Я праваліўся ў сон, як пад ваду. I тут жа вынырнуў — у холад, у сырасць, у гулкае, водгаласнае світанне. У нас у ельніку яшчэ цёмна, толькі пабліскваюць, як бы сваім святлом, нанізаныя на іголкі кроплі. Ды ў хісткім тумане бялеюцца, як незапаленыя ці пагаслыя свечкі, камлі елак, з якіх садрана кара. Нават дзіўна, як гэта здолелі амаль да макавак садраць кару.
— Яны нас знойдуць? Яны нас убачаць?..
Голас, шэпт яе таропкі, такі спалоханы, а вочы, смелыя i хітраватыя, глядзяць на мяне знізу. Гэта я, i гэта праўда, упершыню гэта не ў сне, a праўда, i так блізка страляюць, але мы адны, рукі нашы просяць, перашкаджаюць, дазваляюць, забараняюць, памагаюць — яны i ласкавыя, i груба-нязграбныя, i насмешлівыя, i сарамліва-ўпартыя. Вочы так блізка, вось-вось сальюцца ў адну кроплю, вялізную, блакітную…
— Не глядзі! Чуеш!.. Як страляюць — чуеш?
Я заплюшчыў вочы. I прачнуўся. Глаша ўжо не спіць, прыўзнялася, скінуўшы, ссунуўшы ўбок яловую коўдру, i напружана ўслухоўваецца. Сон адышоў, але i астаўся, перашкаджае на яе глядзець. Я пашукаў каля сябе вінтоўку, выцер на твары дажджавыя кроплі — памыўся.
— Страляюць, — паведаміў я. Гэта я прачытаў у яе насцярожаных вачах.
…Вось яны, мае Белыя Пяскі, я прывёў Глашу да сябе дамоў. Веска вялікай выдае ад раптоўнай пустаты, што адкрылася ў ёй. Позірк, не пагаджаючыся, хапаецца за дзве ці тры будыніны, ацалелыя ў розных канцах вялізнай пустэчы, што ўспыхвае яшчэ дзе-нідзе апошнім вуголлем. Плячо мае дрыжыць пад дрыгатлівай Глашынай рукой, i мне падумалася, што яна адчувае гэта так, як адчуваў я, калі чапляўся за абрубак Сашкавай нагі. Я адышоў ад Глашы. Амаль з агідай — да яе, да сябе, да нас, якія прыйшлі сюды не ўчора, не пазаўчора, калі мы яшчэ былі патрэбныя тут…
Я пачынаю спускацца з сасновага ўзгорка да дарогі, што бялее ў вечаровым сутонні. Глаша, не заўважыўшы ці не жадаючы заўважыць маёй да нас прыкрасці, ідзе побач.
Неаднойчы было: да змяркання загуляўшы на гэтым узгорку, глядзеў я на вёску, вось гэтак жа ўспыхвалі агні ў розных канцах вёскі — у вокнах. Вось гэтак жа.
Дарога ціха, нібы чакала, прыняла мяне, калi мы сышлі ўніз, павяла, пабегла наперад, уперадзе… У нашага суседа Юстына ўтапіўся дарослы сын (перад самай вайной здарылася гэта), а Юстын вярнуўся аднекуль праз дзень, калі ўжо стаяла труна ў хаце: чалавек ідзе па вуліцы, ужо ведае пра сваё гора, да яго ціха падыходзяць i моўчкі ідуць побач людзі, суседзі,— вось так Глаша побач ідзе. А наперадзе ідзе белая дарога, паказвае, куды ісці, дзе тваё гора. Але пры гэтым яна не забывае рабіць усе свае даўнія павароты, нават непатрэбныя — каля даўно перасохлага ўзболатку, каля колішняга (спаліла маланка) калгаснага свірна. I я, як гэтая пакручастая дарога, усе ўцякаю ад думак пра маму, сястрычак, суседзяў, пра вёску — усё нешта пра другое, зусім пра другое…
Мая хата — у самым канцы вёскі, i мы ідзём туды. Успыхваюць ад ветру пагуркі, дзе стаялі хаты, а цяпер грузна бялеюць печы: водбліскі падаюць на мой i на Глашын твар — так адчуваеш чужы пагляд, хоць i не бачыш яшчэ, хто сочыць за табой. Нешта адвечна жаночае ёсць у гэтых знясілена белых, апалых печах.
— Ты што, як рэзаны?!