Затое другая кража адрознівалася ад першай. I часам, і паводзінамі злачынцаў. Тут пасля сябе яны пакінулі больш парадку. Быццам або прыбралі, або ведалі, дзе што ляжыць. А ўзялі на дванаццаць з лішнім тысяч рублёў: каштоўнасці, дарагія рэчы, аблігацыі і нават валюту, якую гаспадар Канапацкі атрымаў перад чарговай паездкай за мяжу,— ён працаваў шафёрам на міжнародных аўтаперавозках. Дакладны час кражы не ўстаноўлены, гаспадары адсутнічалі больш за суткі. Супрацоўнікі райаддзела лічылі, што адбылася яна ўначы.
Эксперт-крыміналіст дапускаў, што замкі ў абедзвюх кватэрах адмыкала адна рука. Гэта і дало падставу аб’яднаць кражы ў агульную справу. Аднак нават мне відно, што дапушчэнне трымаецца пакуль на вельмі хісткай аснове.
I я разумею заклапочанасць падпалкоўніка Янушкевіча, з якой ён падае нам гэтыя скупыя і прыблізныя факты. Я слухаю і правяраю свае меркаванні на Пугацэвічу. Старшы оперупаўнаважаны сядзіць задумлівы і раз-пораз моршчыцца. Справа яму яўна не падабаецпа. А ён жа на сваім крыміналістычным веку нямала ўсяго пабачыў. Хаця век — гэта, бадай, гучнавата. Сяргею Антонавічу нядаўна споўнілася трыццаць. Але ў вышуку ён служыць ужо восем гадоў і вылучыўся ў вядучага супрацоўніка.
— Ваша думка, таварышы? — абводзіць нас сур'ёзным позіркам Пётр Пятровіч.
На такіх нашых нарадах звычайна першым бярэ слова малодшы па стажу. Гэта значыць — я. Устаю, хаваючы няёмкасць. Што магу сказаць я, навічок, у гэтай кампаніі вопытных сышчыкаў і следчага? Рабіць выгляд, што нешта бачу, гаварыць абы гаварыць, не ўмею і не хачу. Лепш прызнацца сумленна, што думкі не маеш, чым вылузвацца з таямнічай маскай на твары. Я і хацеў быў адмоўна паківаць галавой. Аднак у вачах Пятра Пятровіча было не толькі патрабаванне, але і спадзяванне. I я не адважыўся прамаўчаць, бо важным мне паказаўся адзін факт. Раптам гэта спатрэбіцца?
— Злачынцы ведалі, што Канапацкіх не будзе. Па рэчы, улічваючы колькасць вынесенага, прыходзілі разы два-тры. Не спяшаліся. Каньяк не толькі з сабой забралі, але і распілі бутэльку на месцы злачынства...
— Ясна, ясна,— замахаў рукой Шульжык.— Наводчыка і ў райаддзеле не адмаўлялі. Ты, Гарбацерка, сувязі паміж кражамі не ўлавіў.— Ён таксама ўстаў.
— У цябе, Павел, усё? — Усмешка прабегла па губах Янушкевіча. Любіў у людзях гарачнасць і таму, відаць, дараваў сёння Вячаславу нястрыманасць.— Ты, Павел, падмеціў важную дэталь. Наўрад ці злачынцы рызыкнулі б удзень прыйсці другі раз. Значыць, кралі ўначы? Верагодна. І рэчы, няйначай, адносілі кудысьці блізка. Машына ўначы штука прыкметная. Так? Цяпер табе, Вячаслаў, слова — працягвай. Спадзяюся, цябе ніхто не перапыніць.
А Шульжык, не заўважыўшы іроніі, гэтак жа тэмпераментна даказваў:
— У абодвух выпадках дзейнічала адна злачынная група. Почырк адзін. Упэўнены, гастралёры, якіх наводзіў нехта мясцовы. Мясцовым з такой колькасцю ўкрадзенага не саўладаць. Патрэбна надзейнае сховішча. Пра гастралёраў сведчыць і тое, што расследаванне па гарачых слядах нічога не дало. Давайце праверым больш пільна знаёмых гаспадароў абрабаваных кватэр.
У адрозненне ад мяне Шульжык выказаў не толькі меркаванне, ён даў канкрэтную прапанову. Прыкра...
— Заезджых, вядома, адмаўляць не будзем,— пагадзіўся Янушкевіч.— Тым болей што ў любым выпадку без наводчыка не абашлось. Так, Сяргей Антонавіч?
— Безумоўна. Хаця мне асабіста здаецца, што кралі ўсе-такі тутэйшыя. Прынамсі, у Канапацкіх. Рэчы трэба было недзе схаваць, у гастралёраў з гэтым больш складана.
— Адзін і той жа мог і падказацьь, і потым награбленае ў сябе схаваць,— зноў ускочыў Шульжык, сёння ён быў надзіва канкрэтны і, няйначай, сам адчуваў гэта.— Асабліва, калі жыве па-суседску.
— Можа быць,— Пугацэвіч, як я ўжо ведаў, не меў прывычкі адмаўляць што-небудзь, не праверыўшы.— Шкада, што гэты адзіны пакуль для нас след з наводчыкам, па сутнасці, не распрацаваны па гарачых слядах.
— Ёсць, здаецца, яшчэ адзін слядок,— сказаў Янушкевіч.— Вядомы нам шалапут Лебедзеў нібыта хацеў збыць заходнегерманскія маркі…
— Дык маркі ж былі ўкрадзены і ў Канапацкага,— ажывіўся Акулік, які да гэтага сядзеў моўчкі.
— Так, прычым Лебедзеў мог выступаць пасрэднікам, кватэрамі да гэтага часу не заўважалася, каб ён цікавіўся. А мог…— Янушкевіч не закончыў думкі, ён наогул ніколі не спяшаўся з абвінавачаннямі.
— Няўжо падняўся на наступную прыступку? — з сумненнем прамовіў Пугацэвіч.— Пасля той гісторыі з дзяўчынай, якую ён пабіў, Лебедзеў, кажуць, крымінальны кодэкс не парушае.
— Стаў асцярожным,— Акулік выцягнуў цыгарэту, пастукаў па стале, але не закурыў, камячыў пальцамі.
— Сяргей Антонавіч, за табой план аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў,— Янушкевіч закрыў папку, пасунуў яе ў бок Пугацэвіча.— Падумай вось над чым. Хаця кражы зроблены быццам бы прафесійна, не выключана, што дзейнічалі пачаткоўцы. Сякія-такія дэталі пракідаюцца. Напрыклад, іх паводзіны ў Канапацкіх. Прыгледзься і да тых, хто ў нас на прыкмеце.— Янушкевіч павярнуўся да следчага: — Ты, Вадзім Аляксандравіч, маеш што сказаць? Не? Нішто, хутка і табе будзе працы.