Усё сказанае вышэй не пярэчыць меркаванню аб неабходнасці вывучэння малпаў і іх рэакцый на розныя з’явы, іх спосабы арганізацыі статку, бо гэта дапамагае разабрацца і ў чалавечай свядомасці, у псіхалогіі, скажам, натоўпу. Для навукі ўсе жывёлы і, бясспрэчна, малпы — найкаштоўнейшы аб’ект. Не дзіва, што яны першымі за чалавека ляталі і ў Космас. У ЗША запускалі агідных мух, мышэй і менавіта малпаў, а ў СССР — высакародных сабак. Першым сярод малпаў здзейсніў пазапланетнае падарожжа шымпанзе Хэм, запушчаны амерыканцамі ў 1961 годзе ў ракеце «Меркуры». У 1969 г. малпа Боні пасля палёту на арбіту загінула. І тады кангрэс ЗША забараніў касмічныя эксперыменты з прыматамі. У СССР малпы пачалі лятаць у 1989 г., калі ўжо стала правілам ва ўсім арыентавацца на ЗША («сіндром малпы») — нават калі ў самой Амерыцы з’ява перастала існаваць. Ад шымпанзе ў Савецкім Саюзе адмовіліся, бо яны залішне вялікія і менш устойлівыя да ўздзеяння неспрыяльных фактараў. Таму ляталі толькі макакі-рэзусы; імёны ім давалі па алфавіце, прычым прыдумвалі імёны дзеці супрацоўнікаў расійскага касмадрома Плясецк [81, 3–5].
Сёння ў Новай Зеландыі прыняты закон, які прыроўнівае правы чалавекападобных малпаў да правоў чалавека. Забаронена праводзіць над імі навуковыя эксперыменты, і ў заапарках іх павінны трымаць ў вялікіх вальерах за шклом, а не за кратамі. Здавалася б, такі закон павінен выклікаць толькі іронію. Наадварот. У Англіі, напрыклад, прапанавалі зрабіць закон сусветным і пашырыць яго на ўсіх малпаў. Па вялікаму рахунку, падобнага кшталту закон варта было б распаўсюдзіць на ўсіх без выключэння жывёл: усе іх віды маюць права на абарону, шанаванне і любоў ужо хоць бы таму, што чалавек у ХХ — ХХІ стагоддзях аказаўся намнога мацнейшы за іх, завалодаў планетай, спаганіў яе сваёй індустрыяй і пазбавіў шмат якія істоты іх звыклага асяроддзя. А з другога боку, новазеландская ініцыятыва міжволі прымушае задумацца аб нашым уласным лёсе. Ці не тое ж чакае нас — усіх, хто не мае дачынення да «залатога мільярду»: шмат дэмагагічнай гаворкі пра «правы чалавека», а жыць прыдзецца фактычна, як у заапарку, — толькі без кратаў…
Малпы — цёплалюбівыя істоты, і распаўсюджаны яны галоўным чынам у краінах з трапічным кліматам. У Індыі іх больш за шэсьдзесят мільёнаў — у асноўным макакі-рэзусы. Менавіта малпы як бы помсцяць чалавеку за пашкоджаную ім прыроду. Яны пастаянна псуюць ураджай на палях, у садах ды агародах, рабуюць склады, часта забіраюцца ў жылыя дамы, крадуць рэчы, дробных хатніх жывёл і нават дзяцей. У аповесці-казцы Рэд’ярда Кіплінга «Маўглі» ўсе звяры ў джунглях жывуць у добрай згодзе паміж сабою, акрамя малпаў, — яны супрацьстаяць жывёльнай грамадзе сваім нахабствам і нежаданнем падпарадкоўвацца лясным законам. Але «Маўглі» — твор пра Індыю, створаны заходнім чалавекам. У самой Індыі малпы — свяшчэнныя істоты. Можна меркаваць, што піітэт да жывёл, якія ў бытавым плане наносяць людзям толькі шкоду, абумоўлены велізарнай папулярнасцю ў народзе літаратурнага эпасу «Рамаяна», у якім галоўнаму герою Раму ў пераадоленні ліха і вяртанні любімай жонкі Сіты дапамагаў цар малпаў Сугрыва. Цар даў у памочнікі царэвічу свайго галоўнага дарадчыка і міністра — наймудрэйшага з малпаў Ханумана, сына бога вятроў Ваю. Цікава, што хоць дзеянне «Рамаяны» адбываецца на індыйскай глебе, але напачатку войска малпаў павінна было шукаць Сіту на поўначы. Сугрыва даволі маляўніча апісвае маючы адбыцца паход: спачатку неабходна пераадолець вобласць цемры (рэгіён палярнай ночы), за якою пасярод Акіяна знаходзіцца Царства Святла з залатой гарой Меру пасярэдзіне. Праўда, войска ўсё ж адправілася на поўдзень, бо, як высветлілася, злы дракон Равана аднёс Сіту ў сваю дзяржаву — на востраў Ланкі (цяперашні Цэйлон). Па дарозе да войска малпаў далучыліся і мядзведзі. Прайшоўшы праз усю Індыю, звяры ўсе разам дайшлі да акіяна. Здавалася, пераадолець яго немагчыма. Але аказалася, што Хануман умее лятаць хутчэй за думку. У адно імгненне ён апынуўся на востраве ў садзе Раваны, дзе сумавала Сіта, і паабяцаў ёй хуткае вызваленне. Вырваўшы з карэннямі дрэвы ў садзе, ён, бегаючы па гораду, сваім хвастом паджог усе дамы і знік, перш чым дэманы здолелі нешта зразумець. Урэшце малпы дапамаглі Раму перакінуць каменны мост праз мора да вострава Ланкі (сапраўды існуючы Адамаў Мост) і перамагчы пачвараў [29, 108].
У іншым нацыянальным эпасе Індыі «Махабхараце», які распавядае пра барацьбу за ўладу над краінай двух кланаў стрыечных братоў Каўраваў і Пандаваў, таксама дзейнічае Хануман — ужо як цар малпаў. Прычым ён валодае чароўнай уласцівасцю амаль неабмежавана павялічваць памеры свайго цела. Асаблівасць даволі нечаканая і не сустракаецца ў іншых літаратурных эпапеях ды казках. Хануман дапамог Пандавам, і тыя перамаглі. Хануман (натуральна, яго адлюстраванне) заўсёды дапамагаў і дапамагае ўсім бяздзетным жанчынам Індыі, якія мараць зацяжарыць. Не толькі ў Індыі — і ў іншых краінах малпа сімвалізуе сексуальнасць.