Платон у сваім вядомым дыялогу «Цімей» паведамляе, што Дэміург з дзвюх першасутнасцей — нейкіх касмічных рэчываў — склаў нешта кшталту літары Х — касога крыжа. У многіх старажытных арнаментах канцы такога знака закручваліся падобна рогаў барана, напрыклад, у іанічных капітэлях калонаў антычнага архітэктурнага стылю. У хетаў такі ж іерогліф з’яўляўся сімвалам неба. Ён генетычна звязаны з егіпецкім іерогліфам, што азначаў таксама неба, пастаўленае на слупы. Знак барана наверсе калоны — сімвал Сусветнага Дрэва, вяршыня якога падтрымлівае неба. Такім чынам, двухвалютная капітэль іанічнай калоны сімвалічна азначае Неба, або Свет, створаны пад знакам святога барана — Авена.
«У Егіпце лічылі, што вобраз Авена прымае сам бог Сонца Амон. Яго малявалі чалавекам з авечай галавой. У час свята Сонца пад раніцу, калі Авен падымаўся над гарызонтам, з самага старажытнага храма Амона — Карнакскага — выносілі статую боства. Людзі лічылі, што ў гэты дзень яно выказвае сваю волю» [115, 112]. І сёння да храма Карнака падводзіць велічная алея сфінксаў з галовамі баранаў. Увогуле ж, на нашу думку, уся эзатэрыка, звязаная з Авенам, прыйшла ў Грэцыю з Егіпта, спадкаемцы нейкай архаічнай і намнога больш развітай, атлантычнай ці азіяцкай, цывілізацыі. У эпоху егіпецкага Новага Царства Амон-Ра ў вобразе барана атрымаў надзвычай шырокае распаўсюджанне (яно і зразумела, паколькі Сонца ў гэты перыяд падчас веснавога раўнадзенства знаходзілася менавіта ў знаку Авена). Так, адзін толькі фараон Рамсес ІІІ загадаў пабудаваць шэсцьдзесят пяць храмаў у гонар Амона-Ра. Іншыя багі, напрыклад, Хнум, таксама мелі голавы баранаў.
У 332 г. да н. э., калі Аляксандр Македонскі высадзіўся ў Егіпце, аракул Амона абвясціў македонскага цара сынам бога, таму Аляксандр сваёй эмблемай выбраў два рогі барана — як галоўныя атрыбуты Амона. Вось чаму ў Азіі Аляксандра называлі Іскандэр Двурогі [20, 220]. Праўда, рагатыя галаўныя ўборы ўпрыгожвалі шмат якіх багоў, напрыклад, у асірыйцаў менавіта рагатая тыяра з’яўлялася найбольш характэрным божаскім атрыбутам. Семіцкі Ваал-Баал-Бел (адпаведны нашаму Вялесу, або Белабогу) адлюстраваны ў скульптуры з выразнымі рогамі барана [40, 132].
На думку вядомага англійскага даследчыка сербскага паходжання Захарыі Сітчына, слова «амінь» («амен»), што заключае кожнае хрысціянскае маленне, паходзіць ад імені бога Амона [99, 50]. У яго гонар названа і сталіца Іарданіі Аман, і хімічнае рэчыва аміяк, і выкапневыя малюскі аманіты з ракавінай, закручанай быццам баранаў рог, і Амонаў рог — звіліна ў чалавечым мозгу, у якой гняздзіцца памяць.
Паводле многіх старажытных вераванняў, Стварэнне Свету адбылося пасля таго, як Вярхоўная Істота прынесла ў ахвяру нейкую іншую істоту, закалоўшы яе нажом, спаліўшы на вогнішчы ці разрубіўшы на часткі. З частак цела ахвярнай жывёлы і ўтвараўся свет. Архетып гэты надзвычай старажытны і трывалы, занатаваны глыбока ў падсвядомасці; ён заснаваны на аб’ектыўным крузе ператварэнняў рэчыва, калі кожны матэрыяльны аб’ект фактычна ахвяруе сабою дзеля таго, каб рух жыцця не перарываўся: мінералы аддаюць сябе раслінам, расліны — жывёлам, жывёлы — чалавеку, а чалавек, безумоўна, Богу. У гэтым — значэнне вядомай міфалагемы са Старога Запавету, калі Аўраам прыносіць у ахвяру свайго сына Ісаака, хоць непасрэдна на алтары Бог замяняе чалавека на баранчыка. Некаторыя даследчыкі ўпэўнены, што згаданая біблейская прыпавесць і сімвалізуе пачатак эры Авена ў касмічнай гісторыі Зямлі [70, 43].
Незадоўга да нараджэння Хрыста кропка веснавога раўнадзенства перайшла ў сузор’е Рыб, але значэнне Авена, як да таго значэнне Цялка, і звязанай з касмічным знакам рэальнай жывёлы не стала меншым: за тысячу дзвесце шэсцьдзесят год яны трывала ўвайшлі ў гісторыю культуры.
Грэкі яшчэ ў ІІ тыс. да н. э. склалі надзвычай прыгожы міф пра арганаўтаў, што падарожнічалі за Залатым руном. Руно, безумоўна, мае сувязь з сонцам, бо плыць за ім неабходна было да сына Сонца Ээта ў Калхіду (цяперашняя Абхазія), а яна, па словах англійскага даследчыка і пісьменніка Р. Грэйвса, з’яўляецца самай далёкай з вядомых грэкам краін на Усходзе [25, 435]. Тлумачэнне даволі наіўнае: Каўказ меў, відаць, іншы сэнс, пра які сёння мы і не здагадваемся (нездарма на Каўказе быў прыкуты Праметей і да каўказскай гары Арарат прыбіла каўчэг Ноя), а Руно — не толькі Сонца-Авен, сонца, што пачало сабою новую касмічную эру, але і нешта патаемнае і надзвычай каштоўнае: як мы ўжо пісалі, верагодна, руны — свяшчэнныя веды. Магчыма, рунамі былі занатаваны звесткі якраз пра пэўныя касмічныя працэсы, бо можна амаль не сумнявацца, што быкі, на якіх Ясон араў поле, — сімвал папярэдняй касмічнай эры Цялка, а дракон, што сцеражэ Руно, — сузор’е Дракона, размешчанае акурат у цэнтры неба, на полюсе экліптыкі. Верагодна, дракон, што «скруціўся ў тысячу кольцаў», увасабляе тое самае касмічнае кола, па якім рухаецца Сонца і ўся Сонечная сістэма ў сваім прэцэсійным рухе.