Я ўсё ездзіў у Ленінград, вывучаў яго вуліцы i кварталы, можа, як рэдка хто з карэнных жыхароў горада: дзе тая вуліца Салдата Корзуна, дзе Басейная ці Новая, а ты, мінчанін, павінен пайсці па ёй, вышукваючы патрэбны дом, пад'езд, нумар. Звоніш i, калі не тлумачыў гэтага па тэлефоне, спяшаешся сказаць: «Вось мы з Граніным… Вы ж Граніна ведаеце?..» «Данііл Гранін… Мы з Граніным»
— дзейнічала як пароль. (Толькі ў некаторых рэспубліках Сярэдняй Азіі, дзе тысячагадовая павага да кнігі i «вучонага чалавека», я заўважаў нешта падобнае.)А з матэрыялам — чым больш набіралася, тым больш яго не хапала. Замнога — каб надрукаваць як ёсць замала — каб нешта галоўнае адкрылася, тая самая «агульная ідэя»
твора.Дзеля чаго мы патрывожылі, збіраем блакадную памяць, здаецца, ведаем. Каб не страціць назаўсёды народнай праўды аб трагічных i гераічных 900 днях Ленінграда, усёй праўды аб вайне. Каб даць выгаварыцца, выкрычацца памяці аб невыносным блакадным голадзе, аб жудасных стратах i каб яшчэ раз праклясці вайну — гэтага «жалезнага звера»
, кажучы словамі нашага Кузьмы Чорнага, які зноў i зноў шукае спажывы сярод людзей…Усё так, але i наш жанр, як i кожны твор, патрабуе звышідэі, звышмэты. Не той, якую навязваюць «матэрыялу»
ці прывязваюць да яго, а якая адкрываецца ў самім матэрыяле i праз яго, калі доўга ўглядацца.Мы ўглядаліся, шукалі — пакуль, сапраўды, не адкрылася: а, вось мы пра што!
Гэта не адразу прыйшло. Спрачаліся: што трымала радавога ленінградца на такой гордай i цяжкай вышыні салдацкіх i чалавечых паводзін? Фашысцкія кіраўнікі разлічвалі, што «Ленінград выжарэ самога сябе»
, — так i крычалі, i пісалі, бо танкам ix не ўдалося, але голад ужо ўварваўся ў Ленінград. А разам з голадам i тое, што, паводле ix разлікаў, павінна ленінградца расчалавечыць, ператварыць у бязвольную істоту — гэтага ж яны свядома дамагаліся ў сваіх лагерах. «Голад — наш саюзнік!»— крычалі яны i помсліва чакалі моманту, калі ў горадзе ўсё папаўзе па швах, бо не вытрымае сам чалавек, «распаўзецца»…Так, дысцыпліна, арганізаванасць давалі грунт, апору нават слабым, а моцных мацавалі яшчэ болей — гэта важна памятаць. Але толькі гэта ўбачылі, зразумелі тыя, што хацелі задушыць Ленінград, — зразумелі потым, калі ім самім прыйшлося ратавацца ад расплаты ва ўласнай сталіцы. Ім, вядома, здавалася, што толькі на ваеннай арганізаванасці насельніцтва ўтрымаўся Ленінград. I вось ужо ленінградцы ставяцца ў прыклад берлінцам. Але не ўкусіць ix, «гэтых рускіх»
, яшчэ раз, хоць бы напаследак, Гітлер не мог: «Нават гэтыя рускія, гэтыя свінні, змаглі арганізавацца. Калі ў нас пачынаюць скардзіцца, я магу толькі сказаць, бярыце прыклад з рускіх у тым становішчы, якое ў ix было ў Ленінградзе… А як яны выстаялі ў крытычны момант!»I пайшлі інструкцыі, наказы берлінцам: як арганізавацца, каб таксама «выстаяць»
. Цыркуляр Гімлера № 40/10. Гімлер падрабязна пералічвае мерапрыемствы, якія, на яго i Гітлераву думку, праводзіліся ў Ленінградзе. Досыць старанна пералічылі ўсё, пра што ведалі. I нават «дух ленінградцаў» — тое, што ў разлік браць не хацелі, калі душылі Ленінград пятлёй голаду, блакады. Праўда, убачылі, нагадалі толькі адно: «Нянавісць насельніцтва стварыла найважнейшую сілу абароны».Так, пра нянавісць да сябе фашысты самі добра паклапаціліся — чаго-чаго, а гэтага хапала ва ўсёй Еўропе i ва ўсім свеце! Ды толькі не ёю адною ўзгадаваны быў i трымаўся «дух ленінградцаў»
.Чым больш мы слухалі саміх ленінградцаў, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш нам адкрывалася адна з апор таго самага «духу ленінградцаў»
, на якім трымаўсм горад, бо трымаўся сам чалавек. Што Ленінград — адзін з самых культурных гарадоў у свеце, хто пра гэта не ведае. Што гэта горад-інтэлігент i паводле культурных традыцыіі, і паводле насычанасці музеямі, бібліятэкамі, навуковымі ўстановамі, a галоўнае — па абліччы гараджан, па ix узаемаадносінах i адносінах да тых, хто ў Ленінград прыязджае, — таксама даўно лічыцца агульнавядомым. Рабочы клас у гэтым горадзе заўсёды славіўся не толькі тэхнічнай, але i агульнай культурай.