёмых па «Дасканалым Крывічы», а таксама масу малазнаёмага люду з асяродка пана Марцінкевіча. Грошы давалі можа і не з такой ахвотаю, як мне жадалася, але патрэбная іх колькасць усё ж была сабраная. Самым важкім унёскам сталіся дзве з паловаю тысячы ад любай хроснай і ейнага мужа, якія яны бераглі да майго вяселля. Апошняй я знайшла Ірэну. Мой расповяд яе збянтэжыў. Яна сумнявалася ў шчырасці абяцанак Ксенафонта і настойвала на мусовасці высачыць яго, калі той прыйдзе па грошы. Дзвесце рублёў, аднак, паклала ў скарбонку без пярэчанняў.
Трэба адцеміць, што найбольш падрабязна пра мэту збірання грошаў, акром Ірэны (Павел не ў лік), я распавяла яшчэ толькі Чэславу Драбышэўскаму і доктару Загорскаму. Яны пагадзіліся дапамагчы мне чатырнацццатага сакавіка запакаваць усю належную суму і прыхаваць, дзе патрабавалася, то бок у доміку на Паліцэйскай. Адна ісці я натуральным чынам баялася. Усенька мы зрабілі, як мае быць, вярнуліся на сходку «Дасканалага Крывіча» і няўсцерпна чакалі прыходу Вайніслава.
Ён не прыйшоў.