У эпоху палеаліту скульптурныя і графічныя адлюстраванні барана на сцянах пячор складаюць прыблізна 7 % ад агульнай колькасці выяўленых жывёл. У гістарычную эпоху вобраз барана ў розных формах найбольш часта сустракаецца ў качавых народаў Еўразіі. Так, адна з самых старажытных архітэктурных формаў, што захавалася і да нашага часу, — юрта — па канструкцыя геніяльна простая і рацыянальная. Але, хоць яе планіроўка ўяўляе сабою адзінае архітэктурна-мастацкае цэлае, яна ўмоўна раздзелена на выразныя функцыянальныя зоны, якія вызначаюць і арганізоўваюць рытм будзённага жыцця людзей. Зоны якраз адпавядаюць дваннацацігадоваму цыклу «жывёльнага календара», або ўсходняму Задыяку. У прыватнасці, зона авечкі — адразу каля ўвахода злева, тут захоўваецца верхняе адзенне.
Юрта — жыллё без вуглоў і фактычна без мэблі, таму важнейшае значэнне ў яе ўбранні маюць дываны, кошмы, посцілкі, Ды і сама юрта зроблена з лямцу, скачанага з поўсці авечак. Адна з самых характэрных рыс ткацтва ў манголаў, казахаў, кіргізаў, іншых народаў Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі, — арнамент у выглядзе стылізаваных рагоў барана [42, 80–86]. Для беларусаў такога кшталту арнамент нехарактэрны, што гаворыць пра мінімальны ўдзел цюркскіх народаў у нашым этнагенезе. Хоць авечка з’явілася на тэрыторыі Беларусі больш за тысячу гадоў таму [127, І, 22].
На самай архаічнай (эпохі неаліту) кераміцы Кітая, дзе і ўзнік жывёльны Задыяк, выявы барана сустракаюцца неаднаразова, але ў пазнейшы час, у эпоху Шан, калі тут выраблялася лепшая ў свеце бронза, баран як дэкаратыўны элемент у посуду з’яўляецца рэдка, намнога часцей — дракон, фенікс, тыгр, алень [84, 68–86].
Алені з золата — найбольш часты вобраз і ў вырабах так званага скіфскага жывёльнага стылю. Але прысутнічаюць у скіфаў сярод шматлікіх прадстаўнікоў фаўны і авечкі. Найбольш яскравыя прыклады — залатыя пектаралі (нагруднае ўпрыгожанне), знойдзеныя ў скіфскіх курганах. Так, у пектаралі, адкапанай у 1868 г. у кургане Вялікая Блізніца на Таманскім паўвостраве, элегантныя козачкі і баранчыкі пасуцца сярод кветак і пальметак, акантаваных двума залатымі скрутамі [32, 11]. Яшчэ больш вытанчаную пектараль знайшлі на Украіне ў царскім кургане Тоўстая Магіла ў 1971 г. Тры ярусы гэтага шэдэўра ювелірнага мастацтва перадаюць міфалагічна-філасофскую мадэль свету. Пасярэдзіне верхняга яруса, што адлюстроўвае жыццё людзей, два мужчыны шыюць са шкуры барана кажух, а побач хлопцы дояць авечак [72, 19–20]. Надзвычай складаная кампазіцыя, выключна-мастацкая па сваёй пластыцы, мае, безумоўна, сімвалічнае, яшчэ не разгаданае, значэнне.
У сучаснай Украіне, для якой характэрна надзвычай багатая па формах і размалёўцы кераміка, шырокай папулярнасцю карыстаецца поліўны посуд у выглядзе тоўсценькіх прысадзістых баранчыкаў. Традыцыя такіх вырабаў ідзе, як даказаў акадэмік Б. Рыбакоў, яшчэ з Трыполля (V—ІV тыс. да н. э.) [94, 154].
У Антычнай Грэцыі на востраве Дэлас, дзе нарадзіліся багі-блізняты Апалон і Артэміда, знаходзіўся велізарны алтар з назвай Кератон, поўнасцю складзены з рогаў баранаў, казлоў, быкоў [20, 218]. Сама назва Кератон неяк суадносіцца са словам «карона». Падобна на тое, што першымі каронамі багоў, а пасля цароў, былі менавіта рогі. У антычным вазапісу і фрэсках Авен прадстаўлены даволі шырока. Так, у разбураным вывяржэннем Везувія (79 г. н. э.) горадзе Геркуланум нядрэнна захавалася фрэска на сюжэт «Фрыкс на залатарунным Авене імкнецца выратаваць сястру Гелу з глыбінь мора» [61, 179]. Менавіта Фрыкс даставіў у Калхіду Залатога Авена, руно якога падараваў цару Ээту.
У касмічную эру Авена авечка, баранчык (асабліва белыя, значыць, найчысцейшыя) — самая жаданая ахвяра для багоў. Таму ў розных міфалагічных сістэмах паступова складваецца аднатыповы вобраз жывёлы, для якой характэрны незласлівасць, рахманасць, безабароннасць, мяккасць, пасіўнасць, цярплівасць, прастата, пяшчота, любоў, ахвярнасць. Найбольш ярка-вобразна гэтыя рысы авечкі ўвасобіў слынны грэчаскі байкапісец Эзоп (VI ст. да н. э.) — сам у юнацтве пастух — у сваіх надзвычай глыбокіх прыпавесцях, напрыклад, «Воўк і ягня».
Праўда, розныя міфалогіі раздзяляюць біялагічны від паводле полавай прыкметы: мужчынскай (баран) і жаночай (авечка). Баран увасабляў сабою плоднасць і сувязь з сонцам, але часам ён надзелены і адмоўнымі рысамі, у прыватнасці, глупствам. Вядомая байка Кандрата Крапівы «Дыпламаваны баран» геніяльная таму, што абапіраецца якраз на міфалагізаваны архетып. У вобразе авечкі падкрэсліваюцца рысы нявіннасці, пяшчоты, безабароннасці (невыпадкова для сатанінскага вопыту сучаснай навукі — кланіравання — была выбрана менавіта авечка). Тыя ж рысы яшчэ больш выразна выяўлены ў маленькім ягняці. «Нявіннае ягня» — часта гавораць пра ціхага, залішне сціплага і пасіўнага чалавека; у апошні час усё часцей гавораць з іроніяй, забываючыся, што ягня (агнец) — сімвал Выратавальніка і Ахвяра выкуплення.