Ва ўсіх народаў Еўропы малпа ў тэорыі сімвалаў яшчэ з эпохі Антычнасці ўвасабляе бессаромнасць, нахабства, зласлівасць, ніжэйшыя інстынкты. На ўсіх творах жывапісу яна паўстае як карыкатура на чалавека і ў той жа час як жывёла. Часта мастакі яе прадстаўлялі з яблыкам у зубах, што сімвалізавала грэхападзенне Адама ды Евы, а пазней у больш гумарыстычным плане як адлюстраванне мастака-эпігона [63, 219–220].
Пошук аналогій у сімвалізму, параўнанні розных нацыянальных традыцый адносна жывёл паглыбляюць сэнсавае напаўненне кожнага з вобразаў ўсходняга задыяку, больш пэўна акрэсліваюць месца той ці іншай жывёлы ў сімвалічнай карціне свету і, бясспрэчна, дабаўляюць нюансы да разумення свядомасці самога чалавека. Сімвалізм кожнай жывёлы адлюстроўвае свет прыхаваных інстынктаў, падсвядомыя глыбіні псіхікі. Мы дазволім сабе выказаць думку, што кожная жывёла — адпаведны пласт, узровень структуры несвядомага ў чалавечым мозгу.
У кітайскай традыцыі малпа — увасабленне знешняй непрыгажосці, махлярства, ніжэйшых сіл, неўсвядомленай актыўнасці [53, 344]. Чаму ж у такім выпадку яна ўключана ў Задыякальнае кола? Можна меркаваць, што ў вобразе — падобна вобразам многіх іншых міфалагічных істот — спалучаюцца два аспекты. З аднаго боку, неўсвядомленая сіла — небяспечная, бо накіравана на разбурэнне, з другога — часам дабратворная, калі нечаканая. Вось чаму ў Кітаі тая ж малпа можа забяспечыць моцнае здароўе, поспех і абарону. Гэтым яна падобная да некаторых славянскіх міфалагічных персанажаў, напрыклад, дамавіка. У цэлым на Усходзе сімволіка гэтай жывёлы супярэчлівая. Яна ўвасабляе як станоўчыя, так і адмоўныя бакі чалавечых паводзін. Інакш кажучы, вобраз амбівалентны.
У Старажытным Егіпце малпаў цанілі: негры з поўдня Нубіі аддавалі магутнай егіпецкай імперыі павіянаў як даніну. Малпам прыпісвалі здольнасць разумець чалавечую гаворку. Дзіўна, што хоць егіпецкі бог Тот звычайна ўяўляўся чалавекападобным з галавой ібіса, на малюнках яго зрэдку можна бачыць і ў выглядзе павіяна, які сядзіць за спіною пісара і назірае за яго работай.
У старажытнамексіканскіх культурах малпа таксама, як ў Кітаі, з’яўлялася каляндарным сімвалам. Лічылася яна богам танца. Характэрна, што ў альмекаў малпа, як і бог Хануман у Індыі, мела адносіны да ветру. У працэсе перыядычных катаклізмаў, пра якія маляўніча распавядалі старажытнамексіканскія міфы, Другая Эра (або эра Ветравога Сонца) завяршылася страшэннымі бурамі і патопам. Людзі той эпохі ператварыліся ў малпаў. На нашу думку, гэта сімвал чалавечай дэградацыі.
Цікава, што беларускае слова «малпа» не мае адпаведнасцей у іншых індаеўрапейскіх мовах, хіба толькі ў англійскай — «аре» [113, І, 584]. Калі выводзіць этымалогію з уласнай мовы і лічыць слова кампазітумам, то тут нельга не ўбачыць марфему «мал» («малы») і марфему «па» («маленькі тата»). Калі ж прыняць версію пра агульнасць паходжання беларускага слова і англійскага, можна зрабіць выснову, што малпа была вядомая яшчэ кельтам, якія ўдзельнічалі ў нашым этнагенезе і, прайшоўшы па Еўропе, спыніліся на Брытанскіх астравах.
Вобраз малпы ў прыгожым пісьменстве не вызначаецца асаблівай разнастайнасцю. Вылучаецца навела нямецкага пісьменніка-казачніка пачатку ХІХ ст. Вільгельма Гаўфа «Малады англічанін», дзе ў гофманскім духу аўтар здзекуецца з буржуазнага пошлага грамадства, для якога ўзорам арыстакратызму і дасканаласці стаў апрануты па-чалавечы арангутанг, прыняты за англічаніна. Вобраз малпы цікавы ў дзіцячай літаратуры: «Таямнічы востраў» Жуль Верна, «Чараўнік Ізумруднага горада» Аляксандра Волкава, «Доктар Айбаліт» Карнея Чукоўскага, «38 папугаяў» Георгія Осцера. Як ужо адзначалася, у маленькіх малпаў і маленькіх дзяцей ёсць нешта падобнае. У беларускай літаратуры жывёла не карыстаецца асаблівай павагай.
Матывы надзвычайнай велічыні малпаў або сяброўства чалавека ды малпы, або эксперыментаў над малпамі актыўна эксплуатуюцца ў сучасным кінамастацтве — дастаткова назваць сусветна вядомых «Тарзана» і «Кінг-Конга», або «Магутнага Джо Янга», або «Планету малпаў», або савецкую выдатнейшую камедыю «Паласаты рэйс». Больш шырока за малпаў у кіно прадстаўлены, бадай што, толькі ваўкі ды сабакі. Яно і справядліва: усё ж сабака, а не малпа дзесяткі тысяч гадоў пражыў побач з чалавекам, дзяліў з ім радасць і гора, сябраваў з ім і дапамагаў яму. Сабаку і большая пашана.
Певень
Певень з’яўляецца адзіным прадстаўніком птушынага царства ва ўсходнім жывёльным календары.