“Мушу некуды паехаць, – сказаў ён сам сабе, – мушу адпачыць, а потым… пабачым…”
Пасля абеду ён паслаў доўгую дэпешу Сузіну ў Маскву.
На другі дзень а першай, калі Вакульскі снедаў, увайшоў лёкай пані Вансоўскае і паведаміў, што пані чакае ў калясцы.
Ён выбег на вуліцу, пані Вансоўская загадала яму сядаць.
– Забіраю пана з сабою, – сказала яна.
– На абед?
– О не. Толькі ў Лазенкі. Бяспечней мне будзе размаўляць з панам пры сведках і на свежым паветры.
Але Вакульскі быў пахмурны і маўчаў.
У Лазенках яны вылезлі з каляскі, мінулі палац і пачалі шпацыраваць прысадамі, што вялі да амфітэатра.
– Пан мусіць вяртацца да людзей, пане Вакульскі, – пачала пані Вансоўская. – Пан мусіць пазбыцца апатыі, бо іначай не атрымае пан салодкае ўзнагароды…
– О! Ажно так…
– Несумненна. Усе дамы заінтрыгаваныя панскімі пакутамі, і я гатова паспрачацца, не адна пажадала б узяць на сябе ролю суцяшальніцы.
– Або пабавіцца маімі гэтак званымі пакутамі, як кот зраненай мышшу?.. Не, пані, не трэба мне гэткія суцяшальніцы, бо я зусім не пакутую, а ўжо менш за ўсё – па віне дам…
– Вось як! – выгукнула пані Вансоўская. – Нехта падумаў бы, што не зваліў пана ўдар дробнага кулачка…
– І слушна падумаў бы, – адказаў Вакульскі. – Калі і збіваў мяне хто з ног, дык, прынамсі, не чароўны пол, а… Ці я ведаю што?.. Можа, лёс.
– Але, як заўсёды, з дапамогаю кабеты…
– Галоўнае, маёй уласнай наіўнасці. Ужо з дзяцінства шукаў я нечага вялікага і нязнанага, а з-за таго, што на кабет глядзеў толькі праз акуляры паэтаў, якія іх залішне ўсхвалялі, дык я і думаў, што кабета – гэта тое вялікае і нязнанае. Я памыліўся, і ў гэтым сакрэт майго часовага замарачэння, якое, зрэшты, дапамагло мне ўзбагаціцца.
Пані Вансоўская спынілася сярод прысадаў.
– Ну, каб пан ведаў, я ўражаная!.. Нядаўна мы бачыліся, а сёння пан ужо паўстае перада мною зусім іншым чалавекам – падобным да старога дзеда, які ігнаруе кабет…
– Гэта не ігнараванне, гэта вынік назіранняў.
– Якіх менавіта?.. – спытала пані Вансоўская.
– Што ёсць гатунак кабет, якія жывуць на свеце толькі дзеля таго, каб хваляваць мужчын і выклікаць у іх жарсць. Гэткім чынам яны з разумных людзей робяць ідыётаў, з сумленных – подлых, а ёлупаў пакідаюць ёлупамі. Вакол іх рой залётнікаў, і дзякуючы гэтаму яны ўздзейнічаюць на нас, нібы гарэмы – на туркаў. Як бачыць пані, дамам няма чаго спачуваць маім пакутам і няма ў іх права бавіцца мною. Гэта да іх кампетэнцыі не належыць.
– І нават адмаўляешся, пан, ад кахання?.. – іранічна спытала Вансоўская.
Вакульскі закіпеў ад гневу.
– Не, пані, – адказаў ён. – Але я маю прыяцеля песіміста, дзякуючы якому ўсвядоміў, што значна выгодней купляць каханне за чатыры тысячы рублёў у год, а вернасць – за пяць тысяч, чым за тое, што мы называем пачуццямі.
– Добрая вернасць! – прашаптала пані Вансоўская.
– Прынамсі, адразу вядома, чаго яна вартая.
Пані Вансоўская падціснула вусны і пайшла да каляскі.
– Пан мусіў бы пачаць прапаведаваць свае новыя погляды.
– Мне, пані, шкада на гэта часу, бо адны іх ніколі не зразумеюць, а іншыя не павераць, пакуль самі не пераканаюцца.
– Дзякуй пану за лекцыю, – азвалася пані Вансоўская праз хвіліну. – Яна зрабіла на мяне гэткае моцнае ўражанне, што я нават не прашу, каб пан завёз мяне дадому… У пана сёння надзвычай кепскі настрой, мяркую, аднак, што гэта міне… Але… але… Вось ліст, – дадала яна, усоўваючы яму ў руку канверт, – няхай пан яго прачытае. Гэта недалікатна з майго боку, але я ведаю, што пан мяне не выдасць, і пастанавіла канчаткова вырашыць непаразуменне паміж панам і Бэлаю. Калі мой намер удасца, дык няхай пан ліст спаліць, а калі не… няхай пан прывязе яго ў вёску…
Яна села ў каляску і пакінула Вакульскага сярод дарогі.
“Да ліха! Няўжо я абразіў яе? – спытаў ён сабе. – А шкада, бо вартая граху!..”
Ён павольна ішоў у бок алеі Уяздоўскае і думаў пра паню Вансоўскую.
“Лухта!.. Я ж не збіраюся прызнавацца, што мяне цягне да яе… А зрэшты, хоць бы і трапіў у добры момант, што я мог бы ёй даць?.. Нават не мог бы сказаць, што кахаю яе”.
Ужо дома Вакульскі разгарнуў ліст панны Ізабэлы.
Варта было зірнуць на дарагі некалі почырк, як бліскавіцаю мільганула крыўда, а пах паперы нагадаў тыя даўнія, вельмі даўнія часы, калі яна яшчэ падахвочвала яго арганізоўваць авацыі Росі.
“Гэта была адна з пацерак таго ружанца, на якім панна Ізабэла адпраўляе набажэнства!..” – падумаў ён з усмешкаю.
Пачаў чытаць.
“Мая дарагая Казя! Мяне ўсё так знудзіла, і гэтак разбягаюцца ў мяне думкі, што толькі сёння наважылася я расказаць табе пра падзеі, якія здарыліся пасля твайго ад’езду.
Я ўжо ведаю, колькі мне адпісала цётка Гартэнзія. Шэсцьдзесят тысяч рублёў. Дык разам маем дзевяноста тысяч, якія пачцівы барон абяцае пакласці пад сем працэнтаў, што дасць каля шасці тысяч гадавых. Нічога не зробіш, трэба навучыцца ашчаднасці.