Зусім блізкія да беларусаў — балты. Іх бог грымотнік Пяркунас імчыць па небе ў вогненай калясніцы, запрэжанай белым, чорным і нават чырвоным коньмі. Але ў балтаў быў спецыяльны бог коней Усіньш. Ён едзе на дзевяці конях, або яго конь бяжыць адначасова па дзевяці дарогах. Усіньш вырошчвае і выхоўвае коней, ён сам — конь. Бачачы добрага каня, латышы ці літоўцы ўскрыкваюць: «О, Усіньш!» Дзень ушанавання балцкага бога супадае з нашым днём Святога Юр’я, калі першы раз вясною выганяюць свойскую жывёлу ў поле. У конскага бога ёсць два сыны з чырвонымі галовамі: адзін — пастух, другі — араты. Нездарма Усіньшу ахвяруюць два кавалкі хлеба і невыпадкова стрэхі дамоў упрыгожваюць з двух бакоў конскімі галовамі [28, 67]. Дзеці Усіньша нагадваюць арыйскіх Ашвінаў і грэчаскіх Дыяскураў, што гаворыць пра старажытнасць усіх гэтых вобразаў.
У літоўскіх міфах гаворыцца, што конь створаны з сонца. Сапраўды, Усіньш блізкі да сонца і шануецца як ахоўнік агню. Ён лічыцца сынам нябеснага бога Дыяваса (ад імя якога паходзіць і Зеўс). Усіньша звязваюць з залатой расой, мёдам і півам. Ён адраджаецца кожную вясну і кожны дзень. Відаць, у старажытнасці ён выступаў як бог рання, адпавядаючы егіпецкаму Гору ці славянскаму Хорсу. Ускосна пра гэта нагадвае яго імя, блізкае да латышскага aust, літоўскага austi — «днець», лацінскага austra — «усход». Найбагацей распрацавана міфалогія каня ў антычных грэкаў. Яшчэ даалімпійскі бог Сонца Геліяс імчаў па небе на чацвёрцы вогненых крылатых коней, якія ўвасаблялі чатыры бакі свету ці чатыры пары года. Толькі аднойчы Геліяс даверыў калясніцу свайму сыну Фаэтону, і той не справіўся з упраўленнем, ледзь не пагубіўшы зямлю, калі залішне блізка наблізіўся да яе. Сучасныя вучоныя звязваюць міф з нейкай касмічнай катастрофай, што выпаліла паверхню Зямлі: магчыма, з узрывам планеты Фаэтон, якая размешчалася паміж Марсам і Юпітэрам. Трагедыя сына Сонца прыцягвала многіх мастакоў: Леанарда да Вінчы, Мікельанджала, Цінтарэта, Рубенса, Пусена, у ХХ ст. — Пікасо. А рака Эрыдан, у якую, паводле міфа, упаў забіты маланкай Зеўса Фаэтон, гэта наша беларуская Дзвіна [3, 18].
Паэтычна-трагічны міф аб Фаэтоне нагадвае, што коні — не толькі носьбіты святла, сябры, паплечнікі людзей, — у іх шмат і іншых функцый, у тым ліку сувязь са светам памерлых. У Грэцыі кентаўры (напалову людзі, напалову коні) ігралі ролю настаўнікаў у ініцыяльных саюзах юнакоў, уводзячы апошніх у свет мужнасці і мудрасці. Міф пра кентаўра Хірона, настаўніка Ахіла, парадыгматычны. Але нагадаем, што падчас ініцыяцыі, як правіла, пакутлівай, страшнай, юнак нібы паміраў і, апрытомнеўшы, адчуваў сябе народжаным нанова. Таму конь і быў звязаны з іншасветам: ён — атрыбут падземных багоў або часам нават вобраз, які прынімала душа нябожчыка.
Хтанічныя персанажы нярэдка таксама звязаны з канём. Мядуза, якую перамог герой Персей, на некаторых малюнках прадстаўлялася з конскай галавой і крылатым целам. Ад яе і марскога бога Пасейдона нарадзіўся конь Пегас. Паходжанне Пегаса ад бога Пасейдона даказвае, што ў грэчаскай міфалогіі конь звязаны са стыхіяй вады. Само імя крылатага каня паходзіць ад слова «pegai» — марская вада. А вядома, што марскія божышчы тыпалагічна блізкія да хтанічных.
На Пегасе герой Белерафонт перамог пачварную Хімеру, затым жанчын-ваярак амазонак і паімкнуўся нават падняцца на Алімп. Багі за гэта пакаралі яго вар’яцтвам, а Пегас пачаў вазіць самога Зеўса, прычым конь прыносіў вярхоўніку перуны ды маланкі. У некаторых старажытных пісьменнікаў Пегас лічыўся канём багіні ранішняй зоркі Эас. Вазіў ён на сваёй спіне і дзевяць Муз: багіні мастацтваў любілі Пегаса за тое, што пад ударам яго капыта адкрылася цудоўная крыніца — Гіпакрэна, ад якой атрымалі натхненне многія паэты старажытнай Грэцыі. Вось чаму Пегас пачаў увасабляць творчы парыў і ўвогуле звязаны з паэзіяй.
А вось у суседзяў грэкаў — этрускаў — быў не адзін крылаты конь, а два. Магчыма, з імі і звязаны блізняты Ашвіны або Дыяскуры. Спачатку міфалагічныя коні — самыя гордыя істоты на свеце — былі абсалютна свабодныя: яны насіліся ад небакрая да небакрая, а часам узмывалі і ўвысь. Ды і самі багі — як Сур’я ці Усіньш — часта ператвараліся ў коней. Толькі пазней небажыхары пачалі запрагаць непакорлівых жывёл, прычым не толькі язычніцкія багі, але і хрысціянскія святыя, напрыклад, Георгі Пераможца, які відавочна звязаны з сонечным культам. Святыя і героі заўсёды ездзілі на белых конях, якія сімвалізавалі перамогу ў ярасным баі, можа быць, перамогу і над сабою, сваёй цялеснай прыродай.
Белы конь належыў і славянскаму богу Светавіту, чый храм знаходзіўся ў святым горадзе Арконе на востраве Руген у Балтыйскім моры. Чатырохтвары бог з высокай гары назіраў за чатырма бакамі свету і кожную ноч выязджаў на кані для барацьбы з ворагам — відаць, богам ночы Чарнабогам. З дапамогай боскага каня і гадалі, і прадказвалі будучае.
Архетып касмічнага каня выступае апірышчам народнага светаадчування і невычэрпным вытокам духоўных сіл. Нездарма гэты вобраз так шырока ўвайшоў у фальклор і прыгожае пісьменства.