— Ты што — цыганка? — я вырваў руку i зноў пачаў хаваць яе ў халодным доле. Глаша — нічога не заставалася — усміхнулася мне, а я ёй знізу, i мы заняліся кожны сваім: я сядзеў, прыкуты да зямлі, яна раскладала на лаўцы наш сняданак. Падышла да мяне, выняла з маіх ножнаў нямецкі штык-кінжал i пачала абшкрабаць бульбу, хукаючы на пальцы. Вунь з якога прыску набрала бульбы — адно вуголле! Час ад часу забіраю да сябе сваю руку, боль не адразу, але абавязкова вяртаецца, зноў укручваецца ў локаць, ў галаву, у патыліцу. Кладу далонь на жалеза вінтоўкі — памагае. Прыкладваючы далонь да ўсё новых, яшчэ не нагрэтых частак вінтоўкі, пайшоў на пажарышча, да печы. Боль перайшоў у печ, у яе глыбокі холад. Я трымаўся за гэты холад i разглядваў сваю хату: некалькі пачарнелых вялікіх камянёў на вуглах, жалезны ложак, веласіпедная рама, пагнутае вядро. Была яшчэ швейная машына, гэта добра, што яе не відаць. Вядро маглі не браць, стары веласіпед таксама, а машыну мама абавязкова ўзяла б — галоўнае наша багацце. Мы i да вайны жылі, апраналіся з мамінай машыны, a ў вайну — тым больш.
У печы стаяць чыгункі. У тым, які бліжэй, — чорнае вуголле. Я дастаў другі, там нейкая страва — вымлела ледзь не да дна. Чыгунок яшчэ цёплы, я нясу яго ў далонях, але болю не адчуваю, забыў пра боль. Стаўляю мамін абед на лаўку, дастаю з кішэні лыжку.
Каштую, з'ядаю трохі агорклага крупніку, перадаю лыжку Глашы i бяру з яе рук абшкрэбеную бульбіну. Глаша пакаштавала i ціхенька паклала лыжку.
Паснедалі, Глаша акуратна прыбрала з лаўкі лушпінне. Чыгунок я аднёс i паставіў зноў у печ. Боль вярнуўся ў руку, я ішоў па нашым садзе, шукаючы сярод яблыкаў неабпаленыя, цэлыя, зялёныя. Знайшоў адзін, надкусіў яго i прыклаў да далоні. Зямля ўся ўсыпана чорнымі яблыкамі. Ix столькі, што ідзеш па ix, наступаеш, як на жывое нешта… Вось што бялелася ноччу на плоце — клочча абгарэлай бялізны. Яе тут іскрамі абсыпала ад нашай i Юстынавай хаты. Але чаму яе не забралі з сабой: не змаглі, не паспелі? Трывога зноў працяла мяне халодным потам.
Глаша глядзіць у неба. Так, ужо лятае. Яна заўсёды над намі, калі нам дрэнна, — нямецкая
Калі пасля вайны мне даводзілася лятаць у самалёце, увесь час не пакідала думка: вось так, вось такімі бачыла зямлю, хаты, нас, людзей, тая
З гэтымі словамі звычайна паяўляецца ў маёй кватэры Барыс Бокій, мой былы аспірант, а цяпер таксама кандыдат навук, псіхолаг. Я яго ніколі не бачыў, ведаю толькі голас, поціск тонкай моцнай рукі, жвавы крок, энергічныя, шумныя рухі: ён для мяне нешта чорненькае, бліскучае, вострае. Відаць, хударлявенькі, маленькі брунет з тонкім i вялікім носам,
Партфель у майго Бокія заўсёды набіты кнігамі, часопісамі, пакідае яго ля парогa з такім грукатам, нібы з пляча скідае. I тут жа выкрыквае навіну: апраўдалі яшчэ аднаго каменданта лагера, партрэтамі
— Што ў вас там, Фларыян Пятровіч, зноў?
Усё, што я некалі казаў яму, студэнту i аспіранту, да чаго ён тады пачціва прыслухоўваўся, цяпер вяртае мне, звяраючы з новай i ўсё больш нечаканай рэальнасцю. У іранічнай абгортцы вяртае. Забывае Бокій, што сам цяпер педагог i надта скора можа апынуцца ў маёй ролі. Тону гэтаму, трохі штучнаму, памагае яшчэ i тое, што Барыс забягае да мяне часцей за ўсё па званку Глашы, якая напаўголаса пытае, ці не змог бы ён суправаджаць мяне ў інстытут (калі гадзіны — Глашыны ў школе i мае ў інстытуце — супадаюць). Барыс паяўляецца нібы дзеля таго толькі, каб выкласці мне ўсё, што думае ён пра нас, пра зямлян.
— Слухайце, Фларыян Пятровіч. Мільярд адной глоткай крычыць. Заўважце! Мільярд! Не, не, закрываю дослед, безнадзейна.
— Пацярпі. Гэта праходзіць.