З «малпавай» лініі індыйскіх эпасаў сёння выводзяць розныя тэорыі. Напрыклад, пра паходжанне старажытнай арыйскай цывілізацыі з Поўначы, з легендарнай Гіпербарэі. Вялі суайчыннікаў у Індыю праз Сібір Рама разам з Хануманам. І вось ужо вядомы індыйскі гуру (настаўнік) і рышы (мысляр) Сацья Саі Баба паведамляе расійскім паломнікам пра сваё містычнае бачанне каля вёскі Акунёва Омскай вобласці глыбока пад зямлёю руінаў старажытнага храма Ханумана. Сапраўды, раён вёскі Акунёва незвычайны: увесь час тут назіраюцца таямнічыя свячэнні, слупы святла, шаравыя маланкі. Ясна, што ўсе гэта звязана з глыбіннымі разломамі зямной кары: планета тут скідвае як бы лішак сваёй энергіі. Але чаму месца аказваецца вядомым індыйскаму філосафу і чаму яно тычыцца Ханумана? [90, 357–362].
У Індыі Ханумана называюць «алмазным целам» і звязваюць з ім мастацтва ёгі. Адсюль можна зрабіць выснову, што ў вобразе Ханумана ўвасоблены прадстаўнік нейкай іншай чалавечай расы, іншага віду homo sapiens, які некалі існаваў на Зямлі, і, безумоўна, іншай цывілізацыі — хутчэй за ўсё не тэхнічнай, а біялагічнай, што развівала не прылады працы, а магчымасці самога чалавека (змяненне малекулярнай структуры цела, уменне лятаць, практыка ёгі).
У горадзе Айодхі — адным з сямі свяшчэнных цэнтраў усіх індуістаў, бо тут нарадзіўся Рама, — знаходзіцца і храм пад назвай «Цытадэль Ханумана». Сваімі вежамі і высокімі сцянамі храм сапраўы нагадвае крэпасць. Паводле падання, храм стаіць на месцы палаца, у якім выхоўваўся Рама, а потым жыў разам з Сітай. У храме размешчаны шматлікія скульптуры Рамы, Сіты і Ханумана. Адна са скульптураў апошняга ўпрыгожана агромністым сапфірам. Вакол храма — сапраўдны горад малпаў. Храм, памяшканні і парк вакол яго кожную раніцу акуратна мыюць, але ўжо вечарам усё настолькі забруджана малпамі, што людзям прайсці немагчыма [29, 98].
У Індыі мноства храмаў, вакол якіх жывуць малпы, — і ў гарадах, і ў вёсках. Часта гэта — цэлыя комплексы з палацамі і басейнамі, дзе малпы — адзіныя насельнікі і поўныя гаспадары. Насельніцтва краіны клапоціцца пра жывёл, але малпы ставяцца да людзей непрыязнена — кідаюць у іх арэхамі, каштанамі, палкамі. Дзякуючы Хануману малпы — свяшчэнныя жывёлы. І ўсё ж малпа не шануецца ў той ступені, як карова, якую індусы літаральна абагаўляюць, — не шануецца, бясспрэчна, з-за свайго дрэннага характару і варожасці да чалавека.
Пра паходжанне малпаў розныя народы распавядаюць дзіўныя рэчы. Напрыклад, у народаў Тыбета і ў бушменаў Афрыкі распаўсюджаны легенды пра малпаў як здзічэлых нашчадкаў канібалаў. У афрыканскага народа бамбуці існуе павер’е, што шымпанзе — старажытнае племя людзей, выгнаных іншымі плямёнамі ў лес за свой злосны нораў і здзічэлых там. Ды і розум прыматаў значна перабольшаны. Ім, бясспрэчна, далёка да дэльфінаў, а таксама, на нашу думку, да сланоў.
Тым не менш у фальклоры шмат якіх народаў малпа паўстае разумнай і знаходлівай істотай, напрыклад, у японскай казцы «Печань жывой малпы». Дзіўна, што і ў эфіопскім фальклоры ёсць падобны сюжэт (казка «Малпа і бегемот»), толькі тут для вылечвання марской істоты (у японцаў дачкі дракона, у эфіопаў жонкі бегемота) патрабавалася не печань, а сэрца малпы. А ў індыйскай казцы сэрца малпы павінен прынесці сваёй жонцы дэльфін. Падабенства матываў здзіўляючае. Магчыма, яно звязана якраз з памяццю пра былы канібалізм некаторых груп людзей, якія і ўвасоблены ў вобразе малпы. У згаданых казках сюжэт будуецца на жаданні іншых жывёл з’есці малпу ці яе органы. Яна спачатку паддаецца на падман, але потым усіх нязменна абдурвае. У амхарскіх (эфіопскіх) казках звяртаецца ўвага не толькі на хітрасць малпаў, але і на іх пастаяннае жаданне ўсіх сварыць паміж сабою.
Цэйлонская казка «Малпа і царэвіч Брыдош» сюжэтна поўнасцю адпавядае еўрапейскай «Кот у ботах», толькі прыродныя і бытавыя рэаліі, натуральна, іншыя. Цікава, што такі ж сюжэт ёсць і ў кітайцаў, але там герою дапамагае ліса. Хто ж у каго запазычыў? На нашу думку, дадзены сюжэт, як і папярэдні, узнік у Індыі — сусветным генератары фальклорных матываў.
У храме першага сёгуна (ваеннага уладара Японіі) Такугавы ў горадзе Ніко ўсіх наведвальнікаў нязменна прыцягваюць тры драўляныя скульптуры малпаў з закрытымі вачамі, вушамі і ротам. Яны азначаюць: «Не бачу дрэннага, не чую дрэннага, на гавару пра дрэннае». Спачатку пад гэтымі вобразамі разумеліся разведчыкі, пасланыя багамі, каб атрымаць звесткі пра чалавечыя ўчынкі. У далейшым у Японіі малпа пачала азначаць свядомае ўхіленне ад ліха, мудрую асцярожнасць [43, 52]. У заходняй традыцыі, наадварот, яна ж увасабляе дапытлівасць і балбатлівасць. Праўда, тут адрозніваюць проста малпу і малпу чалавекападобную. Апошняя — свавольніца, ганарліўка, блазан. У хрысціянстве малпа нязменна паўстае ў адмоўным свеце і сімвалізуе хітрасць, пажаднасць, грэх, непрыстойнасць, легкадумнасць, любоў да раскошы, нават д’ябла (паводле аналогіі: антыпод Бога — д’ябал, антыпод чалавека — малпа).