Лапніку я нарыхтаваў, цяпер толькі перацягнуць яго ў густы ельнік. Пакінуў вінтоўку каля Глашы i валаку калючую цяжкую ношку ўсляпую, спіной рассоўваючы цесна сплеценыя елачкі: трэба як далей, глыбей, ад усіх, ад усяго далей. Глаша нібы i не бачыць, чым я заняты, сядзіць дзіўна безуважная, i ўжо здаецца, што не толькі ад адной стомы.
Усё гатова. Я падышоў, узяў вінтоўку. Глаша знізу глянула на мяне i падала пінжак.
— Дождж цяпер не дастане, — кажу я. Глашыны вочы запытальна ўзняты ўгору — у ix раптоўным святле нешта зусім для мяне незнаёмае. Але што тут такога? Усё звычайна: трэба перабыць ноч, каб не натрапіць на немцаў, не заблудзіцца, i наогул жа людзі, як сабакі, стаміліся. Я расказваю Глашы пра тое, як мы раніцай выйдзем i пад вечар будзем на месцы. Глаша моўчкі глядзіць — а як яшчэ, калі я глухі? Усё звычайна.
Падышла да густога, як шчотка, мокрага ельніку, глядзіць зацікаўлена: што тут, як я тут уладкаваў?
— Сюды ідзі, я i страху зрабіў,— кажу я i спіной расхінаю калючую сцяну ельніку, а Глаша ідзе следам, рукамі адводзячы яловыя лапкі. Я бачу яе твар, вочы — такая раптам дурненькая, някемная стала, надта з усяго дзівіцца, нібы ўпершыню ў лес трапіла. Здаецца, выбрала для сябе, якою ёй быць, пакуль сядзела пад маім пінжаком, а я цягаў яловыя лапкі, i вось зрабілася такой — чакае, каб ёй усё паказалі, растлумачылі, самой ёй няўцям, што тут i як. Вельмі добра адчула, якой ёй трэба быць з Флёрам.
Вось яно, наша жытло: страха ёсць, пасцель ёсць — усё з лапніку. Глаша стаіць i не разумее, як i што далей. Я нахіліў ёй галаву.
— Паўзі.
Валасы ў Глашы мокрыя i цёплыя — мая далонь таропка сказала мне пра тое. Глаша прысела на кукішкі i папаўзла ў цемень, пад стрэшку. Папоўз у калючую цемень i я. Халодная Глашына рука прасунулася да майго твару — паказвае, дзе мне лажыцца. Лапніку нам хапае, каб i пад бок было, i накрыцца, як коўдрай. Прыўзнімаючыся, выцягваем лапкі з-пад спіны, кладзём ix на сябе, каб як раўней, паколатыя рукі нашы сустракаюцца i паказваюць: вось так! табе вось так будзе лепей! Яшчэ лепей будзе, калі я здыму свой кiцель i мы ім спярша накрыемся, a ўжо тады зверху будзе мокры, калючы лапнік.
Нарэшце, ўсё як трэба: спружыністая яловая пасцель — пад намі, цяжкі, зляжалы лапнік — на нас, вінтоўка — паміж, a рукі нашы прытрымліваюць цёплы пінжак — бліжэй да шыі.
Усё ў свеце неверагодна i адразу — нібы бінокль другім бокам павярнулі — аддалілася. Усё будзе заўтра, а зараз — толькі гэта, толькі мы. Маўчанне пачынае палохаць, i я пачынаю шаптаць. Вядома, пра атрад, пра Касача. Ен шукаў Глашу, ён усё думае, куды яна знікла… Глаша, каб лепей чуць, павярнулася са спіны, на бок, тварам да мяне. Я адчуваю яе дыханне, чамусьці дзіўна халаднаватае. Ці гэта ў мяне такія разгарачаныя шчокі? Але мне зусім не горача, мне чамусьці холадна. Яшчэ больш старанна, як малітву, шапчу пра тое, як яе схаваю на востраве, а потым мы знойдзем сваіх, атрад. (Глашына рука праверыла, ці добра закрыты мой бок, ці не мерзну.) Я ўсё мармычу сваю малітву, расказваю пра Касача, пра тое, як ён умее быць строгім, зацятым, затое калі скажа — бяжы, рабі, i кожны з радасцю бяжыць i выконвае. I я разумею, чаму Глаша… Я i сам… Рука Глашына ўжо ляжыць на маім пінжаку, я адчуваю яе даверлівы цяжар каля шыі. Так пасуе ёй гэта дарослая прастата. Паклала руку i ні пра што не думае, а я толькі пра тое цяпер i думаю, як яе рука на мне ляжыць i што гэта значыць.
Захацела i стала дарослай, на вачах ва ўсяго атрада. А я ж толькі ў снах; але i ў сне абавязкова каго-небудзь спалохаюся, у самы той салодкі i страшны міг: нібы здзекуецца з мяне нехта, падманваючы заўсёды аднолькава — i заўсёды гэта яму ўдаецца.
Глаша заціхла зусім, дыханне паслабела, а я ўсё шапчу, шапчу сваю малітву. Я ўжо расказваю самы пачатак: як Касач i Косця арганізавалі ўцёкі з палону, праламаўшы падлогу ў вагоне, i як яны падалі пад колы таго цягніка — ён імчаў ix праз Польшчу…
Нарэшце я зразумеў, што Глаша спіць — утульна, па-хатняму, як гэта яна ўмее.
Адразу перамянілася ўсё. Побач — даверлівае жывое чалавечае цяпло, я павярнуўся да яго i магу без страху, моўчкі дыхаць ім, радавацца яму. Спаць я сабе не дазваляю, хоць усё цела згортваецца, склейваецца ў сонны камяк, i трэба яго, гэты камяк, разрываць зноў i зноў. Калі нас, калі цябе заўтра заб'юць, усё жыццё мінецца, гэтай ноччу. Закрыеш вочы — i ўжо раніца! Не, няхай кожная хвіліна доўжыцца, як толькі мага, яе трэба разбіраць на секунды, на імгненні… Глашына рука даверліва, сонна ляжыць на мне, каленкі грэюцца аб мае ногі, дыханне лашчыць мае вусны, казыча павекі, якія просяць сну. Можна нават заплюшчыць вочы, трэба толькі не даваць імгненням зліпацца ў хвіліны, a хвілінам склейвацца ў гадзіны, a ўсяму целу — у адзін салодкі, мёртвы камяк сну. Не дазваляць ім гэтага… Дзе цяпер мама, сястрычкі, дзе яны ў гэтую хвіліну, пра што думаюць? Мне трэба ўбачыць ix, упэўніцца, што нічога не здарылася, што яны існуюць…