Читаем Хатынская аповесць полностью

Не чуючы, не разумеючы, што яны, Касач i Сашка, крычаць адзін аднаму i што робяць, чаму рвуць адзін у аднаго ручку кулямёта, я кінуўся да коней з нейкім утрапёным пачуццём непапраўнасці таго, што адбылося, i гатоўнасці рабіць нешта апошняе, страшнае, чым толькі i можна выправіць тое, што адбылося. Я цягнуў за храпы коней: у «Герынга» вуха разарвана куляй (вось адкуль тая чырвань на вадзе!), кроў залівае ягоныя звар'яцелыя круглыя вочы, сцякае на пену ля ноздраў, афарбавала мне рукі, зялёныя рукавы нямецкага мундзіра. Рэзка шмаргануўшы тачанку з вады на бераг, я адарваў ад яе, ад кулямёта Сашку i Касача, i яны быццам бы апамяталіся. (Потым ужо, перабіраючы ў памяці, я сцяміў, што Касач ярасна i пагардліва спіхваў Сашку, хапаўся сам за кулямёт, а Сашка, мацюкаючыся i бадай што плачучы, не даваўся.) Нарэшце Сашка адштурхнуў Касача, узбегшы на бераг, укінуўся ў калёсы:

— Гані!

I я пагнаў. Першыя метраў сто, мабыць, у гарачцы i ад лютай гайданкі па лугавых купінах здавалася, што мы імчым як бура. Я біў коней пугаўём, балюча падскокваў на каленях, а Сашка, ухапіўшыся за кулямёт, усё крычаў: «Гані!» Вежа, калі мы вымчалі на луг, адразу вырасла перад намі, насунулася — уся чырвоная ад набухлага сонца. Затое лес — нібы адрынула яго ад нас далёка-далёка. I тут прыйшло адчуванне, адначасна да абодвух — мой i Сашкаў позіркі сустрэліся, — што мы ўжо ведаем, колькі секунд засталося вось так імчаць. Надта выразнае, дакладнае адчуванне, нібы хто пачаў адлічваць тыя секунды ўслых. Мы як быццам бачым сябе адтуль, з чырвонай высокай вежы: безабаронныя, нягеглыя калёсы на лузе, а яшчэ мы бачым, як немец падводзіць кулямёт — зараз секане… Храснула пад намі: калёсы занесла, але мы яшчэ коцімся, падмінаючы апошнія секунды. I тут коні, нібы спатыкнуўшыся, разам спляжыліся проста пад нас, закрытыя выбухам, а калёсы яшчэ праляцелі паўкруга i перакуліліся, выкінуўшы нас. (Я, пакуль ляцеў, увесь час помніў, дзе цяжкі кулямёт, а дзе мая галава.)

На нас абрынуліся выбухі: мяне падкінула, адарвала ад самога сябе i апусціла ў напятую глушэчу. Адтуль, як з-за тоўстага шкла, я гляджу, як паволі, занадта паволі паўзе Сашка: я бачу, што зрабілася з ягонай нагой, а ён не разумее, таропка адпіхвае ад сябе зямлю чырвоным, дрыготкім абрубкам, палівае крывёю траву. Бот i тое, што ў ім, целяпаецца на доўгай калашыне далека ззаду. Вочы вялізныя, недаўменныя, i чаканне ў ix: вось зараз ён пра нешта даведаецца! Я нязграбна здзіраю з сябе нямецкі пінжак i паўзу следам па крывавай дарожцы, лаўлю i не магу загарнуць у пінжак тое, што засталося ад нагі. А яно трапечацца, торгаецца ў маіх руках i адпаўзае. Здаецца, я чую пранізлівы крык яго…


Той, хто быў хоць аднойчы паранены ці кантужаны, ужо не ранейшы чалавек. Ён ужо адчуў, як гэта будзе. Да гэтага толькі ведаў, што смяротны, а цяпер — адчуў.

Я хадзіў па лагеры i ўсім усміхаўся. Выявілася, што быць смяротным вельмі весела, што гэта дае вунь колькі пераваг.

Па-першае, усе пачынаюць цябе заўважаць i любіць. Паранены сярод партызанаў — самая паважаная асоба, настолькі, што чалавеку з непрывычкі робіцца няёмка i ён як найхутчэй стараецца пазбавіцца ад бінтоў, мыліц, каб зноў быць як усе. (Праўда, здаралася i другое: каму-небудзь прыйдуцца даспадобы бінты, як эпалеты, але тут i чакае яго самае жахлівае: раптам адхлыне ад яго цёплая хваля, ён яшчэ цягнецца ўслед, а тут ужо недаверлівыя ўсмешкі, пагардлівая абыякавасць.)

Ну, а па-другое, смяротны — гэта дарослы, роўны ўсім. (Бессмяротныя толькі дзеці.) Адразу наблізіцца да ix, дарослых, — гэта варта бяссмерця. Да ўсіх, да Глашы…

Калі мяне прывезлі, глухога, вялага ад шуму ў галаве i млоснасці, Глаша падбегла да майго воза. Раптам я ўбачыў на нізкім, мутнавата-шэрым небе яе сінія вочы — нахілілася нада мной. Ужо прайшло шмат калёс з забітымі, параненымі, i яна нахілілася нада мной, плачучы. Бегла да забітага, мёртвага, а тут убачыла кволую збянтэжаную ўсмешку жывога: узрадаваная, яна яго пацалавала, жывога (недзе каля вачэй) і, здаецца, толькі потым зразумела, што пацалавала мяне. Такое ўзрушэнне было напісана, мусіць, на маім, да гэтага вялым, твары, што Глаша нават адхіснулася, падзявочы абурана, але тут жа ўсміхнулася i цёплымі пальцамі пагладзіла пацалаванае месца, аддаючы яго мне.

Праз тры дні я ўжо хадзіў па лагеры: нашто ляжаць, калі столькі добрых, ласкавых усмешак можаш сабраць! Хадзіў i збіраў, як грыбы. Але я шукаў Глашу, а яе не было. Цэлы тыдзень Глашы ў лагеры не было. Некалькі разоў я здалёк бачыў Касача. Ен мяне зноў не заўважаў. А мяне ўсё мацней прывязвалі да гэтага чалавека тыя сорам, захапленне, жах перад непапраўным, якія адчуў каля рэчкі.

Сашку, які памёр ад ран, хавалі ў лесе, каля дарогі. Касач стаяў з патупленым цяжкім поглядам, нязвыкла сутулячыся. Салюту бліз лагера даваць не дазволена. Касач кінуў разам з усімі жменю зямлі, а камячок затрымаў у пальцах i ішоў з ім, я бачыў, да самага лагера…

Перейти на страницу:

Похожие книги

Генерал без армии
Генерал без армии

Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков. Поединок силы и духа, когда до переднего края врага всего несколько шагов. Подробности жестоких боев, о которых не рассказывают даже ветераны-участники тех событий. Лето 1942 года. Советское наступление на Любань заглохло. Вторая Ударная армия оказалась в котле. На поиски ее командира генерала Власова направляется группа разведчиков старшего лейтенанта Глеба Шубина. Нужно во что бы то ни стало спасти генерала и его штаб. Вся надежда на партизан, которые хорошо знают местность. Но в назначенное время партизаны на связь не вышли: отряд попал в засаду и погиб. Шубин понимает, что теперь, в глухих незнакомых лесах, под непрерывным огнем противника, им придется действовать самостоятельно… Новая книга А. Тамоникова. Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков во время Великой Отечественной войны.

Александр Александрович Тамоников

Детективы / Проза о войне / Боевики