Хтанічную прыроду каня адзначаюць шматлікія даследчыкі. У казках яна пацвярджаецца праз шматлікія элементы апавядальнай структуры, напрыклад, тое месца, дзе знаходзіць герой багатырскага каня: у гары, у склепе ці пячоры, прыкаванага на дванаццаці ланцугах; часам герою дорыць каня яго памерлы бацька з магілы (успомнім, што скіфаў хавалі разам з коньмі). Вядомы расійскі даследчык фальклору У. Проп звярнуў увагу на тое, што ў некаторых дэталях казка захоўвае больш архаічныя рысы, чым грэчаская рэлігія. У казцы каня дае мярцвяк, у антычнай міфалогіі даруюць коней заўсёды ўжо багі [86, 173]. У. Проп мае на ўвазе, што культ продкаў больш старажытны, чым пантэон. Гэта сапраўды так. Тым і каштоўныя казкі: яны данеслі да нашага часу тыя вераванні, якія яшчэ не склаліся ў застылыя персаніфікацыі, але тым не менш выявіліся ў складанай сістэме сімвалаў. Галоўная наша думка: конь адыгрывае важнейшую ролю ў цыкле смерць — адраджэнне — несмяротнасць. Звычайна даследчыкі прыводзяць некалькі іншую формулу: нараджэнне — смерць — новае нараджэнне. Мы ж акцэнтуем увагу на несмяротнасці — вечнасці. Прычым у прасторы казкі ні адзін з трох названых элементаў не можа быць экстрапаліраваны і разгледжаны ў адрыве ад астатніх — інакш перавернецца сістэма каштоўнасцей. Толькі маючы на ўвазе гэту ўмову, функцыя каня ў якасці салярнай і хтанічнай, трыумфальнай і пахавальнай, божаскай і бясоўскай жывёлы не будзе супярэчыць сама сабе.
Такім чынам, герой атрымоўвае каня з магілы. Вельмі часта конь белы — гэта азначае, што ён страціў цялеснасць (на такім кані ездзіць у Апакаліпсісу сама смерць). І А. Галан, і У. Проп лічаць белага каня душой нябожчыка. Значыць, конь даруецца бацькам, і конь, як можна меркаваць, — сам бацька (яго душа): герой падароджнічае на ўласным бацьку, таму і атрымоўвае ад каня дапамогу (у егіпецкай рэлігіі ад ужо мёртвага Асірыса нараджаецца бог ранішняга сонца Гор) [120, 34–36]. Але прынцып міфалагічнага мыслення абавязкова патрабуе супрацьлеглай якасці-функцыі: конь звязаны не толькі з мінулым, але і з будучым, часта або сам прарочыць, або ўдзельнічае ў прадказаннях. У сербскім эпасе вешчы конь прадказвае смерць свайму гаспадару Марку Кралевічу. У «Аповесці мінулых гадоў» (пад 912 годам) жрэц-вяшчун прадказвае смерць князю Алегу ад каня, і князь вымушаны адмовіцца ад жывёлы-сябра; праз шмат гадоў Алег смяецца над прароцтвам, наступаючы на чэрап свайго каня, але з таго выпаўзае змяя і кусае Алега, ад чаго той памірае (зноў сувязь змяі і каня). З пазнейшай гісторыі вядома, што ў Пскове загінуў конь Івана Грознага, і жорсткі цар, убачыўшы ў гэтым знак-пагрозу ўласнаму жыццю, нават адмовіўся ад пакарання псковічаў. У казках конь заўсёды папярэджвае героя пра небяспеку і дае парады, як дасягнуць жаданага.