Кандрат i Андрэй былi блiзнюкi. I калi ўжо ўсе Кагуты былi падобныя, дык гэтых, пэўна, i сама мацi блытала. Так яно ў дзяцiнстве i здаралася. Дурэў Кандрат, а кухталёў давалі Андрэю, i наадварот. Толькi потым, у восем год, з’явiлася ў Кандрата прыкмета, паўкруглы белы шрам на лобе: накiнула капытом жарабя.
Але, акрамя вонкавага падабенства, нiчога ў блiзнюках не было агульнага. На Кандрату шкура гарэла. Бiцца дык бiцца, скакаць дык скакаць. З ранiцы да вечара ўсюды чулiся яго смех i жарты. А ў светла-сiнiх вачах iскрылася такая прыкметная, а таму бяспечная хiтрасць, што дзеўкi нават цяпер, у пятнаццаць год, заглядалiся на яго. Заглядалiся i на Андрэя, хоць той быў зусiм iншы.
Той самы, здаецца, твар, i ўсё ж не той. Вочы нават цямнейшага колеру, чым у Кандрата, пэўна таму, што веi заўсёды сцiпла апушчаны. Рот нясмела ўсмiхаецца. Галава схiлена трошкi ўбок, як кветка ў весняга “сну”. Слова часцей за ўсё абцугамi не выцягнеш. Але затое з першага разу запомнiць і праспявае пачутую на кiрмашы цi недзе ў млыне песню. I праспявае так, што ўспомнiць маладосць самая старая баба.
Марыля паставiла якраз на стол гушчу налiваную – пшанiчную кашу з малаком, калi ў хату зайшоў Павал.
– Як там Алесь? – спытаў дзед.
– Падняўся ўжо ад грушы на сцежку. Iдзе сюды, – змрочна сказаў Павал. – Да заўтра пачакаць з песняй не маглi. Пакрыўдзiлi хлопца.
– Ну i дурань, – сказаў дзед. – Бо, можа, сённяшнi вечар цябе ад крыўды ўратуе праз пяць год. Ты не забывай, ён твой будучы гаспадар. Пан.
– Не будзе ён панам, – упарта сказаў Павал. – Я ведаю.
– А дурныя ж усе, – азвалася ад печы Марыля. – Сядай во лепей, Павал.
– Я не сяду, – сказаў Павал. – Я Алеся буду чакаць.
– Пачакай! – сказала мацi, выглядаючы ў акно. – Унь ён iдзе ўжо, твой Алесь.
Усе замаўчалi. Алесь зайшоў у хату вонкава спакойны. I адразу Андрэй выцiснуў з сябе:
– Мы ўжо... думалі...
Глянуў на Алеся, затым пасунуўся, даў месца памiж сабою i Паўлам. Падаў яму праснак.
Алесь сеў. Андрэй падсунуў яму лыжку i ўсмiхнуўся.
У Андрэя, наогул, шмат было жаноцкага. Вiнаватая ўсмешка, вялiзныя васiльковыя вочы, нясмеласць рухаў. Марыля заўсёды казала: “Дзяўчынка была б, ды певень закукарэкаў, як мелася раджаць”.
– Еш, – сказаў Андрэй, бы праспяваў.
I Алесь узяуся за ежу. Згаладаўся ён вельмi. Але няёмкасць усе ж панавала ў хаце, i развеяў яе, як заўсёды, Кандрат.
Курта села ля яго, дагодлiва стала глядзець у вочы. Нават вiскнула – цi ад болю, цi, можа, папрасiла.
– Iдзi, iдзi, – сказаў Кандрат паважна. – Бог падасць.
– Нашто ты яе? – сказаў Андрэй i кiнуў сабаку кавалак праснака.
– Паскупiўся, – сказаў Кандрат. – Усе вы, спевакi, такiя. Што поп, што ты.
Памачаў свой кавалак ў малако i даў сучцы. Тая стала есцi, прыцiсну ў шы вушы на круглай, як гарбуз, галаве.
– Сёння смехата была, – сказаў Кандрат. – Звончыкаву хату вада ўсе яшчэ трымае. Дык яны човен прымайстравалi. Нават у хмызы на iм ездзяць. Я з ворыва каня павёў паiць. Аж гляджу, Звончыкава старая выходзiць з хаты проста ў човен i пачынае пхацца да хмызоў. А вецер сустрэчны, моцны. Гаравала яна, гаравала. Потым гляджу, пастаяла хвiлiну ў чоўне i пачала пхацца назад, у хату.
– Iдзi ты, – адмахнулася, смеючыся, Марыля. – Брэшаш ты ўсё.
Алесь таксама смяяўся, але сядзець вось так апошнi раз за iхняй вячэрай было цяжка. Апошнi раз каганец, апошняя лучына, апошняя добрая ўсмешка на аблiччы Марылi.
– Мацуйцеся, – сказала Марыля, ставячы яму i Паўлюку мiску кулагi. – Сёння на начлег паедзеце.
I таму, што гэта быў апошнi начлег, Алесь пракаутну ў цяжкi камяк.
Кандрат вырашыў ратаваць становiшча i сказаў першае, што прыйшло ў галаву:
– Кулага гэтая... Колерам як мядзведзь н... I адразу аб ягоны лоб гучна лузнула дзедава лыжка.
– Прыемнага апетыту, – сказаў Кандрат, пацiраючы лоб.
Тут засмяяўся нават дзед. I ўсе засмяялiся. А ўжо Алесь галасней за ўсiх.
I адразу ж з яго вачэй пырснулi слёзы. Выцiраючы iх, ён сказаў глуха:
– Няўжо вы хочаце мяне аддаць, бацька Мiхал? Або, можа, вам сапраўды цяжка, а пакормнае i дзядзькавое, пакуль не аддасцё мяне, не належыцца?
Мiхал устаў i паклаў руку яму на галаву.
– Гары яно гарам i дзядзькавое тое i пакормнае, – i, махнуушы рукой, пайшоў да дзвярэй.
Алесь звярнуўся да адзiнага, хто яшчэ заставаўся, да дзеда:
– Я не хачу туды.
– Ну i што? – жорстка сказаў дзед. – Мужыком будзеш? Не, брат, ад гэтага нам карысцi мала. Ды i табе. Ты лепей добры да ўсiх будзь, хлопчык.
Марыля падышла да Алеся:
– Ну пакiнь... Што ўжо... Бацькi ўсе ж яны... А ты да нас прыязджаць будзеш... Будзеце з Паўлючком рыбу лавiць...
– Пакiньце, – сказаў раптам негаваркi Андрэй. – Яму ад вашых слоў яшчэ горш плакаць хочацца. Хай ён лепей з Паўлам на начлег едзе.
Павярнуў Алеся да сябе i зiрнуў на яго:
– А хочаш, i я з вамi паеду?
– На чым гэта ты паедзеш? – спытаў дзед. – На кiйку верхам?
– Не, – сказаў Андрэй. – Я каня ў Кахноў вазьму. Iм яшчэ лягчэй. Не трэба Петрусю ехаць.
– Вядома, няхай возьме, – з палёгкаю, заўсёдным сваiм грубаватым голасам сказаў Кандрат. – Бадай што, i я паеду. Усё адно ж i кабылку Кахнову браць давядзецца.